Марка 2 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Праз некалькі дзён Езус зноў прыйшоў у Кафарнаум, і разышлася вестка, што Ён у доме.
 
І праз некалькі дзён Ён зноў прыйшоў у Капернаум, і пачулі, што Ён дома.

Адразу сабралася столькі народу, што ўжо не было месца каля дзвярэй. І Ён прамаўляў да іх.
 
І сабралася іх шмат, так што не ўмяшчаліся ўжо і пры дзвярах, і Ён казаў ім слова.

Прыйшлі да Яго чацвёра, якія неслі паралізаванага.
 
І прыйшлі да Яго са спаралізаваным, якога няслі чацвёра.

Не змогшы прынесці яго да Езуса праз натоўп, разабралі страху, дзе Ён быў, і праз адтуліну спусцілі насілкі, на якіх ляжаў паралізаваны.
 
А таму, што не маглі падступіцца да Яго з-за натоўпу, яны раскрылі дах там, дзе Ён быу, і, пракапаўшы, спускаюць ложа, на якім ляжаў спаралізаваны.

Убачыўшы іх веру, Езус сказаў паралізаванаму: «Сыне, адпускаюцца твае грахі».
 
І, убачыўшы іх веру, Ісус кажа спаралізаванаму: «Сыне, адпускаюцца твае грахі».

Там жа сядзелі некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх:
 
Сядзелі ж там некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах свайх:

«Чаму Ён так кажа? Ён блюзнерыць! Хто можа адпускаць грахі, калі не сам Бог?»
 
«Што Ён гэтак кажа? Зневажае Бога! Хто можа адпускаць грахі, апроч аднаго Бога?»

Езус, адразу пазнаўшы духам сваім, што яны так разважаюць, сказаў ім: «Чаму так разважаеце ў сэрцах вашых?
 
І Ісус, адразу ўведаўшы духам Сваім, што яны так разважаюць сабе, сказаў ім: «Што гэта вы разважаеце у сэрцах сваіх?

Што лягчэй? Сказаць паралізаванаму: “Адпускаюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі?”
 
Што лягчэй: сказаць спаралізаванаму: «Адпускаюцца твае грахі» ці сказаць: «Устань і вазьмі сваё ложа і хадзі»?

Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу адпускаць грахі». І сказаў паралізаванаму:
 
Але каб вы ведалі што Чалавечы Сын мае ўладу адпускаць грахі на зямлі — кажа Ён спаралізаванаму:

«Табе кажу: устань, вазьмі насілкі свае ды ідзі да дому свайго».
 
«Табе кажу: Устань, вазьмі сваё ложа і ідзі ў свой дом!»

Той адразу ж устаў і, узяўшы насілкі, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Ніколі мы такога не бачылі!»
 
І той устаў і, адразу ўзяўшы ложа, выйшаў перад усімі, так што ўсе здзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Ніколі такога мы не бачылі!»

Езус зноў выйшаў да мора. Усе людзі прыходзілі да Яго, а Ён навучаў іх.
 
І Ён зноў выйшаў да мора; і ўвесь натоўп прыходзіў да Яго, і Ён вучыў іх.

Праходзячы, Ён убачыў Левія, сына Алфея, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». Той устаў і пайшоў за Ім.
 
І, праходзячы, убачыў Ён Левія Алфеевага, які сядзеў ля мытні, і кажа яму: «Ідзі ўслед за Мною!» І той, устаўшы, пайшоў услед за Ім.

Калі Езус быў за сталом у доме ягоным, шмат мытнікаў і грэшнікаў было разам з Ім і вучнямі Ягонымі, бо шмат было тых, хто ішоў за Ім.
 
І вось Ён узлягае ў сваім доме, і шмат мытнікаў і грэшнікаў узляглі з Ісусам і Яго вучнямі: бо было іх шмат, і яны ішлі ўслед за Ім.

Кніжнікі з ліку фарысеяў, убачыўшы, што Ён есць з грэшнікамі і мытнікамі, казалі вучням Ягоным: «Чаму Ён есць з мытнікамі і грэшнікамі?»
 
І кніжнікі з фарысеяў, убачыўшы, што Ён есць з грэшнікамі і мытнікамі, казалі Яго вучням: «Чаго Ён есць з мытнікамі і грэшнікамі?»

Пачуўшы гэта, Езус сказаў ім: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым; Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў».
 
І, пачуўшы, Ісус кажа ім: «Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя. Я прыйшоў паклікаць не праведных, а грэшных».

Вучні Янавы і фарысеі пасцілі. Яны прыйшлі і сказалі Яму: «Чаму вучні Янавы і фарысеяў посцяць, а Твае вучні не посцяць?»
 
А вучні Іаанавы і фарысеі пасцілі і прыходзяць яны і кажуць Яму: «Чаму Іаанавы вучні ды фарысеі посцяць, а Твае вучні не посцяць?»

Езус адказаў ім: «Ці могуць пасціць госці на вяселлі, калі з імі жаніх? Пакуль жаніх з імі, не могуць пасціць.
 
І сказаў ім Ісус: «Хіба могуць сыны шлюбнага пакою пасціць, калі з імі Малады? Дакуль яны маюць з сабою Маладога, не могуць пасціць.

Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, і тады будуць пасціць у той дзень.
 
Але прыйдуць дні калі будзе ўзяты ад іх Малады і тады, у той дзень, будуць яны пасціць.

Ніхто не прышывае латы з нябеленага палатна да старой вопраткі, бо новая лата адарвецца ад старога, і дзіра робіцца яшчэ горшай.
 
Ніхто не прышывае латкі з новай тканіны да старога адзення, бо прышытае яго разарве: новае разарве старое, і дзірка будзе горшая,

І ніхто не налівае маладое віно ў старыя мяхі. Інакш віно парве мяхі, і прападуць віно і мяхі. Але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі».
 
і ніхто не ўлівае маладое віно ў старыя бурдзюкі, а то віно прарве бурдзюкі, і віно прападзе і бурдзюкі; а віно маладое уліваюць у новыя бурдзюкі».

Аднойчы ў шабат, калі Езус праходзіў праз пасевы, вучні Ягоныя пачалі па дарозе зрываць каласы.
 
І надарылася Яму ў суботу праходзіць збажыною, і Яго вучні пачалі дарогаю рваць калоссе.

Тады сказалі Яму фарысеі: «Глядзі, чаму яны робяць у шабат тое, што не дазволена?»
 
І фарысеі казалі Яму: «Паглядзі, чаму робяць у суботу яны, чаго нельга?»

Ён адказаў ім: «Вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся ён і тыя, хто быў з ім?
 
І Ён кажа ім: «Ці вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і быў сам галодны і тыя, што былі з ім?

Як увайшоў у дом Божы ў часы першасвятара Абіятара і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці нікому, акрамя святароў, і даў тым, хто быў з ім?»
 
Як ён увайшоў у Божы дом пры Авіяфары-першасвятары і з’еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці нікому, апроч святароў, і даў таксама тым, што былі з ім?»

І сказаў ім: «Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату.
 
І Ён казаў ім: субота для чалавека паўстала, а не чалавек для суботы;

Таму Сын Чалавечы — гаспадар шабату».
 
Так што Чалавечы Сын гаспадар і суботы.