Лікі 17 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
 

«Скажы сынам Ізраэля і вазьмі ад іх па кіі ад кожнага іх пакалення, ад усіх князёў пакаленняў, дванаццаць кіёў, і напішы імя кожнага на яго кіі.
 

А на кіі левітаў напішы імя Аарона, і хай будзе па адным кіі асобна на кожнае пакаленне.
 

І пакладзі іх у палатцы сустрэчы перад каўчэгам сведчання, дзе Я з вамі сустракаюся.
 

Каго з іх Я выберу, хай кій таго закрасуе, і спыню нараканні сыноў Ізраэля, якімі яны наракаюць на вас».
 

І сказаў Майсей сынам Ізраэля, і далі яму ўсе князі кіі ад кожнага пакалення; і было дванаццаць кіёў, і кій Аарона паміж іх.
 

Калі іх паклаў Майсей перад Госпадам у палатцы сустрэчы,
 

на другі дзень, вярнуўшыся, Майсей убачыў, што закрасаваў кій Аарона з пакалення Леві і што выраслі кветкі з набухлых пупышак, якія, закрасаваўшы, ператварыліся ў міндаль.
 

Такім чынам, вынес Майсей ад аблічча Госпада ўсе кіі да ўсіх сыноў Ізраэля; і яны ўбачылі, і кожны ўзяў свой кій.
 

І Госпад сказаў Майсею: «Кій Аарона аднясі назад перад каўчэгам сведчання, каб захаваўся там як знак супраць бунту сыноў Ізраэлевых, і хай спыняць яны нараканні свае на Мяне, каб не загінуць».
 

І Майсей зрабіў, як загадаў Госпад.
 

І сказалі сыны Ізраэля Майсею: «Вось, мы прапалі, мы паміраем, усе паміраем!
 

Хто толькі прыступіцца да скініі Госпада, памірае. Ці ўсе мы да апошняга будзем вынішчаны?»