Марка 2 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Праз некалькі дзён Езус зноў прыйшоў у Кафарнаум, і разышлася вестка, што Ён у доме.
 
Праз колькі дзён Ён прыйшоў у Капернаум і стала вядома, што Ён у доме.

Адразу сабралася столькі народу, што ўжо не было месца каля дзвярэй. І Ён прамаўляў да іх.
 
Адразу сабраліся многія, так што ўжо і за дзьвярыма ня было месца, і Ён казаў ім слова.

Прыйшлі да Яго чацвёра, якія неслі паралізаванага.
 
І прыйшлі да Яго з паралізаваным, якога несьлі чацьвёра:

Не змогшы прынесці яго да Езуса праз натоўп, разабралі страху, дзе Ён быў, і праз адтуліну спусцілі насілкі, на якіх ляжаў паралізаваны.
 
і, ня маючы як падысьці да Яго празь людзей, разабралі дах дома, дзе Ён быў і, пракапаўшыся, апусьцілі пасьцель, на якой ляжаў паралізаваны.

Убачыўшы іх веру, Езус сказаў паралізаванаму: «Сыне, адпускаюцца твае грахі».
 
Ісус, як убачыў веру іхнюю, кажа пралізаванаму: дзіця! даруюцца табе грахі твае.

Там жа сядзелі некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх:
 
Тут сядзелі некаторыя кніжнікі і разважалі ў сэрцах сваіх:

«Чаму Ён так кажа? Ён блюзнерыць! Хто можа адпускаць грахі, калі не сам Бог?»
 
Чаго Ён так блюзьнерыць? хто можа дараваць грахі, акрамя аднаго Бога?

Езус, адразу пазнаўшы духам сваім, што яны так разважаюць, сказаў ім: «Чаму так разважаеце ў сэрцах вашых?
 
Ісус, адразу пазнаўшы духам Сваім, што яны так разважаюць самі ў сабе, сказаў ім: навошта вы так разважаеце ў сэрцах вашых?

Што лягчэй? Сказаць паралізаванаму: “Адпускаюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі?”
 
што лягчэй? альбо сказаць паралізаванаму: «даруюцца табе грахі?» альбо сказаць: «устань, вазьмі сваю пасьцель і хадзі?»,

Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу адпускаць грахі». І сказаў паралізаванаму:
 
але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — кажа паралізаванаму:

«Табе кажу: устань, вазьмі насілкі свае ды ідзі да дому свайго».
 
табе кажу: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой.

Той адразу ж устаў і, узяўшы насілкі, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Ніколі мы такога не бачылі!»
 
Той адразу ўстаў і, узяўшы пасьцель, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзіву даваліся і славілі Бога, кажучы: ніколі нічога такога мы ня бачылі.

Езус зноў выйшаў да мора. Усе людзі прыходзілі да Яго, а Ён навучаў іх.
 
І выйшаў Ісус зноў да мора; і ўсе людзі пайшлі да Яго, і Ён вучыў іх.

Праходзячы, Ён убачыў Левія, сына Алфея, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». Той устаў і пайшоў за Ім.
 
Праходзячы, убачыў Ён Лявія Алфеевага, які сядзеў каля мытні, і кажа яму: ідзі за Мною. І той, устаўшы, пайшоў за Ім.

Калі Езус быў за сталом у доме ягоным, шмат мытнікаў і грэшнікаў было разам з Ім і вучнямі Ягонымі, бо шмат было тых, хто ішоў за Ім.
 
І калі Ісус узьляжаў у доме ягоным, узьляжалі зь Ім і вучні Ягоныя і многія мытнікі і грэшнікі; бо шмат іх было, і яны ішлі сьледам за Ім.

Кніжнікі з ліку фарысеяў, убачыўшы, што Ён есць з грэшнікамі і мытнікамі, казалі вучням Ягоным: «Чаму Ён есць з мытнікамі і грэшнікамі?»
 
Кніжнікі і фарысэі, убачыўшы, што Ён есьць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Ягоным: як гэта Ён есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?

Пачуўшы гэта, Езус сказаў ім: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым; Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў».
 
Пачуўшы, Ісус кажа ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя; Я прыйшоў заклікаць ня праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.

Вучні Янавы і фарысеі пасцілі. Яны прыйшлі і сказалі Яму: «Чаму вучні Янавы і фарысеяў посцяць, а Твае вучні не посцяць?»
 
Вучні Янавыя і фарысэйскія пасьцілі. Прыходзяць да Яго і кажуць: чаму вучні Янавыя і фарысэйскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?

Езус адказаў ім: «Ці могуць пасціць госці на вяселлі, калі з імі жаніх? Пакуль жаніх з імі, не могуць пасціць.
 
І сказаў ім Ісус: ці могуць пасьціць сыны харомаў шлюбных, калі зь імі малады? Пакуль зь імі малады, ня могуць пасьціць;

Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, і тады будуць пасціць у той дзень.
 
але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціць у тыя дні.

Ніхто не прышывае латы з нябеленага палатна да старой вопраткі, бо новая лата адарвецца ад старога, і дзіра робіцца яшчэ горшай.
 
Ніхто да старое адзежыны ня прышывае латкі зь нябеленага палатна: інакш зноў прышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая.

І ніхто не налівае маладое віно ў старыя мяхі. Інакш віно парве мяхі, і прападуць віно і мяхі. Але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі».
 
Ніхто ня ўлівае віна маладога ў мяхі старыя: інакш маладое віно парве мяхі, і віно выцеча, і мяхі прападуць; а віно маладое трэба ўліваць у мяхі новыя.

Аднойчы ў шабат, калі Езус праходзіў праз пасевы, вучні Ягоныя пачалі па дарозе зрываць каласы.
 
І давялося Яму ў суботу праходзіць засеянымі палямі, і вучні Ягоныя дарогаю пачалі зрываць калосьсе.

Тады сказалі Яму фарысеі: «Глядзі, чаму яны робяць у шабат тое, што не дазволена?»
 
І фарысэі сказалі Яму: глядзі, што яны робяць у суботу, чаго нельга рабіць.

Ён адказаў ім: «Вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся ён і тыя, хто быў з ім?
 
Ён сказаў ім: няўжо вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся сам і тыя, што былі зь ім?

Як увайшоў у дом Божы ў часы першасвятара Абіятара і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці нікому, акрамя святароў, і даў тым, хто быў з ім?»
 
Як увайшоў ён у дом Божы пры першасьвятары Авіятары і еў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці нікому акрамя сьвятароў, і даў тым, што былі зь ім?

І сказаў ім: «Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату.
 
І сказаў ім: субота дзеля чалавека, а не чалавек дзеля суботы;

Таму Сын Чалавечы — гаспадар шабату».
 
таму Сын Чалавечы ёсьць гаспадар і суботы.