Выхад 30 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Зрабі таксама ахвярнік з дрэва акацыі дзеля спальвання кадзіла, што мае
 

даўжыню — локаць, і шырыню — локаць, гэта значыць чатырохвугольны, а ў вышыню — два локці; з яго вуглоў павінны выходзіць рогі.
 

І пакрый яго найчысцейшым золатам, як верх яго, так і сцены кругом, і рогі. І зрабі на ім залаты вянок кругом
 

і пад вянком, з двух бакоў, зрабі два кольцы залатыя, каб прасоўваліся ў іх жэрдкі і каб насіць ахвярнік.
 

Самі жэрдкі таксама зрабі з дрэва акацыі і пакрый золатам.
 

І пастаў ахвярнік перад заслонай, якая вісіць перад каўчэгам сведчання, перад перамольняй, якой зачыняецца сведчанне, дзе Я буду з табой сустракацца.
 

І хай Аарон на ім спальвае прыемную пахучую ахвяру раніцай. Хай ён спальвае яе, калі рыхтуе каганцы на асвятленне;
 

а калі Аарон запаліць увечары іх, ён запаліць таксама кадзіла вечнае перад Госпадам у пакаленнях вашых.
 

Не ахвяруйце на ім кадзіла іншага складу, ані цэласпалення, ані перамольную ахвяру, ані ўзліванні не ліце.
 

Штогод Аарон павінен рабіць ачышчэнне над рагамі яго крывёй ахвяры за грэх; і будзе ласка да яго ў пакаленнях вашых: гэта хай будзе святыня святынь для Госпада».
 

І сказаў Госпад Майсею, кажучы:
 

«Калі будзеш рабіць падлік сыноў Ізраэля па колькасці, кожны няхай складзе выкуп перамольнай ахвяры за жыццё сваё Госпаду; і хай не будзе кары на іх, калі будуць перапісвацца.
 

А гэта будзе павінен даць кожны, хто падпадае пад падлік: паўсікля паводле вагі святыні, — а сікль мае дваццаць гераў, — паўсікля на ахвяру Госпаду.
 

А хто знаходзіцца ў ліку тых, каму ад дваццаці гадоў і болей, хай дае ахвяру;
 

багаты хай не дае больш за паўсікля, а ўбогі хай не змяншае нічога, калі складаеце ахвяраванне Госпаду на ачышчэнне душ вашых.
 

І ўзятыя грошы перамольнай ахвяры, што сабраны ад сыноў Ізраэля, дасі на ўжыванне ў палатцы сустрэчы, каб былі памяццю іх перад Госпадам і ўміласціўлялі за душы іх».
 

І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
 

«Зрабі медны таз для абмывання з падножжам медным і памясці яго між палаткай сустрэчы і ахвярнікам. І, наліўшы ў яго вады,
 

Аарон і сыны яго хай абмываюць у ім рукі свае і ногі.
 

Калі пажадаюць увайсці ў палатку сустрэчы, хай абмыюцца ў вадзе, каб не памерці; альбо пажадаюць прыступіць да ахвярніка, каб служыць, каб паліць ахвяру Госпаду,
 

і хай яны абмыюць рукі і ногі, каб не памерці: хай будзе гэта пастановай вечнай яму і патомству яго на ўсе часы».
 

І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
 

«Вазьмі сабе найлепшых духмяных рэчываў, адборнай міры пяцьсот сікляў, палову толькі, гэта значыць дзвесце пяцьдзесят сікляў, пахкай карыцы, таксама дзвесце пяцьдзесят сікляў пахкага трыснягу,
 

пяцьсот сікляў касіі паводле вагі святыні, і адзін гін алею з алівак.
 

І зрабі алей для святога намашчэння; кадзіла састаўное працы майстра складальніка намашчэнняў; хай будзе гэта святы алей для памазання.
 

І памаж ім палатку сустрэчы і каўчэг сведчання,
 

і стол з посудам яго, падсвечнік і прыналежнасці яго, ахвярнік і прылады кадзільныя,
 

і ахвярнік цэласпалення з усім тым, што мае дачыненне да абраду, таз і яго падножжа,
 

і асвяці ўсё, і хай стане яно святым з святых: кожны, хто дакранецца іх, асвяціцца.
 

Памаж таксама Аарона і сыноў яго, і пасвяці іх, каб служылі Мне святарамі.
 

Таксама сынам Ізраэля скажаш: “Гэты святы алей для памазання хай будзе Маім у пакаленнях вашых.
 

Цела чалавека не мажце ім і не рабіце іншага саставу, апрача гэтага, бо ён святы і святым хай будзе вам.
 

А чалавек, які саставіць такі алей і памажа ім чужынца, мае быць выгнаны са свайго народа”».
 

І сказаў Госпад Майсею: «Вазьмі сабе духмянасці: сок міры, і оныху, пахкі гальбан і найчысцейшае кадзіла, і хай будуць яны ў роўнай колькасці.
 

І зрабі змяшанае кадзіла работы складальніка масцяў, у разумнай меры вострае, чыстае і святое.
 

І, калі сатрэш на найдрабнейшы парашок яго часткі, пакладзі яго перад сведчаннем у палатцы сустрэчы, дзе Я буду сустракацца з табой: хай будзе вам кадзіла святое святых.
 

Не рабіце такога саставу на свой ужытак, бо хай ён будзе табе святым перад Госпадам;
 

калі які чалавек зробіць падобнае, каб яго пахам захапляцца, хай будзе выгнаны ён са свайго народа».