Лікі 31 разьдзел
Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад П. Татарыновіча
І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
«Адпомсці за сыноў Ізраэля мадыянцам, а потым далучыся да народа свайго».
І зараз жа загадаў Майсей: «Узбройце з асяроддзя свайго мужчын да бою, каб яны маглі выканаць помсту Госпада над мадыянцамі.
Выберыце па тысячы мужчын з кожнага пакалення Ізраэля і пашліце іх на вайну».
І выдзелена было па тысячы з кожнага пакалення, гэта значыць дванаццаць тысяч здатных да бою,
якіх адправіў Майсей з Пінхасам, сынам Элеязэра святара. Даў яму таксама пасудзіны святыя і трубы, каб у трывозе трубіць.
І калі па загадзе Госпада ваявалі яны з мадыянцамі, забілі яны ўсіх мужчын
і цароў іх: Эвія, Рэкема, Сура, Гура, Рэбу, пяць цароў гэтага народа, а таксама Балаама, сына Бэора, забілі мечам;
і ўзялі яны ў палон жанчын іх і дзяцей. І, як здабычу, узялі ўсю жывёлу іх і ўсю маёмасць;
а гарады, пасяленні і лагеры іх спалілі агнём;
і забралі яны здабычу сваю, як людзей, так і жывёлу,
і прывялі яны палонных, здабычу і нарабаванае да Майсея і Элеязэра святара і да ўсёй супольнасці сыноў Ізраэля ў лагер на раўнінах Мааба, над Ярданам, супраць Ерыхона.
Майсей, святар Элеязэр і ўсе князі супольнасці выйшлі з лагера насустрач ім.
І, загневаўшыся на кіраўнікоў войска, на тысячнікаў і сотнікаў, якія вярталіся з вайны, Майсей
казаў ім: «Чаму вы захавалі ўсіх жанчын?
Ці ж не яны за намовай Балаама псавалі сыноў Ізраэля і нявернымі зрабілі вас перад Госпадам праз Пэгора? Таму і знішчаны быў народ Госпадаў.
Дык забіце ўсіх дзяцей мужчынскага полу ды ўсіх жанчын, якія жылі з мужчынамі, знішчыце,
дзяўчат жа і ўсіх жанчын, што не жылі з мужчынамі, пакіньце сабе.
І вы будзьце па-за лагерам сем дзён; хто забіў чалавека або дакрануўся да забітага, мусіць ачысціцца трэцяга і сёмага дня, як вы, так і вашы палонныя.
І ачысціце ўсю здабычу вашу: або адзенне, або штосьці, падрыхтаванае да ўжывання, з казіных шкур і з поўсці, і з драўляных рэчаў».
Таксама сказаў наступнае Элеязэр святар ваярам, якія былі на вайне: «Такое прыказанне закону, што загадаў Госпад Майсею:
золата, срэбра, медзь, жалеза, волава і свінец —
усё, што можа прайсці праз агонь, — хай агнём будзе ачышчана; а што не пераносіць агню, хай будзе асвечана вадой ачышчэння.
Сёмага дня памыеце адзенне ваша, і, ужо ачышчаныя, увойдзеце ў лагер».
Таксама сказаў Госпад Майсею:
«Палічыце ўсё, што здабыта, ад чалавека аж да жывёлы, ты і Элеязэр святар, і кіраўнікі родаў;
і падзеліш здабычу папалам паміж тымі, што ваявалі і выйшлі на вайну, і паміж усёй супольнасцю.
І вылучы частку Госпаду ад тых, што ваявалі і былі на вайне, — адно жывое на пяцьсот, як з людзей, так і з валоў, аслоў і авечак,
і дасі гэта Элеязэру святару як ахвяру Госпаду.
А з паловы сыноў Ізраэля вазьмі адну частку з пяцідзесяці: з людзей, валоў, аслоў і авечак, з усяго жывога, і дасі гэта левітам, якія служаць пры скініі Госпада».
Майсей і святар Элеязэр усё выканалі, як ім загадаў Госпад.
А здабыча, якую ваяры здабылі, налічвала шэсцьсот семдзесят пяць тысяч авечак,
семдзесят дзве тысячы валоў,
шэсцьдзесят адну тысячу аслоў,
а людзей жаночага полу, якія яшчэ не жылі з мужчынамі, было разам трыццаць дзве тысячы.
Палова дадзена была тым, што былі на вайне: трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот авечак,
з якіх Госпаду далі шэсцьсот семдзесят пяць авечак,
трыццаць шэсць тысяч валоў, з чаго Госпаду далі семдзесят два,
аслоў трыццаць тысяч пяцьсот, з іх Госпаду далі семдзесят два.
І шаснаццаць тысяч дзяўчат, з якіх Госпаду далі трыццаць дзве асобы.
Вось жа аддаў Майсей святару Элеязэру дары, прызначаныя ў ахвяру Госпаду, па загадзе, дадзеным Госпадам Майсею.
А з паловы для сыноў Ізраэля, якую Майсей аддзяліў ад часткі тых, хто быў на вайне, ад той паловы, што выпадала на долю супольнасці, гэта значыць:
трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот авечак,
трыццаць шэсць тысяч валоў,
трыццаць тысяч пяцьсот аслоў, і з людзей
шаснаццаць тысяч дзяўчат — узяў Майсей —
адну пяцідзесятую частку з людзей і жывёлы — і аддаў яе левітам, што служаць пры скініі Госпада, як загадаў Госпад.
І, калі прыйшлі да Майсея кіраўнікі войска, тысячнікі і сотнікі,
яны сказалі Майсею: «Мы, паслугачы твае, праверылі лік ваяроў, якіх мы мелі пад сваёй рукой, і высветлілася, што ні адзін не загінуў.
Дзеля гэтае прычыны прыносім мы ў ахвяру Госпаду ўсе знойдзеныя вырабы з золата: нажныя ўпрыгожванні і бранзалеты, пярсцёнкі і завушніцы, і каралі для ачышчэння душ нашых перад Госпадам».
І ўзялі тады Майсей і святар Элеязэр золата і ўсе каштоўнасці;
усяго золата, аддадзенага тысячнікамі і сотнікамі ў ахвяру Госпаду, было шаснаццаць тысяч семсот пяцьдзесят сікляў.
А кожны з ваяроў меў яшчэ свой здабытак.
І Майсей і святар Элеязэр узятае золата занеслі ў палатку сустрэчы як памятны дар сыноў Ізраэля для Госпада.