Марка 11 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Калі наблізіліся да Ерузалема, да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары Аліўнай, Езус паслаў двух сваіх вучняў
 
І калі наблізіся яны да Ерусаліма, да Вітфагіі і Віфаніі, на Аліунай гары, Ён пасылае двух Сваіх вучняў

і сказаў ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі, і адразу, як увойдзеце ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце.
 
І кажа ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі, і адразу, увайшоўшы ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое яшчэ ніхто з людзей не садзіўся; адвяжыце яго і прывядзіце.

А калі хтосьці вам скажа: “Навошта вы гэта робіце?”, скажыце: “Ён патрэбны Пану, і зараз жа адашле зноў яго сюды”».
 
І калі хто вам скажа: «Што гэта вы робіце?», скажьце: «Яно патрэбна Госпаду, і Ён адразу яго адашле зноў сюды».

Яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае каля варот знадворку, на вуліцы, і адвязалі яго.
 
І яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае да варот знадворку на вуліцы, і адвязваюць яго.

Некаторыя з тых, хто стаяў там, казалі ім: «Што вы адвязваеце асляня?»
 
І некаторыя з тых, што там стаялі, казалі ім: «Што вы робіце, адвязваючы асляня?»

А яны адказалі ім, як наказаў Езус. І тыя адпусцілі іх.
 
Яны ж сказалі ім так, як сказаў Ісус, і тыя адпусцілі іх.

Прывялі да Езуса асляня і паклалі на яго свае плашчы, а Ён сеў на яго.
 
І прыводзяць асляня да Ісуса і кладуць на яго сваю вопратку, і Ён сеў на яго.

І многія слалі плашчы свае на дарозе, а іншыя — зялёныя галінкі, зрэзаныя на палях.
 
І многія пасцілалі сваю вопратку на дарогу, а іншыя — галінкі, зрэзаўшы іх у палях.

І тыя, хто ішоў спераду і ззаду, усклікалі: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!
 
І тыя, што шлі перад Ім і ўслед за Ім, усклікалі: «Асанна! Блаславёны той, хто ідзе ў імя Госпада!

Благаслаўлёнае валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць! Гасанна на вышынях!»
 
Блаславёнае царства, што надыходзіць, бацькі нашага Давіда! Асанна ў вышынях!»

Езус увайшоў у Ерузалем, у святыню і, агледзеўшы ўсё, адышоў з Дванаццаццю ў Бэтанію, таму што было ўжо позна.
 
І Ён увайшоў у Ерусалім у святыню і, агледзеўшы ўсё, — час ужо быў позні — выйшаў у Віфанію з Дванаццаццю.

Назаўтра, калі яны выйшлі з Бэтаніі, Ён адчуў голад.
 
І на другі дзень, калі выйшлі яны з Віфаніі, Ён прагаладаўся.

Убачыўшы здалёк смакоўніцу, пакрытую лісцем, падышоў, спадзеючыся знайсці што-небудзь на ёй. Але, падышоўшы да яе, не знайшоў нічога, апроч лісця, бо яшчэ не настала пара на смоквы.
 
І, убачыўшы здалёку фігавае дрэва, на якім было лісце, падышоў: ці не знойдзе чаго на ім, і, прыйшоўшы да яго, нічога не знайшоў, толькі лісце, бо не была пара фігаў.

Тады Езус сказаў ёй: «Няхай ніхто ніколі не есць з цябе плоду». І Ягоныя вучні чулі гэта.
 
І, азваўшыся, Ён сказаў яму: «Няхай больш павек ніхто не есць ад цябе плоду!» І чулі гэта Яго вучні.

Потым прыйшлі ў Ерузалем. Увайшоўшы ў святыню, Ён пачаў выганяць тых, хто гандляваў і купляў у святыні. Папераварочваў сталы мянялаў і лаўкі гандляроў галубамі
 
І прыходзяць яны ў Ерусалім. І, увайшоўшы ў святыню, пачаў Ён выганяць прадаўцоў і пакупцоў у святыні і абярнуў сталы грашаменаў і ўслоны прадаўцоў галубоў.

і не дазваляў нікому праносіць праз святыню якую-небудзь рэч.
 
І не дазваляў, каб хто якое начынне праносіў праз святыню.

Потым вучыў іх, кажучы: «Хіба не напісана: “Дом мой назавецца домам малітвы для ўсіх народаў”? А вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў».
 
І навучаў Ён і казаў ім: «Хіба не напісана: «Мой дом домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў»? Вы ж зрабілі яго «пячораю разбойнікаў».

Пачулі гэта першасвятары і кніжнікі і шукалі магчымасці, як бы загубіць Яго, бо яны баяліся Яго, таму што ўвесь народ дзівіўся вучэнню Ягонаму.
 
І пачулі гэта першасвятары і кніжнікі і шукалі, як бы Яго загубіць, бо яны баяліся Яго, бо ўвесь натоўп дзівіўся Яго навуцы.

Калі настаў вечар, яны выйшлі з горада.
 
І калі надышоў вечар, яны выйшлі за горад.

А калі раніцай вярталіся, убачылі, што смакоўніца высахла аж да кораня.
 
І, праходзячы ўранні, убачылі, што фігавае дрэва засохла ад кораня.

Тады Пётр, успомніўшы, сказаў Езусу: «Раббі, паглядзі, смакоўніца, якую Ты пракляў, высахла».
 
І, успомніўшы, Пятро кажа Яму: «Равві, зірні, фігавае дрэва, якое Ты пракляў, засохла».

Езус сказаў ім у адказ: «Майце веру ў Бога!
 
І ў адказ Ісус кажа ім: «Майце веру ў Бога.

Сапраўды кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: “Падыміся і кінься ў мора”, і не засумняваецца ў сэрцы сваім, але паверыць, што збудзецца сказанае, так яму і будзе.
 
Папраўдзе кажу вам: Хто скажа гэтай гары: «Падыміся і кінься ў мора» і не ўсумніцца ў сваім сэрцы, але будзе верыць, што спраўдзіцца тое, што кажа, — тое будзе яму.

Таму кажу вам: усё, чаго просіце ў малітве, верце, што атрымаеце і будзе вам.
 
Таму кажу вам: аб чым вы моліцеся і просіце, верце, што атрымаеце, — і будзе вам.

І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце супраць каго-небудзь, каб і Айцец ваш, які ў нябёсах, дараваў вам правіны вашыя».
 
І, калі стаіце на малітве, даруйце, як што маеце супроць каго, каб і ваш Бацька, Які ў нябёсах, вам дараваў вашы правіны.

[отсутсвует]
 
[Калі ж вы не даруеце, то і ваш Бацька, Які ў нябёсах, не даруе вашых правінаў.]»

І зноў прыйшлі ў Ерузалем. А калі Ён хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, кніжнікі і старэйшыны
 
І прыходзяць яны зноў у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у святыні, падыходзяць да Яго першасвятары і кніжнікі і старэйшыны.

і пыталіся ў Яго: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто Табе даў гэтую ўладу, каб Ты рабіў гэта?»
 
І казалі Яму: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? Або хто Табе даў гэтую ўладу, каб Ты рабіў гэта?»

Езус адказаў ім: «Спытаю ў вас і Я пра адно. Адкажаце Мне, тады і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю.
 
Ісус жа сказаў ім: «Спытаюся ў вас адно слова і адкажыце мне і скажу Я вам, якою ўладаю раблю гэта;

Янаў хрост быў з неба ці ад людзей? Адкажыце Мне».
 
Іанава хрышчэнне было з неба ці ад людзей? Адкажыце Мне».

Яны разважалі паміж сабою, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, то Ён скажа: “Чаму ж вы не паверылі яму?”»
 
І разважалі яны між сабою, кажучы: Калі мы скажам: «З неба», Ён скажа: «Чаму ж вы не паверылі яму?»

А сказаць: «Ад людзей», баяліся народу, бо ўсе лічылі Яна сапраўдным прарокам,
 
Дык скажам: «Ад людзей»? Яны баяліся натоўпу. Бо ўсе уважалі, што Іаан быў сапраўды прарок.

таму сказалі ў адказ Езусу: «Не ведаем». Тады Езус сказаў ім: «І Я не скажу вам, якой уладай раблю гэта».
 
І ў адказ яны кажуць Ісусу: «Не ведаем», а Ісус кажа ім: «І Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю».