Да Эфэсянаў 1 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Павал, апостал Ісуса Хрыста з волі Божай, — сьвятым, што ў Эфэсе, і верным у Хрысьце Ісусе:
 
Павал, Апостал Езуса Хрыстуса з волі Божай усім святым, якія знаходзяцца ў Эфэзе і верным у Езусе Хрыстусе.

ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 
Ласка вам і мір ад Бога Айца і Госпада нашага Езуса Хрыстуса.

Дабраслаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраславіў нас у Хрысьце ўсякім духоўным дабраслаўленьнем у нябёсах,
 
Праслаўлен Бог і Айцец Госпада нашага Езуса Хрыстуса, які ўдастоіў нас з неба ўсякім багаславенствам духоўным у Хрыстусе,

бо Ён выбраў нас у Ім да стварэньня сьвету, каб быць нам сьвятымі і беззаганнымі перад Ім у любові,
 
які выбраў нас у Ім перад заснаваньнем сьвету, каб мы сталі сьвятымі і беззаганнымі перад Ім у міласьці.

прадвызначыўшы нас на ўсынаўленьне Сабе праз Ісуса Хрыста з упадабаньня волі Сваёй,
 
Ён вызначыў устанавіць нас сябе на дзяцей праз Езуса Хрыстуса па волі рашэньня свайго,

на пахвалу славы ласкі Сваёй, якой абдарыў нас ва Улюбёным,
 
на хвалу велічы ласкі сваёй, якой абдзяліў нас ва ўмілаваным Сваім Сыне.

у Якім маем адкупленьне праз кроў Яго, адпушчэньне грахоў, паводле багацьця ласкі Яго,
 
У Ім маем збаўленьне праз кроў Ягоную, адпушчэньне грахоў па багатасьці ласкі Яго.

якую Ён шчодра зьявіў нам у-ва ўсякай мудрасьці і разуменьні,
 
Яе выліў Ён на нас шчодра ў ва ўсякай мудрасьці і ўмеласьці,

даўшы нам ведаць таямніцу волі Сваёй, паводле ўпадабаньня Свайго, што Ён раней пастанавіў у Сабе,
 
каб выявіць нам таямніцу сваёй волі паводле свайго ўпадабаньня, якое Ён раней запланаваў у Ім (Хрыстусе),

дзеля ўпарадкаваньня поўні часоў, каб усё, што ў небе і што на зямлі, было пад галавою — Хрыстом.
 
каб у паўнаце часу ўсё, што на небе і на зямлі, аб'яднаць у Хрыстусе адным (як Галаве).

У Ім, у Якім і мы сталіся спадкаемцамі, былі мы прадвызначаныя на гэта паводле вызначэньня Таго, Хто ўсё зьдзяйсьняе паводле жаданьня волі Сваёй,
 
У Ім таксама і мы сталі ўдзельнікамі, прадназначанымі рашэньнем Яго, які спраўляе ўсё паводле пастановы волі сваёй,

каб быць нам на пахвалу славы Яго, нам, якія раней спадзяваліся на Хрыста.
 
каб былі мы на славу Велічы Ягонай, якія ўжо раней паклалі надзею ў Хрыстусе (Месіяшы).

У Ім і вы, пачуўшы слова праўды, Эвангельле вашага збаўленьня, і паверыўшы ў Яго, запячатаныя абяцаным Духам Сьвятым,
 
У Ім таксама і вы, якія пачулі слова праўды, Эвангелію збаўленьня вашага і ў Яго ўверыўшы, былі вы пазначаны абяцаным Духам Сьвятым,

Які ёсьць зарука спадчыны нашае на выкупленьне ўдзелу, на пахвалу славы Яго.
 
які ёсьць задаткам насьледніцтва нашага для адкупленьня набытку (уласнасьці) і на славу Ягонай Вялікасьці.

Дзеля гэтага і я, пачуўшы пра вашую веру ў Хрыста Ісуса і пра любоў да ўсіх сьвятых,
 
Дзеля таго і я, чуючы пра вашу веру ў Госпада Езуса і пра міласьць да ўсіх сьвятых,

няспынна дзякую за вас Богу, узгадваючы пра вас у малітвах маіх,
 
не спыняюся дзякаваць Богу за вас, помнячы пра вас у мольбах маіх,

каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасьці і адкрыцьця ў пазнаньні Яго,
 
каб Бог Госпада нашага Езуса Хрыстуса, Айцец хвалы даў вам духа мудрасьці і абяўленьне пазнаць яго добра,

прасьветленыя вочы сэрца вашага, каб вы ўбачылі, якая ёсьць надзея пакліканьня Яго, і якое багацьце славы спадчыны Яго для сьвятых,
 
каб ласкаю асьвяціў вочы сэрца вашага пазнаць, у чым надзея ягонага пакліканьня ды якія багацьці славы насьледніцтва ягонага паміж сьвятых

і якая бязьмерная вялікасьць моцы Яго для нас, якія вераць праз дзеяньне ўладнай магутнасьці Яго,
 
і якая велічэзная сіла мугутнасьці Ягонай адносна нас, веруючых, сіла дзейнасьці Моцы Яго,

якою Ён дзейнічаў у Хрысьце, уваскрасіўшы Яго з мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе ў небе,
 
якую раскрыў у Хрыстусе, ўваскрашаючы Яго з умёршых і садзячы праваруч Сябе ў небе

вышэй за ўсякае начальства, і ўладу, і сілу, і панаваньне, і ўсякае імя, названае ня толькі ў гэтым веку, але і ў будучым,
 
вышэй за ўсякае Князёўства і Уладу, Магутнасьць і Валаданьне і над усякае імя, якое імянуецца ня толькі ў гэтым веку, але таксама і ў будучым.

і ўсё Ён скарыў пад ногі Ягоныя і даў Яго за галаву над усім у Царкве,
 
І ўсё палажыў пад ногі Яму і ўчыніў Яго Галавой над усякім Касьцёлам,

якая ёсьць Цела Ягонае, поўня Таго, Які ўсё ў-ва ўсім напаўняе.
 
які ёсьць Целам Ягоным, паўнатой Таго, які ўсё ва ўсім пранікае.