Выслоўяў Саламонавых 22 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Лепш імя добрае, чым вялікае багацце, лепш ласка добрая, чым срэбра і золата.
 

Сустракаюцца багаты і бедны: абодвух іх Творца — Госпад.
 

Разважлівы бачыць ліха і хаваецца; легкаверныя ідуць туды, і ім чыніцца шкода.
 

Узнагарода пакорлівасці — страх Госпадаў, багацце і слава, і жыццё.
 

Калючкі і пасткі на дарозе нясталага; а хто вартаўнік душы сваёй — далёка адыходзіць ад іх.
 

Настаўляй юнака ў пачатку дарогі яго; нават калі састарэе, ён не сыдзе з яе.
 

Багаты распараджаецца беднымі; а хто прымае пазычанае — раб таго, хто пазычае.
 

Хто сее несправядлівасць, той збярэ ліха, і розга гневу яго скончыцца.
 

Будзе дабраславёны той, хто мае добрае вока, бо з хлеба свайго дае беднаму.
 

Прагані насмешніка — і знікне разам з ім сварка; спыняцца спрэчкі і ганьба.
 

Хто любіць чысціню сэрца, той будзе мець сябрам цара з-за ласкі вуснаў сваіх.
 

Вочы Госпадавы берагуць веды, а словы несправядлівага скідваюць.
 

Гультай кажа: «Леў знадворку, прападу я на сярэдзіне вуліцы».
 

Глыбокая яма — вусны жонкі чужой; на каго загневаецца Госпад, той упадзе ў іх.
 

У сэрцы юнака змяшчаецца бязглуздасць, і розга настаўлення прагоніць яе.
 

Ты прыгнятаеш беднага? Сам ён павялічыць сваё багацце. Ты дарыш багацейшаму? Сам збяднееш.
 

Нахілі вуха сваё і слухай словы мудрых; а сэрца сваё прыкладзі да маіх ведаў,
 

бо будуць яны вельмі прыгожыя, калі зберажэш іх у чэраве тваім, і разальюцца яны на вуснах тваіх.
 

Каб была ў Госпадзе надзея твая, я гавару табе сёння аб гэтым.
 

Ці не апісваў я табе гэта заўчора ў намерах і ведах,
 

каб паказаць табе трываласць слоў праўды, каб адказаў ты таму, хто паслаў цябе?
 

Не чыні гвалту беднаму, таму што ён бедны, і не зневажай таго, хто жыве ў галечы,
 

бо Госпад будзе разбіраць справу іх і пазбавіць Ён жыцця рабаўнікоў.
 

Не будзь сябрам чалавеку гняўліваму і не хадзі з чалавекам нястрыманым,
 

каб выпадкова не навучыцца сцежкам яго і не атрымаць спакусы для душы сваёй.
 

Не будзь з тымі, што даюць сваю заруку і што прапануюць сябе паручыцелямі за даўгі.
 

Бо калі не маеш адкуль пакрываць [доўг], то ў чым прычына таго, каб узялі ложак твой з-пад цябе?
 

Не перанось межы старадаўнія, якія вызначылі бацькі твае.
 

Бачыш чалавека, руплівага ў сваёй справе: будзе ён стаяць перад царамі, а не перад людзьмі простымі.