Да Галятаў 1 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Павал, апостал не ад людзей і не праз чалавека, але праз Ісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,
Павал, апостал не з улады людзей і не праз чалавека, але праз Езуса Хрыстуса і Бога Айца, Які ўскрасіў Яго з умёршых,
і ўсе браты, што са мною, — цэрквам Галятыі:
і ўсе браты, прабываючыя са мною — Касьцёлам Галатыі.
ласка вам і супакой ад Бога Айца і ад Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Ласка вам і супакой ад Бога Айца і ад Госпада нашага Езуса Хрыстуса,
Які аддаў Сябе за грахі нашыя, каб вырваць нас з цяперашняга веку злога паводле волі Бога і Айца нашага,
Каторы аддаў Самога Сябе за грахі нашы, каб вырваць нас з благасьцяў цяперашняга сьвету па волі Бога Айца нашага,
Якому слава на вякі вякоў. Амэн.
Якому хвала на векі вечныя. Аман.
Дзіўлюся, што вы гэтак хутка перакінуліся ад Таго, Які паклікаў вас да ласкі Хрыста, да іншага дабравесьця,
Дзіўлюся, што так хутка перакінуліся вы ад таго, каторы паклікаў вас да ласкі Хрыстовай, у ўншую эвангелію,
якое ня ёсьць іншае, а толькі ёсьць некаторыя, якія вас трывожаць і хочуць перамяніць Эвангельле Хрыстовае.
якая і ня ёсьць іншай, але напэўна знайшліся нейкія, што баламуцяць вас ды хочуць сфальшаваць Эвангелію Хрыстову.
Але калі нават мы ці анёл з неба будзе дабравесьціць вам насуперак таму, што мы дабравесьцілі вам, няхай будзе адлучаны!
I хаця б мы, або анёл з неба апавяшчаў вам нешта іншае, чым тое, што мы апавяшчалі вам, хай будзе асуджаны.
Як раней мы сказалі, і цяпер ізноў кажу: калі хто дабравесьціць вам насуперак таму, што вы прынялі, няхай будзе адлучаны!
Як мы вам казалі раней, і цяпер зноў вам кажу: Калі б хто навучаў вас звыш таго, што атрымалў вы ад нас, хай будзе выключаны.
Бо ці ж я на людзей спадзяюся, ці на Бога? Ці шукаю, каб спадабацца людзям? Бо калі б я яшчэ людзям дагаджаў, дык ня быў бы слугою Хрыста.
Людзям я павінен дагаджаць, ці Богу? Ці я стараюся людям падабацца? Калі б я людям падабаўся, не быў бы слугою Хрыстовым.
Паведамляю ж вам, браты, што Эвангельле, якое я дабравесьціў, ня ёсьць ад чалавека;
Запэўніваю вас, браты, што Эвангелія, якой навучыў я вас, ня ёсьць з волі чалавека,
бо я не праз чалавека прыняў яго і быў навучаны, але праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста.
ані я яе ад чалавека атрымаў або вывучыўся, але праз аб'яўленьне ад Езуса Хрыстуса.
Бо вы чулі пра мой ранейшы лад жыцьця ў Юдэйстве, што я бяз меры перасьледаваў Царкву Божую і нішчыў яе,
Чулі вы пэўне аб паводзінах маіх калісьці ў юдаізьме, як жудасна прасьледваў я Касьцёл Божы і ваяваў з ім,
і апярэджваў у Юдэйстве многіх аднагодкаў у родзе маім, будучы найбольшым рупліўцам традыцыяў бацькоў маіх.
і вылучаўся ў юдаізме паміж аднагодкамі сваімі гэткім чынам, з'яўляючыся заядлым спагаднікам бацькоўскіх традыцыяў сваіх.
Калі ж спадабалася Богу, Які аддзяліў мяне ад улоньня маці маёй і паклікаў ласкай Сваёй,
Калі ж спадабалася Таму, Які выбраў мяне яшчэ ва ўлоньні маці маёй ў паклўкаў ласкай сваёй,
адкрыць у-ва мне Сына Свайго, каб я дабравесьціў Яго сярод паганаў, я адразу не зьвярнуўся да цела і крыві
каб аб'вясьціць (аб'явіць) мне Сына Свайго, і каб я апавяшчаў аб Iм паганьскім народам, ня даў я супачынку целу і крыві
і не ўзыйшоў у Ерусалім да апосталаў, якія былі раней за мяне, але пайшоў у Арабію і зноў вярнуўся ў Дамаск.
і не пайшоў у Ерузалім да сваіх папярэднікаў апосталаў, але накіраваўся ў Арабію і адтуль зноў вярнуўся ў Дамашак.
Пасьля, праз тры гады, я ўзыйшоў у Ерусалім пабачыцца з Пятром і быў у яго пятнаццаць дзён.
Толькі пасьля трох гадоў накіраваўся я ў Ерузалім убачыць Пятра, і прабываў ў яго пятнаццаць дзёнё
А з іншых апосталаў я ня бачыў нікога, акрамя Якуба, брата Госпадавага.
З іншых апосталаў ня бачыў ніводнага, апрача Якуба, брата Госпадавага.
А што пішу вам, вось, перад Богам [сьведчу], што не хлушу.
Што ж пішу вам, то пішу як Богу, бо не лгу.
Пасьля я пайшоў у краіны Сірыі і Кілікіі.
Потым пайшоў я ў край Сірыі і Цыліцыі.
А з аблічча я быў невядомы цэрквам Юдэі, што ў Хрысьце,
З твару ня быў знаны ані касьцёлам Юдэі, якія былі ў Хрыстусе,
а толькі чулі яны, што той, які некалі перасьледаваў іх, цяпер дабравесьціць веру, якую раней нішчыў,
а толькі чулі пра мяне, што той, які калісьці прасьледаваў іх, цяпер навучае веры, якую раней прасьледаваў,
і славілі за мяне Бога.
і з маёй прычыны славілі Бога.