Быццё 16 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

А Сараі, жонка Абрама, не нарадзіла яму дзяцей, але мела яна нявольніцу егіпцянку на імя Агар.
 

І сказала яна мужу свайму: «Вось, зачыніў Госпад мяне, каб я не нараджала; дык увайдзі да паслугачкі маёй, можа, з яе атрымаю сыноў». І той суцешыўся яе просьбай.
 

І ўзяла яна сваю паслугачку Агар, егіпцянку, і дала яе за жонку мужу свайму Абраму, калі ўжо мінула дзесяць гадоў, як Абрам пасяліўся ў зямлі Ханаан.
 

І ўвайшоў ён да яе. І яна, бачачы, што пачала, стала пагарджаць гаспадыняй сваёй.
 

Тады сказала Сараі Абраму: «Крыўдзіш ты мяне; я табе дала паслугачку сваю на ўлонне тваё, і яна, чуючыся, што пачала, пагарджае мною. Хай Госпад будзе суддзёю між мною і табой».
 

Прамовіў ёй Абрам у адказ: «Вось, паслугачка твая ў руках тваіх, зрабі з ёй, як табе падабаецца». Сараі тады стала прыгнятаць яе, і яна ўцякла ад яе.
 

Калі Анёл Госпадаў знайшоў яе паблізу крыніцы водаў у пустыні, каля крыніцы пры дарозе на Сур,
 

сказаў ёй: «Агар, паслугачка Сараі, адкуль ты ідзеш і куды?» Яна адказала: «Я ўцякаю ад гаспадыні сваёй Сараі».
 

Сказаў ёй Анёл Госпадаў: «Вярніся да гаспадыні сваёй і пакорна падпарадкуйся ёй».
 

І Анёл Госпадаў паведаміў ёй: «Багата размножу нашчадкаў тваіх, і нельга будзе злічыць іх дзеля мноства».
 

І далей сказаў ёй Анёл Госпадаў: «Вось, ты пачала і народзіш сына, і назавеш яго імем Ізмаэль, таму што Госпад пачуе пра гора тваё.
 

Ён будзе чалавекам, падобным да дзікага асла, будзе ён ваяваць супраць усіх і ўсе супраць яго: і будзе ён ставіць палаткі ва ўсіх акругах братоў сваіх».
 

І назвала імя Госпада, Які прамаўляў да яе: «Ты Бог, Які бачыш мяне». І сказала яна: «Напэўна, бачыла я з плячэй Таго, Хто бачыць мяне».
 

Дзеля таго студню гэтую назвалі Бээр-Лахай-Ройa. Яна паміж Кадэсам і Барэдам.
 

І нарадзіла Агар Абраму сына. І Абрам назваў народжанага Агар сына свайго імем Ізмаэль.
 

Абрам меў восемдзесят шэсць гадоў, калі Агар нарадзіла яму Ізмаэля.