Быццё 34 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

І выйшла аднойчы Дзіна, дачка, якую нарадзіла Лія Якубу, каб паглядзець на дачок таго краю.
 

А калі яе ўбачыў Сіхэм, сын Гамора Гівея, князя той зямлі, закахаўся ў яе, і выкраў, і спаў з ёй, учыніўшы ёй гвалт.
 

І зраслася душа яго з ёю, пакахаў ён дзяўчыну, і прамаўляў да яе міла.
 

І прасіў ён бацьку свайго Гамора: «Вазьмі гэту дзяўчыну для мяне за жонку!»
 

Калі Якуб пачуў, што Сіхэм зганьбіў яго дачку Дзіну, а сыны яго былі занятыя пры статку на выгане, ён нічога не сказаў, пакуль яны не вярнуліся.
 

І калі Гамор, бацька Сіхэма, выбраўся да Якуба, каб з ім пагаварыць,
 

вось, сыны Якуба вярталіся з поля і, пачуўшы, што здарылася, засмуціліся і ўзлаваліся моцна, бо ганьбу зрабіў Ізраэлю і, згвалтаваўшы дачку Якуба, учыніў недазволенае.
 

А Гамор сказаў ім: «Душа Сіхэма, сына майго, прыгарнулася да дачкі вашай. Дайце яму яе за жонку.
 

Пасваячцеся з намі: дачок вашых выдавайце за нас, а дачок нашых вазьміце сабе.
 

І будзеце жыць разам з намі, зямля будзе для вас. Можаце на ёй жыць, рухацца вольна і купляць зямлю ва ўласнасць».
 

Але Сіхэм сказаў таксама да бацькі і братоў яе: «Атрымаць бы мне толькі вашу згоду, і дам, што запатрабуеце.
 

Прызначце мне хоць бы найбольшы пасаг і дарунак, і я гатовы даць столькі, колькі скажаце. Толькі дайце мне дзяўчыну гэтую за жонку».
 

Сыны Якуба адказвалі Сіхэму і яго бацьку Гамору падступна з прычыны зганьбавання іх сястры:
 

«Не можам мы зрабіць таго, што вы просіце: аддаць сястру нашу за чалавека неабрэзанага, бо гэта было б нам ганьбай.
 

У гэтым зможам мы пагадзіцца з вамі толькі тады, калі вы захочаце быць падобнымі да нас, калі кожны з мужчынскага полу ў вас будзе абрэзаны.
 

Тады толькі аддадзім вам дачок нашых, а дачок вашых будзем браць сабе за жонак, і будзем жыць разам з вамі, і станемся адным народам.
 

Калі не захочаце быць абрэзанымі, возьмем дачку нашу і пойдзем далей».
 

Прапанова іх спадабалася Гамору і Сіхэму, сыну яго,
 

і юнак не адклаў, каб адразу споўніць, што патрабавалася, бо моцна любіў дачку Якуба, а быў ён найбольш паважаны ў цэлым доме бацькі свайго.
 

Дык, увайшоўшы ў браму горада, Гамор і Сіхэм, сын яго, так прамовілі да мужоў свайго горада:
 

«Людзі гэтыя міралюбныя ў адносінах да нас; хай жывуць на гэтай зямлі і вандруюць па ёй; яна прасторная і шырокая для іх. Дачок іх будзем браць за жонак, а нашых ім будзем аддаваць.
 

Пры той, аднак, умове тыя мужы змогуць прыйсці да пагаднення з намі, каб жыць разам і стацца адным народам, калі мы абрэжам нашых мужчын, пераймаючы звычай гэтага народа;
 

тады іх дробная і буйная жывёла і маёмасць будуць нашымі. Давайце толькі пагадзімся на гэта, і яны будуць жыць разам з намі».
 

І згадзіліся ўсе, і абрэзаліся ўсе мужчыны, што выйшлі з брамы горада свайго.
 

І вось, на трэці дзень, калі пакутвалі яны ад вялікага болю, два сыны Якуба, Сімяон і Леві, браты Дзіны, схапіўшы мечы, упэўнена ўварваліся ў горад і вымардавалі ўсіх мужчын.
 

І забілі таксама Гамора і сына яго Сіхэма, і забралі Дзіну, сястру сваю, з дому Сіхэма.
 

Сыны Якуба кінуліся да забітых і абрабавалі горад, каб адпомсціць за ганьбу.
 

Забралі яны дробную і буйную жывёлу іх, і аслоў, ды ўсё, што ў горадзе і на палях было.
 

І ўсю маёмасць, усіх дзяцей і жанчын забралі ў палон, разрабаваўшы ўсё, што было ў дамах.
 

Тады Якуб сказаў Сімяону і Леві: «Устрывожылі вы мяне і зрабілі мяне ненавісным для хананеяў і феразеяў, жыхароў гэтай зямлі. Нас жа нямнога, а яны, сабраўшыся, нападуць на мяне, і буду знішчаны я і дом мой».
 

Яны адказалі: «А ці ж можна паводзіць сябе з сястрою нашай, як з блудніцаю?»