1 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Павал, і Сілуан, і Цімафей — царкве Тэсалонцаў у Богу Айцу і Госпадзе Ісусе Хрысьце: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 
Павал і Сільван, і Тымафей Тэсалоніцкаму Касьцёлу ў Богу Айцу і Госпаду Езусе Хрыстусе. Ласка Божая вам і супакой.

Дзякуем Богу заўсёды за ўсіх вас, успамінаючы вас у малітвах нашых,
 
Дзякуем Богу заўсёды за вас усіх, помнячы пра вас безупынна ў нашых малітвах.

несупынна памятаючы пра вашыя ўчынкі веры, і працу любові, і непахіснасьць надзеі на Госпада нашага Ісуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым,
 
Помнячы на дзейнасьць веры вашай, на труд, міласьць і трываласьць надзеі ў Госпадзе нашым Езусе Хрыстусе перад Богам і Айцом нашым.

ведаючы, умілаваныя Богам браты, выбраньне вашае.
 
Ведаем, дарагія ў Богу браты, выбраньне вашае.

Бо нашае Эвангельле не было ў вас у слове толькі, але і ў сіле, і ў Сьвятым Духу, і ў шматлікіх пацьверджаньнях, як вы самі ведаеце, якімі былі мы дзеля вас між вамі.
 
Бо навучаньне (эвангелізацыя) вас не апіралася адно толькі на словах, але на сіле і на дзеяньні Духа Сьвятога ды на намаганьнях многіх, бо ж самі ведаеце, якімі мы былі ў вас для вас.

І вы сталіся пераймальнікамі нашымі і Госпада, прыняўшы слова ў вялікім прыгнёце з радасьцю Духа Сьвятога,
 
А вы сталіся пасьлядоўнікамі нашымі і Езусавамі. Вы прынялі слова з горам вялікім і з радасьцю Духа Сьвятога,

так што сталіся вы прыкладам для ўсіх, што вераць, у Македоніі і Ахаі.
 
і так вы сталі ўзорам усім верным у Мацэдоніі і Ахаі.

Бо ад вас разыйшлося слова Госпадава ня толькі ў Македоніі і Ахаі, але і ў-ва ўсякае месца дайшла вера вашая ў Бога, так што ў нас няма патрэбы штосьці гаварыць.
 
Бач, ад вас распаўсюдзілася слова Божае ня толькі на Мацэдонію і Ахаю, але ва ўсякае месца разыйшлася вера ваша ў Бога, так што няма патрэбы гаварыць пра гэта.

Бо яны самі расказваюць пра нас, які ўваход маем мы да вас, і як вы зьвярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служыць Богу жывому і праўдзіваму
 
Самі людзі гавораць пра вас, якое прыняцьце мелі мы ў вас, ды як вы навярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служыць жывому Богу,

і чакаць з неба Сына Ягонага, Якога Ён узьняў з мёртвых, Ісуса, Які выбаўляе нас ад гневу, што надыходзіць.
 
і чакаць Сына Ягонага з неба, якога Ён падняў з умёршых, Езуса, каторы ухаваў (выбавіў) нас ад будучага гневу (Божага).