Яна 8 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

А Ісус пайшоў на Аліўную гару.
 

А на світанні вярнуўся зноў у святыню, і ўвесь народ падышоў да Яго, і, сеўшы, Ён навучаў іх.
 

Тут прывялі кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, схопленую на чужаложстве, і паставілі яе на сярэдзіне
 

ды кажуць Яму: «Настаўнік, гэтую жанчыну схапілі [толькі што] на чужаложстве.
 

Майсей у законе загадаў нам такіх каменаваць. Дык Ты што скажаш?»
 

Казалі ж гэта, выпрабоўваючы Яго, каб мець магчымасць абвінаваціць Яго. А Ісус, нахіліўшыся, нешта пісаў пальцам на зямлі.
 

Калі, аднак, не пераставалі пытацца ў Яго, падняўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень».
 

І зноў, нахіліўшыся, пісаў на зямлі.
 

Яны ж, пачуўшы гэта, дакараныя ў сумленні, адзін за адным выходзілі, пачынаючы ад старэйшых да апошніх, ды застаўся толькі Ён адзін і жанчына, стоячы на сярэдзіне.
 

Падняўшыся і нікога не ўбачыўшы, акрамя жанчыны, Ісус сказаў ёй: «Жанчына, дзе ж твае абвінаваўцы? Ніхто цябе не асудзіў?»
 

Адказала яна: «Ніхто, Госпадзе». Дык Ісус сказаў ёй: «І Я цябе не асуджаю. Ідзі і болей не грашы».
 

Затым зноў пачаў прамаўляць да іх Ісус, кажучы: «Я святло свету, хто ідзе за Мной, не ходзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця».
 

Дык сказалі Яму фарысеі: «Ты Сам аб Сабе сведчыш; сведчанне Тваё непраўдзівае».
 

Адказаў Ісус і сказаў ім: «Калі нават Я сведчу пра Сябе, праўдзівае сведчанне Маё, бо ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы не ведаеце, адкуль прыходжу і куды іду.
 

Вы судзіце паводле цела, а Я не суджу нікога.
 

А калі Я суджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Айцец, Які Мяне паслаў.
 

Дый у законе вашым напісана, што сведчанне двух людзей праўдзівае.
 

Я Той, Хто Сам аб Сабе сведчыць, і сведчыць пра Мяне Айцец, Які Мяне паслаў».
 

Дык сказалі Яму: «А дзе ж Твой Айцец?» Адказаў Ісус: «Вы ані Мяне не ведаеце, ані Айца Майго; бо калі б вы Мяне ведалі, ведалі б і Айца Майго».
 

Гэтыя словы выказаў Ісус, навучаючы ў святыні пры скарбонцы; і ніхто не ўзяў Яго, бо яшчэ не надышла гадзіна Яго.
 

І зноў сказаў Ісус ім: «Я адыходжу, вы ж шукаць Мяне будзеце і памраце ў граху вашым. Куды Я іду, вы пайсці не можаце».
 

Дык казалі юдэі: «Няўжо Ён заб’е Сам Сябе, што кажа: Куды Я іду, вы не можаце пайсці?»
 

І Ён адказаў ім: «Вы — ад нізу, а Я — з вышыні; вы — з гэтага свету, а Я — не з гэтага свету.
 

Вось чаму Я вам сказаў, што памраце ў вашых грахах; бо, калі не паверыце, што Я ёсць, — памраце ў грахах вашых».
 

Дык казалі Яму: «Хто Ты?» Сказаў ім Ісус: «Той, Хто ад пачатку, менавіта так вам і гавару.
 

Маю пра вас шмат гаварыць і судзіць; але Той, Хто Мяне паслаў, праўдзівы, і Я тое, што ад Яго чуў, абвяшчаю свету».
 

Аднак не зразумелі, што гаварыў Ён ім пра Айца.
 

Сказаў ім тады Ісус: «Калі падымеце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што Я ёсць, ды што Сам ад Сябе нічога не раблю, але тое абвяшчаю, чаму Мяне навучыў Айцец.
 

Той, Хто Мяне паслаў, ёсць са Мной; Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я раблю заўсёды тое, што Яму падабаецца».
 

Калі Ён гэта казаў, многія паверылі ў Яго.
 

Казаў затым Ісус да тых юдэяў, якія ў Яго паверылі: «Калі вы вытрываеце ў слове Маім, станецеся сапраўды Маімі вучнямі
 

і пазнаеце праўду, а праўда вас вызваліць».
 

Адказалі Яму: «Мы — нашчадкі Абрагама, і мы ніколі нікому не служылі. Як жа Ты кажаш: “Будзеце свабодныя”?»
 

Адказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, ёсць нявольнік граху.
 

Але нявольнік не жыве ў доме вечна; Сын жа жыве вечна.
 

Таму, калі Сын вас вызваліць, сапраўды свабоднымі будзеце.
 

Ведаю, што вы — нашчадкі Абрагама; але імкняцеся Мяне забіць, таму што слова Маё не дасягае вас.
 

Я абвяшчаю тое, што Я бачыў у Айца Майго; а вы робіце тое, што вы чулі ад айца вашага».
 

Адказалі яны і сказалі Яму: «Бацька наш Абрагам». Кажа ім Ісус: «Калі б вы былі сыны Абрагама, рабілі б справы Абрагама.
 

А вы імкнецеся цяпер Мяне забіць, Чалавека, Які вам абвяшчаў праўду, якую пачуў ад Бога; гэтага Абрагам не рабіў!
 

Але вы робіце справы бацькі вашага». Сказалі тады Яму: «Мы — не народжаныя ў чужаложстве: аднаго маем Айца — Бога».
 

Сказаў ім Ісус: «Калі б Бог быў вашым Айцом, любілі б вы Мяне; бо Я ад Бога выйшаў і іду, і не Сам ад Сябе прыходжу, але Ён Мяне паслаў.
 

Чаму вы гэта мовы Маёй не разумееце? Бо вы не здольны слухаць словы Мае.
 

Вы ёсць ад бацькі вашага — д’ябла і жаданні бацькі вашага выконваць хочаце. Ён быў забойцам ад пачатку і ў праўдзе не вытрываў, бо няма ў ім праўды. Калі гаворыць хлусню, гаворыць ад сябе, бо ён — хлус і бацька сваёй хлусні.
 

А як Я праўду кажу, не верыце Мне.
 

Хто з вас абвінаваціць Мяне ў граху? Калі Я вам праўду кажу, чаму Мне не верыце?
 

Хто ад Бога, той словы Божыя слухае; а вы таму не слухаеце, што вы не ад Бога».
 

Адказалі юдэі і сказалі Яму: «Ці ж не добра мы кажам, што Ты — самарыцянін і дэмана маеш?»
 

Адказаў Ісус: «Я дэмана не маю, але шаную Айца Майго, а вы Мяне зневажаеце.
 

Я не шукаю Сваёй славы; але ёсць Той, Хто шукае і судзіць.
 

Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі хто зберажэ слова Маё, не ўбачыць смерці вечна».
 

Дык юдэі сказалі Яму: «Цяпер мы пераканаліся, што дэмана маеш. Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: “Калі хто зберажэ слова Маё, не пакаштуе смерці вечна”.
 

Няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр? Нават прарокі паўміралі. Кім Ты Сам Сябе робіш?»
 

Адказаў Ісус: «Калі Я Сам Сябе слаўлю, слава Мая — нішто; ёсць Айцец Мой, Які Мяне славіць, і аб Якім вы кажаце: “Ён — Бог наш!”,
 

але вы не зразумелі Яго. Ды Я Яго ведаю. І, калі б сказаў: “Не ведаю Яго”, быў бы падобным вам хлусам; але ведаю Я Яго і слова Яго захоўваю.
 

Абрагам, бацька ваш, рад быў убачыць дзень Мой, і ўбачыў, і ўсцешыўся».
 

Сказалі Яму юдэі: «Пяцьдзясят гадоў яшчэ не маеш і бачыў Абрагама?»
 

Сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: перш чым Абрагам быў, Я ёсць».
 

Дык юдэі схапілі камяні, каб кідаць у Яго, але Ісус скрыўся і выйшаў са святыні, прайшоўшы між імі, і пайшоў далей.