Быццё 17 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

А калі Абрам меў дзевяноста дзевяць гадоў, з’явіўся яму Госпад і сказаў яму: «Я — Бог Усемагутны. Хадзі перада Мной і будзь беззаганны.
 

Я ўсталюю пагадненне Маё паміж Мной і табой, і павялічу цябе вельмі-вельмі».
 

Абрам упаў вобліч.
 

І Бог сказаў яму: «Вось запавет Мой з табой. Ты будзеш бацькам многіх народаў.
 

Не будзеш называцца на імя сваё Абрам, але Абрагам будзе імя тваё. Бо ўстанавіў Я цябе бацькам многіх народаў.
 

Я дам табе разрастацца вельмі хутка, і выведу ад цябе народы, і будуць паходзіць ад цябе цары.
 

І Я заключу запавет Мой паміж Мною і табой, і нашчадкамі тваімі па табе ў пакаленнях іх як вечнае пагадненне, каб Я быў Богам тваім і па табе Богам нашчадкаў тваіх.
 

І Я дам табе і нашчадкам тваім па табе зямлю пілігрымавання твайго, усю зямлю Ханаан на ўласнасць вечную; і Я буду іх Богам».
 

І зноў прамовіў Бог да Абрагама: «Ты, вось, беражы запавет Мой, ты і нашчадкі твае па табе з пакалення ў пакаленне.
 

Гэта вось запавет Мой, які вы будзеце захоўваць, паміж Мной і вамі, і нашчадкамі тваімі па табе. Хай будзе ў вас абрэзаны кожны мужчынскага роду.
 

Вы будзеце абразаць крайнюю часць плоці вашай, каб было гэта на знак пагаднення паміж Мною і вамі.
 

У восьмы дзень ад нараджэння хай будзе абрэзана ў вас дзіця: кожны мужчына ў пакаленнях вашых, як народжаны ў вашым доме, так і куплены кожны чужынец, які не з вашага роду.
 

Мае быць абрэзаны народжаны ў доме тваім і куплены за грошы; вось гэтакі будзе запавет Мой на целе вашым на вечнае пагадненне.
 

Што ж да мужчыны, у якога крайняя плоць яго не будзе абрэзана, — хай будзе знішчана душа тая з народа свайго, бо ён парушыў запавет Мой».
 

І сказаў яшчэ Бог Абрагаму: «Сараі, жонку тваю, не будзеш называць імем яе Сараі, але Сара будзе імя яе.
 

І Я дабраслаўлю яе, і дам з яе табе сына. Я буду дабраслаўляць яе, і пойдуць з яе народы; і з яе паўстануць цары народаў».
 

Абрагам упаў вобліч, і ўсміхнуўся, і падумаў у сэрцы сваім: «Ці ж стогадоваму чалавеку можа нарадзіцца сын? Або дзевяностагадовая Сара ці можа радзіць?»
 

І сказаў Богу: «О, каб хоць Ізмаэль жыў перад абліччам Тваім!»
 

А Бог кажа яму: «Сара, жонка твая, народзіць табе сына, і ты назавеш імя яго Ізаак; і Я ўсталюю запавет Мой з ім як вечнае пагадненне і з нашчадкамі яго па табе.
 

Таксама адносна Ізмаэля Я выслухаў цябе: вось жа, Я буду дабраслаўляць яго, і дам расці, і размножу яго вельмі; ад яго народзяцца дваццаць князёў, і Я зраблю з яго вялікі народ.
 

Але ўсталюю запавет Мой з Ізаакам, якога народзіць табе Сара ў гэты час у наступным годзе».
 

І перастаў з ім гаварыць, і адышоў Бог ад Абрагама.
 

Дык узяў Абрагам Ізмаэля, сына свайго, і ўсіх ураджэнцаў дому свайго, і ўсіх купленых, і ўсіх мужчын з ліку ўсіх людзей дому свайго, і яшчэ таго самага дня абрэзаў крайнюю плоць іх, як загадаў яму Бог.
 

Абрагам меў дзевяноста дзевяць гадоў, калі абразаў плоць цела свайго,
 

а Ізмаэль, сын яго, скончыў трынаццаць гадоў, калі была абрэзана плоць яго.
 

Таго самага дня былі абрэзаны Абрагам і сын яго Ізмаэль,
 

а разам з імі былі абрэзаны ўсе мужчыны дому яго, — як народжаныя ў яго доме, так і купленыя, з чужынцаў.