Быццё 43 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Тым часам голад страшэнна прыціскаў усю зямлю.
 

Па спажыцці харчоў, якія прывезлі з Егіпта, Якуб сказаў сваім сынам: «Вярніцеся і купіце для нас крыху харчоў».
 

Адказаў Юда: «Заявіў нам чалавек той пад прысягаю: “Не ўбачыце аблічча майго, калі не прывядзеце з сабой наймалодшага брата вашага”.
 

Дык калі згаджаешся паслаць яго з намі, пойдзем адначасна і купім табе неабходнае.
 

Калі не згаджаешся, не пойдзем, бо чалавек той, як часта табе казалі, выразна нам заявіў: “Не ўбачыце аблічча майго без малодшага брата вашага”».
 

І сказаў ім Ізраэль: «Чаму на маю бяду вы гэта зрабілі, што прызналіся яму, паведаміўшы, што вы маеце іншага брата?»
 

А яны адказалі: «Распытваў нас чалавек той пра радню нашую па парадку: ці жывы бацька, ці ёсць у нас брат, — і мы адказвалі яму паслядоўна паводле таго, пра што пытаўся. Ці ж маглі здагадацца, што скажа: “Прывядзіце брата вашага з сабой”?»
 

І сказаў Юда бацьку свайму, Ізраэлю: «Пусці хлопца са мною, каб мы выправіліся і каб маглі жыць, каб не памерлі мы, і ты, і малыя нашыя.
 

Я адказваю за хлопца, з маёй рукі запатрабуй яго. Калі не вярну і не аддам табе яго, буду вінаваты ў граху перад табой назаўсёды.
 

Калі б не было адтэрміноўкі, другі раз ужо, напэўна, схадзілі б».
 

Тады бацька іх, Ізраэль, сказаў ім: «Калі так трэба, рабіце, што хочаце; вазьміце найлепшых пладоў зямлі ў посудах сваіх і занясіце як дары таму чалавеку крыху пахкай жывіцы, мёду, трагаканту і ладану, тэрэбінітавых фісташак і міндальных арэхаў.
 

А грошай вазьміце з сабой удвайне, ды тыя, што знайшлі ў мяшках, занясіце назад, каб часам не было памылкі;
 

таксама вазьміце вашага брата і ідзіце да таго чалавека.
 

Хай Усемагутны Бог мой дасць, каб ён пашкадаваў вас і адпусціў вашага брата, якога трымае, ды і гэтага Бэньяміна. А я, быццам сірата, застануся без дзяцей».
 

І ўзялі яны падарункі, і падвоеныя грошы, і Бэньяміна, і накіраваліся ў Егіпет, і прадсталі перад Язэпам.
 

Калі ён убачыў іх і Бэньяміна разам, загадаў аканому дому свайго, кажучы: «Завядзі людзей у дом, і забі найлепшую жывёліну, і спраў баль, бо будуць яны са мною есці апоўдні».
 

І той зрабіў, што яму было загадана, і ўвёў гэтых людзей у дом Язэпа.
 

Там, напалоханыя, яны казалі адзін аднаму: «Дзеля грошай, якія раней прынеслі мы ў мяхах сваіх, увялі нас, каб напасці раптам на нас, і зрабіць нас гвалтоўна нявольнікамі, і аслоў нашых забраць».
 

Дзеля таго ў самых дзвярах падышлі яны да аканома дому
 

і сказалі: «Просім, гаспадару, паслухай нас. Ужо мы прыходзілі, каб купіць харчоў,
 

І, купіўшы іх, калі прыбылі ў заезд, то адкрылі мяхі свае і знайшлі наверсе мяхоў грошы, якія цяпер у той самай вазе прывезлі назад.
 

Але мы прывезлі таксама срэбра, каб купіць тое, што нам неабходна. Мы не ведаем, хто паклаў срэбра ў нашы мяхі».
 

Але ён адказаў: «Будзьце спакойныя, не бойцеся. Бог ваш і Бог бацькі вашага даў вам скарб у вашы мяхі. Бо грошы, якія далі вы мне, мною пацверджаны». І прывёў да іх Сімяона.
 

І, увёўшы іх у дом, прынёс вады, і яны памылі ногі свае, і даў таксама корм для аслоў іх.
 

А яны падрыхтавалі дары, перш чым прыйшоў Язэп апоўдні. Бо дачуліся, што там будуць палуднаваць.
 

І калі ў дом свой увайшоў Язэп, прынеслі яму дары, трымаючы ў руках сваіх, і пакланіліся яму да зямлі.
 

А ён, ласкава прывітаўшы ў адказ, запытаўся ў іх, кажучы: «Ці здаровы бацька ваш, стары, пра якога расказвалі вы мне? Ці яшчэ жыве?»
 

Яны адказалі: «Здаровы паслугач твой, бацька наш, яшчэ жыве». І яны ўкленчылі, і пакланіліся яму.
 

І, падняўшы вочы свае, Язэп убачыў Бэньяміна, брата свайго, сына сваёй маці, і спытаўся: «Гэта брат ваш малодшы, пра якога гаварылі вы мне?» І сказаў далей: «Хай Бог мае ў ласцы цябе, сын мой».
 

І хуценька выйшаў ён, бо ўзварушылася сэрца яго дзеля брата яго і вырываліся слёзы. І, увайшоўшы ў пакой, ён расплакаўся.
 

Пасля, абмыўшы твар, вярнуўся; і трымаў сябе, і загадаў: «Падайце ежу».
 

І калі падалі ім, асобна Язэпу і асобна братам, і таксама асобна егіпцянам, якія елі разам, — бо недапушчальна егіпцянам есці разам з гебраямі, і гэткі абед лічаць ганебным, —
 

то селі яны перад ім; першародны паводле першародства свайго, а малодшы — паводле ўзросту свайго. І здзіўляліся вельмі,
 

прымаючы порцыі, якія атрымлівалі ад яго; і большая порцыя дасталася Бэньяміну; яна ўпяцёра пераўзыходзіла іншыя порцыі. І пілі яны, і захмялелі разам з ім.