Марка 4 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Езус зноў пачаў навучаць каля мора. І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў у ім на моры, а ўвесь народ быў на беразе каля мора.
І зноў Ён пачаў вучыць край мора і збіраецца да Яго вялізны натоўп, так што Ён, ступіўшы у човен, сядзеў на моры, а ўвесь натоўп быў на зямлі пры моры.
Ён шмат чаму навучаў іх у прыпавесцях і ў сваім павучанні казаў ім:
І Ён вучыў іх многаму праз упадабненні і казаў ім у Сваёй навуцы:
«Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць.
«Слухайце, вось выйшаў сейбіт сеяць.
І калі сеяў, сталася так, што адно зерне ўпала пры дарозе. Прыляцелі птушкі і падзяўблі яго.
І было, калі ён сеяў, упала адно на край дарогі, і наляцелі птушкі і падзяублі яго.
Іншае ўпала на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прарасло, бо зямля была неглыбокая.
А другое ўпала на камяністы грунт, дзе няшмат было зямлі, і адразу паўзыходзіла, бо глеба была неглыбокая;
А калі ўзышло сонца, яно завяла, бо не мела карэння, і засохла.
І калі ўзышло сонца — выгарала і, таму што не мела карэння, засохла.
Іншае ўпала ў церні, і выраслі церні, і заглушылі яго так, што яно не прынесла плёну.
А іншае ўпала ў церні, і ўзняліся церні і заглушылі яго, і плоду яно не дало.
Іншае ўпала на добрую глебу і прынесла плён, які ўзышоў і вырас. І адно ўрадзіла ў трыццаць, другое ў шэсцьдзясят, а іншае ў сто разоў».
А іншыя ўпалі ў добрую зямлю і далі плён, уздымаючыся і ўзрастаючы, і прынеслі і па трыццаці і па шастідзесяці і па ста».
І сказаў: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
І казаў ім: «Хто мае вушы слухаць, няхай слухае!»
А калі застаўся адзін, тыя, хто быў вакол Яго разам з Дванаццаццю, пыталіся ў Яго аб прыпавесці.
І калі Ён астаўся адзін, спыталіся ў Яго тыя, што былі пры ім разам з Дванаццаццю пра ўпадабненні.
І Ён сказаў ім: «Вам дадзена таямніца Божага Валадарства, а для тых, хто звонку, усё адбываецца ў прыпавесцях,
І казаў ім: «Вам дадзена таямніца Божага Царства; тым жа, па-за вамі, усё паўстае ва ўпадабненнях,
каб яны глядзелі і не бачылі,слухалі і не разумелі,каб не навярнулісяі каб не было адпушчана ім».
каб яны гледзячы бачылі, а не ўспрымалі, і слухаючы, чулі, а не разумелі, каб калі не абярнуліся яны, не было даравана ім.
І сказаў ім: «Не разумееце гэтай прыпавесці? А як жа зразумееце ўсе іншыя прыпавесці?
І кажа ім: «Не даўмеліся гэтага ўпадабнення, а як зразумееце ўсе ўпадабненні?
Сейбіт сее слова.
Сейбіт сее слова.
Пасеянае пры дарозе — гэта тыя, у якіх сеецца слова, але як толькі пачуюць яго, адразу прыходзіць сатана і забірае слова, пасеянае ў іх.
Дык вось тыя, што край дарогі, дзе сеецца слова: калі яны пачуюць, адразу прыходзіць сатана і забірае слова, пасеянае у іх.
Пасеянае на камяністых месцах — гэта тыя, хто, як толькі пачуе слова, адразу з радасцю прымае яго,
І гэтак жа пасеяныя на камяністым грунце, яны, калі пачуюць слова, адразу з уцехаю прымаюць яго,
але не мае ў сабе кораня і нясталы. Потым, калі за слова настане ўціск ці пераслед, адразу спакушаюцца.
ды не маюць кораня ў сабе і дачасныя; пасля, калі надыходзіць уціск або ганенне за слова, адразу надломваюцца.
Іншае, пасеянае ў цернях, — гэта тыя, хто чуе слова,
А іншыя, пасеяныя ў церні, гэта тыя, што слухаюць слова,
але турботы свету, зман багацця ды іншыя жаданні ўваходзяць у іх і заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным.
Ды турботы веку і зман багацця ды жаданні чаго-небудзь іншага, уваходзячы, заглушаюць слова, і яно робіцца бясплодным.
А пасеянае на добрай глебе — гэта тыя, хто слухае слова, прымае яго і прыносіць плён: адзін у трыццаць, другі ў шэсцьдзясят, а іншы ў сто разоў».
А вось тыя, пасеяныя ў добрую зямлю: яны слухаюць слова і прымаюць і прыносяць пажытак па трыццаці і па шасцідзесяці і па ста».
І казаў ім: «Ці для таго прыносяць светач, каб паставіць яго пад пасудзіну або пад ложак? Ці ўсё ж для таго, каб паставіць яго на свечніку?
І казаў ім: «Хіба на тое прыносіцца каганец, каб паставіць яго пад пасудзну ці пад ложак? А ці не на тое, каб паставіць на падстаўку?
Бо няма нічога схаванага, што б ні адкрылася, і няма нічога таемнага, што б ні выявілася.
Бо няма нічога схаванага, што не адкрыецца, і нічога тайнага, што не выйдзе на яўнае.
Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае».
І сказаў ім: «Зважайце на тое, што чуеце. Якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана, і яшчэ дададзена будзе вам.
І казаў Ён ім: «Заўважайце, што чуеце; якою мераю вы мерыце, такою будзе адмерана вам і дадзена вам.
Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае».
Бо хто мае, таму будзе дадзена: а хто не мае, і тое, што мае, ад яго забярэцца».
І сказаў: «Так і Валадарства Божае нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю.
І казаў Ён: «Такое Божае Царства: як чалавек, што кіне насенне ў зямлю.
Ён спіць і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, не ведае.
І спіць, і ўстае, ўночы і ўдзень, а насенне ўсходзіць і расце — як, ён сам не ведае.
Бо зямля сама па сабе прыносіць плён: спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе.
Зямля сама з сябе прыносіць плён: спярша рунь, пасля колас, пасля поўнае зерне ў коласе.
Калі ж саспее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво».
Калі ж даспее плод, ён адразу пасылае серп, бо надышло жніво».
І сказаў: «З чым параўнаем Валадарства Божае? Ці ў якой прыпавесці выявім яго?
І казаў Ён: «З чым параўнаем Божае Царства ці праз якое ўпадабненне выявім яго?
Яно як гарчычнае зерне: калі яго сеюць у зямлю, яно найменшае з усяго насення на зямлі.
Яно як гарчычнае зерне, што, калі сеецца ў зямлю, найдрабнейшае з усяго насення на зямлі.
Калі ж пасеяна, узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну, пускае вялікае галлё, так што ў ценю ягоным могуць гняздзіцца нябесныя птушкі».
А калі пасеянае ўздымаецца і робіцца большым за ўсю агародніну і пускае вялікія галіны, так што пад яго ценем могуць гняздацца птушкі нябесныя».
У многіх такіх прыпавесцях прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі слухаць.
І праз многія такія ўпадабненні казаў ім слова, наколькі яны маглі слухаць:
І без прыпавесці не казаў ім, а сваім вучням сам-насам тлумачыў усё.
А без упадабнення не казаў ім, а Сваім вучням на адзіноце ўсё растлумачваў.
У той дзень, калі настаў вечар, Езус сказаў сваім вучням: «Пераправімся на другі бераг».
І казаў ім у той дзень, калі надышоў вечар: «Пераедзьма на той бок».
І, адпусціўшы людзей, яны забралі Яго з сабою, так як быў, у човен; таксама былі з Ім іншыя чаўны.
І яны, адпусціўшы натоўп, бяруць Яго з сабою так, як быў, у чоўне; ды іншыя чоўны былі з Ім.
І ўзнялася вялікая бура. Хвалі так залівалі човен, што ён ужо напаўняўся вадою.
І ўзнімаецца моцны вецер-віхор і хвалі білі ў човен, так што човен ўжо напаўняўся.
А Езус спаў на карме на ўзгалоўі. Пабудзілі Яго і сказалі Яму: «Настаўнік, не хвалюе Цябе, што мы гінем?»
А Ён быў на карме, сплючы на падушцы. І будзяць Яго і кажуць Яму: «Настаўніку, няўжо Цябе не абыходзіць, што мы гінем?»
Устаўшы, Ён загадаў ветру і сказаў мору: «Змоўкні, супакойся!» Тады вецер сціх, і настала вялікая ціша.
І, прачнуўшыся, Ён пагразіў ветру і сказаў мору: «Маўчы, суцішся!» І суняўся вецер і настала вялікая ціша.
А ім сказаў: «Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?»
І сказаў Ён ім: «Што вы такія баязлівыя? Чаму веры не маеце?»
Яны напоўніліся вялікім страхам і гаварылі паміж сабой: «Хто ж Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?»
І яны настрашыліся страхам вялікім і казалі адзін аднаму: «Хто ж гэта Ён, што і вецер і мора слухаюцца Яго?»