1 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Павел, Сілуан і Цімафей да Касцёла тэсаланікійцаў у Богу Айцу і Пану, Езусе Хрысце: ласка вам і спакой.
Павал і Сільван, і Тымафей Тэсалоніцкаму Касьцёлу ў Богу Айцу і Госпаду Езусе Хрыстусе. Ласка Божая вам і супакой.
За ўсіх вас заўсёды дзякуем Богу, згадваючы вас у нашых малітвах,
Дзякуем Богу заўсёды за вас усіх, помнячы пра вас безупынна ў нашых малітвах.
няспынна памятаючы пра вашую справу веры і працу любові, і пра цярплівую надзею на Пана нашага Езуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым,
Помнячы на дзейнасьць веры вашай, на труд, міласьць і трываласьць надзеі ў Госпадзе нашым Езусе Хрыстусе перад Богам і Айцом нашым.
ведаючы, умілаваныя Богам браты, пра выбранне вашае.
Ведаем, дарагія ў Богу браты, выбраньне вашае.
Бо нашае Евангелле не было да вас толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Духу Святым, і з вялікім перакананнем. Вы ведаеце, якімі мы былі для вас, будучы з вамі.
Бо навучаньне (эвангелізацыя) вас не апіралася адно толькі на словах, але на сіле і на дзеяньні Духа Сьвятога ды на намаганьнях многіх, бо ж самі ведаеце, якімі мы былі ў вас для вас.
Вы пачалі наследаваць нас і Пана, прыняўшы слова ў вялікім уціску з радасцю Духа Святога,
А вы сталіся пасьлядоўнікамі нашымі і Езусавамі. Вы прынялі слова з горам вялікім і з радасьцю Духа Сьвятога,
так што сталіся вы ўзорам для ўсіх веруючых у Македоніі і Ахаі.
і так вы сталі ўзорам усім верным у Мацэдоніі і Ахаі.
Дзякуючы вам прагучала слова Пана не толькі ў Македоніі і Ахаі, але і ў кожным месцы распаўсюджвалася вашая вера ў Бога, так што нам няма патрэбы нешта казаць.
Бач, ад вас распаўсюдзілася слова Божае ня толькі на Мацэдонію і Ахаю, але ва ўсякае месца разыйшлася вера ваша ў Бога, так што няма патрэбы гаварыць пра гэта.
Яны самі пра нас сведчаць, якім быў наш прыход да вас і як вы, пакінуўшы ідалаў, звярнуліся да Бога, каб служыць жывому і праўдзіваму Богу
Самі людзі гавораць пра вас, якое прыняцьце мелі мы ў вас, ды як вы навярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служыць жывому Богу,
і чакаць з нябёсаў Сына Ягонага, якога Ён уваскрасіў, — Езуса, які выбаўляе нас ад надыходзячага гневу.
і чакаць Сына Ягонага з неба, якога Ён падняў з умёршых, Езуса, каторы ухаваў (выбавіў) нас ад будучага гневу (Божага).