Выслоўяў Саламонавых 26 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Як снег улетку, а дажджы ў жніво, так слава непрыстойная для бязглуздага.
Як птушка, што пералятае да іншага, і ластаўка, што пырхае, так не здзейсніцца праклён, што казалі дарэмна.
Бізун для каня, і для асла аброць, а розга — для спіны бязглуздых.
Не адказвай бязглуздаму па яго бязглуздасці, каб ты не стаў да яго падобны;
бязглуздаму адказвай на яго бязглуздасць, каб не здавалася яму, што ён мудры.
Ногі сабе адсякае і робіць шкоду сабе той, хто пасылае вестку з дапамогай бязглуздага.
Як нямоцныя косці ў кульгавага, так прыслоўе — у вуснах бязглуздага.
Як той, хто хавае камень у кучу, — так той, хто аддае пашану нямудраму.
Церні, што растуць у руцэ п’янага, — гэта прыслоўі ў вуснах бязглуздых.
Стралок, які цаляе ва ўсё, — гэта той, хто наймае бязглуздага, і той, хто наймае валацугаў.
Як сабака, які вяртаецца да сваёй ірвоты, — бязглузды, што паўтарае бязглуздасць сваю.
Бачыў ты чалавека, што самому сабе мудрым здаецца? Больш бязглузды будзе спадзявацца на гэта.
Гультай кажа: «Львіца на дарозе, і леў на плошчах».
Верцяцца дзверы на круку сваім, а гультай — у ложку сваім.
Апускае гультай руку ў місу сваю, ды цяжка яму паднесці яе да вуснаў сваіх.
Гультай здаецца сабе мудрэйшым за сем чалавек, што выказваюць меркаванні.
Хапае сабаку, праходзячы міма, за вушы той, хто ўблытваецца ў сварку іншага.
Як шалее той, хто пускае стрэлы і дзіды ў смерць, —
так чалавек, што падманвае сябра свайго і кажа: «Ці не жартам зрабіў я гэта?»
Калі не хапае дроў, тухне агонь; і, калі прагнаны пляткар, сваркі ўціхаюць.
Як вугалі — для жару, а дровы — для агню, так сварлівы чалавек — для таго, каб распаляць сваркі.
Словы паклёпніка — як салодкае, і самі прасочваюцца ўглыб нутра.
Як срэбра, што ўпрыгожвае брудную пасудзіну з гліны, — так пяшчотныя вусны і ліхое сэрца.
За вуснамі сваімі непрыяцель схаваецца, калі ў сэрцы задумвае хітрасці:
не давярай яму, калі змякчае ён голас свой, бо сем агіднасцей — у сэрцы яго;
вераломна затоіць ён нянавісць, а каварства яго выявіцца ў сходцы.
Хто капае яму, той упадзе ў яе; і хто скідвае камень, да таго ён вернецца.
Ілжывы язык не любіць праўду, і вусны няпэўныя рыхтуюць пагібель.