Марка 5 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
І прыбылі на другі бераг мора ў край геразенаў.
Прыйшлі на другі бераг мора, у краіну Гадарынскую.
А калі Езус выйшаў з чоўна, Яму адразу насустрач выйшаў чалавек з магільных пячор, апанаваны нячыстым духам,
І калі выйшаў Ён з лодкі, адразу сустрэў Яго чалавек, які выйшаў з магілаў, апанаваны нячыстым духам;
які жыў у магільных пячорах. Ніхто не мог звязаць яго нават ланцугом,
у яго было жытло ў магілах, і ніхто ня мог зьвязаць яго нават ланцугамі;
бо часта яго звязвалі кайданамі і ланцугамі, але ён разрываў ланцугі і разбіваў кайданы, і ніхто не мог яго ўтаймаваць.
бо колькі разоў яго ні кавалі ў ланцугі і путы, але разрываў ланцугі і разьбіваў путы, і ніхто ня меў сілы ўтаймаваць яго;
Увесь дзень і ўсю ноч, будучы ў магільных пячорах і ў гарах, ён крычаў і біў самога сябе камянямі.
заўсёды, уночы і ўдзень, у горах і магілах, крычаў ён і біўся аб каменьне.
Калі ён здалёк убачыў Езуса, падбег, пакланіўся Яму
А ўбачыўшы Ісуса здалёк, прыбег і пакланіўся Яму,
і закрычаў моцным голасам, кажучы: «Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Богам заклінаю Цябе, не муч мяне».
і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне? Ісусе, Сыне Бога Усявышняга! заклінаю Цябе Богам, ня муч мяне!
Бо Езус сказаў яму: «Выйдзі, нячысты дух, з гэтага чалавека».
Бо Ісус сказаў яму: выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалавека.
Тады Езус спытаўся ў яго: «Як тваё імя?» Той адказаў: «Маё імя легіён, бо нас шмат».
І спытаўся ў яго: як тваё імя? І той сказаў у адказ: легіён імя мне, бо нас многа.
І ён моцна прасіў Яго не выганяць іх з гэтай краіны.
І вельмі прасілі Яго, каб ня высылаў іх прэч з краіны той.
Пасвіўся там каля гары вялікі статак свіней.
А пасьвіўся там пад гарою вялікі гурт сьвіней.
І прасілі Яго нячыстыя духі, кажучы: «Пашлі нас у свіней, каб мы ўвайшлі ў іх».
І прасіліся ў Яго ўсе дэманы, кажучы: пашлі нас у сьвіней, каб нам увайсьці ў іх.
І Ён дазволіў ім. Выйшаўшы, увайшлі гэтыя нячыстыя духі ў свіней, і кінуўся статак каля дзвюх тысяч з кручы ў мора, і патанулі яны ў моры.
Ісус адразу дазволіў ім. І нячыстыя духі, выйшаўшы, увайшлі ў сьвіней; і памкнуўся гурт з урвішча ў мора, а іх было каля дзьвюх тысяч; і патанулі ў моры.
А свінапасы паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках, і людзі выйшлі паглядзець, што сталася.
А сьвінапасы паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках. І жыхары выйшлі паглядзець, што сталася.
Прыйшоўшы да Езуса, яны ўбачылі, што той апанаваны злым духам, у якім быў легіён, сядзіць апрануты і пры здаровым розуме, і спалохаліся.
Прыходзяць да Ісуса і бачаць, што апантаны, у якім быў легіён, сядзіць і апрануты, і ў здаровым розуме; і спалохаліся.
А тыя, хто бачыў, расказалі ім, што сталася з апанаваным злым духам, і пра свіней.
А тыя, што бачылі, расказалі ім пра тое, як гэта здарылася з апантаным, і пра сьвіней.
Тады пачалі прасіць Езуса, каб адышоў з іхніх межаў.
І пачалі прасіць Яго, каб адышоў ад межаў іхніх.
Калі Ён сядаў у човен, апанаваны злым духам прасіўся ў Яго застацца з Ім.
І калі Ён увайшоў у лодку, апантаны прасіў Яго, каб быць зь Ім.
Але Ён не дазволіў яму і сказаў: «Вярніся да свайго дому і да сваіх і раскажы ім усё, што Пан учыніў табе і як змілаваўся над табою».
Але Ісус не дазволіў яму, а сказаў: ідзі дамоў да сваіх і раскажы ім, што ўчыніў з табою Гасподзь і як зь цябе ўмілажаліўся.
Той адышоў і пачаў абвяшчаць у Дэкаполісе ўсё, што ўчыніў яму Езус, і ўсе здзіўляліся.
І пайшоў і пачаў зьвеставаць у Дзесяцігародзьдзі, што ўчыніў зь ім Ісус. І ўсе дзіваваліся.
Калі Езус ізноў пераправіўся ў чоўне на другі бераг, сабралася да Яго мноства народу. А быў Ён каля мора.
Калі Ісус зноў пераправіўся ў лодцы на другі бераг, сабралася да Яго мноства людзей. Ён быў каля мора.
Прыйшоў таксама адзін з кіраўнікоў сінагогі па імені Яір і, убачыўшы Езуса, упаў да Ягоных ног і моцна прасіў, кажучы:
І вось, прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, якога звалі Яір, і, убачыўшы Яго, падае ў ногі Яму
«Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна ўратавалася і жыла».
і ўмольна просіць Яго, кажучы: дачка мая пры сьмерці; прыйдзі і ўскладзі на яе рукі, каб яна ачуняла і засталася жывая.
І Ён пайшоў з ім. А вялікі натоўп ішоў за Езусам і ціснуўся да Яго.
Ісус пайшоў зь ім. За Ім сьледам ішло мноства людзей, і націскалі на Яго.
Таксама жанчына, якая хварэла на крывацёк дванаццаць гадоў і шмат выцерпела ад многіх лекараў,
Адна жанчына, якая пакутавала ад крывацечы дванаццаць гадоў,
патраціла на іх усю маёмасць сваю, аднак нішто не дапамагло, і ёй станавілася нават горш,
шмат нацярпелася ад многіх лекараў, патраціла ўсё, што было ў яе, і ня зыскала ніякай палёгкі, а самой толькі пагоршала,
пачуўшы пра Езуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Ягонага плашча.
дачуўшыся пра Ісуса, падышла ззаду ў натоўпе і кранулася вопраткі Ягонай;
Бо казала сама сабе: «Калі дакрануся хаця б да плашча Ягонага, выздаравею».
бо казала: калі хоць да вопраткі Ягонай дакрануся, дык выздаравею.
І ў тую ж хвіліну спыніўся ў яе крывацёк, і яна адчула ў целе, што вызвалілася ад хваробы.
І перастала адразу ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе, што ачуняла ад хваробы.
Езус, адразу адчуўшы, што моц выйшла з Яго, звярнуўся да народу і сказаў: «Хто дакрануўся да Майго плашча?»
А ў той самы час Ісус, адчуўшы Сам у Сабе, што выйшла зь Яго сіла, абярнуўся ў народзе і сказаў: хто крануўся Маёй вопраткі?
А вучні Ягоныя сказалі Яму: «Ты бачыш, што народ ціснецца да Цябе, і пытаешся “хто дакрануўся да Мяне?”»
Вучні сказалі Яму: Ты бачыш, што людзі націскаюць на Цябе, і кажаш: «хто крануўся Мяне?».
Але Ён аглядаўся, каб убачыць тую, якая гэта зрабіла.
Але Ён глядзеў навокал, каб убачыць тую, якая зрабіла гэта.
А жанчына спалохалася і задрыжэла, бо ведала, што з ёй сталася. Яна падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
Жанчына ў страху і трымценьні, ведаючы, што зь ёю сталася, падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
Ён жа сказаў ёй: «Дачка, вера твая ўратавала цябе. Ідзі ў спакоі і будзь вольная ад сваёй хваробы».
А Ён сказаў ёй: дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі ў міры і будзь здаровая ад хваробы тваёй.
Калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшлі ад кіраўніка сінагогі і сказалі: «Дачка твая памерла, навошта ты яшчэ турбуеш Настаўніка?»
Калі Ён яшчэ гаварыў гэта, прыходзяць ад начальніка сынагогі і кажуць: дачка твая памерла; чаго яшчэ дакучаеш Настаўніку?
Але Езус, пачуўшы гэтыя словы, сказаў кіраўніку сінагогі: «Не бойся, толькі вер!»
Але Ісус, пачуўшы гэтыя словы, адразу кажа начальніку сынагогі; ня бойся, толькі веруй.
І не дазволіў нікому ісці за сабою, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба.
І не дазволіў нікому ісьці сьледам за Ім, акрамя як Пятру, Якаву і Яну, брату Якава.
Калі прыйшоў у дом кіраўніка сінагогі, убачыў мітусню і тых, хто плакаў і моцна галасіў.
Прыходзяць у дом начальніка сынагогі і бачаць перапалох, і плачуць і голасам галосяць.
Увайшоўшы, Ён сказаў ім: «Чаго мітусіцеся і плачаце? Дзіця не памерла, а спіць».
І ўвайшоўшы, кажа ім: чаго сумеліся і плачаце? дзяўчына не памерла, а сьпіць.
І насміхаліся з Яго. Але Ён, выгнаўшы ўсіх, узяў з сабою бацьку і маці дзіцяці і тых, хто быў з Ім, і ўвайшоў туды, дзе было дзіця.
І сьмяяліся зь Яго. Але Ён, выслаўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку і маці дзяўчыны і тых, што былі зь Ім, і ўваходзіць туды, дзе дзяўчына ляжала.
Узяўшы дзяўчынку за руку, сказаў ёй: «Таліта, кум!», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!»
І ўзяўшы дзяўчыну за руку, кажа ёй: таліфа-кумі, што азначае: «Дзяўчына, табе кажу, устань».
Дзяўчынка адразу ўстала і пачала хадзіць. А было ёй дванаццаць гадоў. І замерлі яны ў вялікім здзіўленні.
І дзяўчына адразу ўстала і пачала хадзіць, бо была гадоў дванаццаці. І вялікаму дзіву даліся.
А Ён строга загадаў ім, каб ніхто пра гэта не ведаў, і сказаў даць ёй есці.
І Ён строга загадаў ім, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў, каб ёй далі есьці.