Ёва 18 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

У адказ сказаў Балдад Сугіт:
 

«Дакуль жа будзеце вы кідаць гэтыя словы? Перш зразумейце, а потым будзем гаварыць.
 

Чаму мы лічым сябе за жывёлу, і чаму мы ў пагардзе перад вамі?
 

Ты, што губіш душу сваю ў гневе сваім, ці ж праз цябе апусцее зямля ды з месца свайго скалы перамесцяцца?
 

Бо святло бязбожніка згасне і не заззяе полымя ад агню яго.
 

Пацямнее святло ў палатцы яго, і свяцільнік, які над ім, згасне.
 

Абмежаваныя будуць крокі моцы яго, і намер яго здрадзіць яму.
 

Ублыталіся ў сетку ногі яго, і ходзіць ён у путах.
 

Пятля трымае нагу яго, і сіло закрываецца над ім.
 

Схаваная на зямлі пастка [для] яго, а сіло [для] яго — на сцежцы.
 

Адусюль палохаюць яго жахі і агортваюць ногі яго.
 

Памяншаецца ад голаду дужасць яго, і загуба падрыхтаваная рэбрам яго.
 

Загуба з’ядае кавалкі скуры яго, а першародны смерці мардуе члены яго.
 

Выдаляецца надзея яго з палаткі яго, і Ты штурхаеш яго да цара жахаў.
 

Ты жывеш у палатцы, якой ужо няма ў яго, у жытле яго рассыпаецца серка.
 

Знізу падсыхаюць карані яго, а зверху вянуць галінкі яго.
 

Памяць аб ім знікне з зямлі, і не будзе ўслаўляцца імя яго на плошчах.
 

Прагоняць яго са святла ў цемру і прагоняць яго са свету.
 

Не будзе ані нашчадка яго, ані пакалення ў народзе яго, і не застанецца нічога ў месцы, дзе ён жыў.
 

У дзень яго аслупянеюць апошнія [нашчадкі], а першых апануе страх.
 

Дык вось што такое прытулкі несправядлівага, і гэткае месца таго, хто не ведае Бога».