Выслоўяў Саламонавых 24 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Не зайздросці людзям ліхім, не жадай іх таварыства;
 

бо думаюць яны пра гвалт, іх вусны гавораць зласліва.
 

Мудрасцю будзе пабудаваны дом, а разважлівасцю — умацуецца.
 

З ведамі запоўняцца кладоўкі ўсякаю каштоўнаю і найпрыгажэйшаю маёмасцю.
 

Чалавек мудры — моцны, а вучоны чалавек узмацняе моц [сваю].
 

Бо ты будзеш рыхтаваць для сябе вайну ў адпаведнасці з планамі — і будзе перамога, дзе многія парады.
 

Завысокая мудрасць — для бязглуздага, у браме вуснаў сваіх не адчыніць.
 

Хто думае зрабіць ліха, таго назавуць зламыснікам.
 

Думка бязглуздага — грэх, і агіднасць для людзей — паклёпнік.
 

Калі ты ў дзень няшчасця кволы — паменшыцца твая моц.
 

Ратуй тых, каго вядуць на смерць, і затрымай тых, каго цягнуць на пагібель.
 

Ці скажаш: «Я не ведаў гэтага»? Ці ж Той, Хто праглядае сэрца, Сам не разумее? Ведае Той, Хто сочыць за душамі, Ён адплачвае кожнаму за справы яго.
 

Сыне мой, ты ясі мёд, бо ён добры, бо соты — найсаладзейшыя для горла твайго.
 

Так, ведай, ёсць мудрасць для душы тваёй: калі ты знойдзеш яе — будзе ў цябе будучыня і надзея твая не загіне.
 

Не строй падкопы, о нягоднік, дому справядлівага, і не парушай спакою яго.
 

Бо справядлівы сем разоў упадзе і ўзнімецца; а бязбожнікі ўпадуць у ліха.
 

Калі гіне непрыяцель твой — не радуйся; і хай не ўзрадуецца ў пагібелі яго сэрца тваё,
 

каб падчас не ўбачыў Госпад і не спадабаўся ён Яму, і каб не адхіліў Ён гневу Свайго ад яго.
 

Не абурайся на ліхадзеяў і бязбожнікам не зайздросці,
 

бо не будзе будучыні ў ліхога і светач бязбожнікаў патухне.
 

Бойся, сыне мой, Госпада і цара, і не далучайся да тых, хто думае інакш,
 

бо раптам надыдзе пагібель на іх, а пагібель ад іх абаіх хто прадбачыць?
 

І гэта таксама ёсць у мудрых: вылучаць чалавека на судзе — нядобра.
 

Хто кажа бязбожніку: «Ты справядлівы», таго будуць праклінаць народы, таго адхіляць плямёны.
 

А хто выкрывае яго — будзе праслаўлены, і прыйдзе на іх дабраславенне дабра.
 

У вусны цалуе той, хто адказвае вернымі словамі.
 

Рыхтуй справу сваю знадворку і старанна выконвай яе на сваёй ніве, каб потым пабудаваць дом свой.
 

Не будзь сведкам супраць блізкага твайго беспадстаўна і не падманвай нікога вуснамі сваімі.
 

Не кажы: «Як ён мне зрабіў, так і я адплачу чалавеку за справу яго».
 

Праходзіў я праз поле лянівага чалавека і праз вінаграднік чалавека, пазбаўленага розуму:
 

і вось — усё запаланіла крапіва, і цярноўнік пакрыў паверхню яго, і агароджа каменная была разбурана;
 

калі я гэта ўбачыў, захаваў у сэрцы сваім, я ўбачыў — і вывучыў настаўленне:
 

«Крыху паспіш, у меру падрэмлеш, крыху рукі зложыш, каб адпачыць,
 

і прыйдзе да цябе беднасць, як скараход, і галеча — як чалавек узброены».