1 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Вы ж самі ведаеце, браты, што наш прыход да вас не быў дарэмны.
Самі ж ведаеце, браты, прыбыцьцё нашае да вас, бо не бясплодным было.
Хоць раней у Філіпах, як ведаеце, мы зазналі цярпенні і знявагі, аднак адважыліся ў Богу нашым абвяшчаць вам Евангелле Божае ў вялікім змаганні.
Раней, нацярпеўшыся гора, як ведаеце, і зьняваг у Філіппах, надзею сваю ў многіх турботах мелі мы ў Богу нашым, апавяшчаю адважна вам Эвангелію Божую.
Бо навучанне нашае не з памылкі, нячыстасці ці падману,
Напамінаньне наша не выцякае з абману, ані з нячыстасьці, ані з якога подступу,
але як выпрабаваныя Богам дзеля даручэння нам Евангелля, мы абвяшчаем так, каб дагадзіць не людзям, але Богу, які выпрабоўвае нашыя сэрцы.
але як выбраным Богам, як паверана нам Эвангелія, так і навучаем, каб людзям падабацца, але Богу, які знае сэрцы нашы.
Бо, як ведаеце, мы ніколі не былі ні ліслівымі ў словах, ні карыслівымі, Бог сведка.
Ніколі, як ведаеце не былі мы ў навучаньні падлізамі, ані пры ніякай нагодзе хцівымі, Бог сьведка,
Мы не шукалі славы ні ў людзей, ні ў вас, ні ў іншых.
не шукалі таксама ў людзей славы, ані ў вас, і ані ў другіх.
Як Апосталы Хрыста мы маглі б быць цяжарам для вас, але мы сталіся немаўлятамі сярод вас і, як карміліца апякуецца дзецьмі сваімі,
Маглі вам стацца цяжарам як апосталы Хрыстовы, сталі малымі між вас, як быццам маці спагадная дзецям сваім.
так і мы з чуласці да вас пажадалі перадаць вам не толькі Божае Евангелле, але і жыццё сваё, таму што вы сталі для нас умілаванымі.
І так, спагадныя вам, хацелі мы шчыра перадаць вам ня толькі Эвангелію Божую, але і думкі нашы. Сталіся бо вы нам вельмі дарагімі.
Вы памятаеце, браты, працу і намаганні нашыя, калі, працуючы ўначы і ўдзень, каб не абцяжарваць нікога з вас, мы абвяшчалі вам Евангелле Божае.
Памятайце бо, браты, труд наш і турботы, днём і ноччу працуючых, каб падчас каго з вас не абцяжарыць, апавяшчалі вам Эвангелію Божую.
Вы сведкі і Бог, як свята, справядліва і беззаганна мы паводзілі сябе ў дачыненні да вас, веруючых.
Вы сьведкамі і Бог, як сьвята, справядліва і без нараканьня былі для вас, як уверылі.
Вы ж ведаеце, што кожнага з вас, як бацька сваіх дзяцей,
Самі ведаеце, як кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх,
мы заахвочвалі, падбадзёрвалі і пераконвалі паступаць годна Бога, які кліча вас да свайго валадарства і славы.
просячы і пацяшаючы пераконвалі вас жыць дастойна Бога, які паклікаў вас да валадарства свайго і хвалы.
Таму мы таксама няспынна дзякуем Богу, што вы, прыняўшы ад нас пачутае Божае слова, прынялі яго не як чалавечае слова, але, што ёсць на самай справе, як Божае слова, якое і дзейнічае ў вас, веруючых.
Таму і мы бесперапынна дзякуем Богу, бо калі вы прынялі слова Божае, пачутае ад нас, успрынялі яго не як слова людзкое, але як сапраўды яно, як слова Божае, яно дзейнічае ў вас веруючых.
Браты, вы сталі пераймальнікамі Касцёлаў Божых у Юдэі ў Езусе Хрысце, бо і вы нацярпеліся ад землякоў вашых, як і яны ад юдэяў,
Сталі вы, браты, насьлядоўнікамі касьцёлаў Божых, якія знаходзяцца ў Юдэі ў Езусе Хрыстусе, бо і вы нацярпеліся ад землякоў вашых, як і яны ад Юдэяў.
якія і Пана Езуса забілі, і прарокаў, і нас пераследавалі, і Богу не падабаюцца, і ўсім людзям працівяцца.
Яны вось забілі Госпада Езуса і прарокаў і яны нас прасьледвалі, а Богу то не падабаліся, бо працівяцца ўсім людзям,
Якія забараняюць нам прамаўляць да язычнікаў, каб тыя не былі збаўлены. І так увесь час дапаўняюць меру грахоў сваіх. Але прыйшоў нарэшце гнеў Божы на іх.
бароняць нам наварочваць паганаў, каб тыя былі збаўленымі; гэтак дапаўняюць усё мерку грахоў сваіх, але прыйшоў (нарэшце) на канец гнеў Божы на іх.
Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час фізічна, а не сэрцам, вельмі моцна жадаем пабачыцца з вамі.
Мы ж, браты, разлучаны з вамі на кароткі час для вачэй, а не сэрцам, тым мацней, з вялікаю тугою спашаемся пабачыць вас.
Таму неаднойчы хацелі пайсці да вас, асабліва я, Павел, але перашкодзіў нам сатана.
Вось жа хацелі мы пайсьці да вас, асабліва я, Павал, раз і другі, але перашкодзіў нам ліхі.
Бо хто наша надзея, або радасць, або вянок хвалы? Ці ж не вы перад Панам нашым Езусам у час прыйсця Ягонага?
Што ж можа быць нашаю надзеяй, або радасьцю, або вянком славы? Ці ж не вы з'яўляецеся перад Госпадам нашым Езусам Хрыстусам у Яго прыходзе? Вы-наша слава і радасьць.
Вы — нашая хвала і радасць.