Марка 4 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча
Езус зноў пачаў навучаць каля мора. І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў у ім на моры, а ўвесь народ быў на беразе каля мора.
І ўзноў пачаў вучыць ля мора; і зьберся да Яго вельмі вялікі груд, так што Ён увыйшоў у струг і сядзеў на мору; а ўвесь груд быў ля мора на зямлі.
Ён шмат чаму навучаў іх у прыпавесцях і ў сваім павучанні казаў ім:
І вучыў іх шмат чаго прыпавесьцьмі, і гукаў ім у навуццы сваёй:
«Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць.
«Слухайце: вось, вышаў сяўбіт сеяць.
І калі сеяў, сталася так, што адно зерне ўпала пры дарозе. Прыляцелі птушкі і падзяўблі яго.
І сталася, як сеяў, што адно пала край дарогі, і птушкі нябёсныя прыляцелі й паклявалі яго;
Іншае ўпала на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прарасло, бо зямля была неглыбокая.
А другое пала на скалісты ґрунт, ідзе ня было шмат зямлі, і ўборзьдзе абышло, бо зямля была ня глыбокая;
А калі ўзышло сонца, яно завяла, бо не мела карэння, і засохла.
Як жа ўзышло сонца, выгарала і, як ня мела карэньня, ссохла;
Іншае ўпала ў церні, і выраслі церні, і заглушылі яго так, што яно не прынесла плёну.
Іншае ж пала памеж церня, і вырасла церне, і заглушыла яго, і яно не дало плоду;
Іншае ўпала на добрую глебу і прынесла плён, які ўзышоў і вырас. І адно ўрадзіла ў трыццаць, другое ў шэсцьдзясят, а іншае ў сто разоў».
Іншае ж пала на зямлю добрую і дало плод, што абышоў а вырас; і выдала іншае трыццаць, а іншае шасьцьдзяеят, а іншае сто».
І сказаў: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
І сказаў ім: «Хто мае вушы чуць, няхай чуе!».
А калі застаўся адзін, тыя, хто быў вакол Яго разам з Дванаццаццю, пыталіся ў Яго аб прыпавесці.
І, як Ён быў адзін, пыталіся ў Яго тыя, што навокал Яго былі, з двананцацьма, праз прыпавесьць.
І Ён сказаў ім: «Вам дадзена таямніца Божага Валадарства, а для тых, хто звонку, усё адбываецца ў прыпавесцях,
І сказаў ім: «Вам дана ведаць тайны гаспадарства Божага, але тым, што вонках, усе ў прыпавесьцях,
каб яны глядзелі і не бачылі,слухалі і не разумелі,каб не навярнулісяі каб не было адпушчана ім».
Каб гледзячы глядзелі, і ня бачылі; слухаючы чулі, і не разумелі, каб часамі не навярнуліся, і ня былі ім грахі дараваны».
І сказаў ім: «Не разумееце гэтай прыпавесці? А як жа зразумееце ўсе іншыя прыпавесці?
І кажа ім: «Ня знаеце гэтае прыпавесьці? А як жа вам знаць усі прыпавесьці?
Сейбіт сее слова.
Сяўбіт гэты сее словы.
Пасеянае пры дарозе — гэта тыя, у якіх сеецца слова, але як толькі пачуюць яго, адразу прыходзіць сатана і забірае слова, пасеянае ў іх.
А што край дарогі, ідзе слова пасеянае, гэта тыя, да каторых, як пачуюць, зараз прыходзе шайтан і адбірае слова, пасеянае ў сэрцах іхных.
Пасеянае на камяністых месцах — гэта тыя, хто, як толькі пачуе слова, адразу з радасцю прымае яго,
Таксама й тыя, што на скалістых месцах пасеяныя — гэта тыя, каторыя, як пачуюць слова, зараз із радасьцяй прыймаюць яго;
але не мае ў сабе кораня і нясталы. Потым, калі за слова настане ўціск ці пераслед, адразу спакушаюцца.
Але ня маюць у сабе караня і малачасныя; потым, як прылучаецца атуга альбо перасьледаваньне за словы, зараз спатыкаюцца.
Іншае, пасеянае ў цернях, — гэта тыя, хто чуе слова,
Пасеяныя ж памеж церня ё тыя, што слухаюць слова;
але турботы свету, зман багацця ды іншыя жаданні ўваходзяць у іх і заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным.
Але клопаты гэтага сьвету, і спадман багацьцям, і жадоба іншых рэчаў, уходзячы, глушаць слова, і робіцца бясплоднае.
А пасеянае на добрай глебе — гэта тыя, хто слухае слова, прымае яго і прыносіць плён: адзін у трыццаць, другі ў шэсцьдзясят, а іншы ў сто разоў».
А пасеяныя на добрай зямлі — тыя, што чуюць слова, і прыймаюць, і даюць плод, і трыццаць, і шасьцьдзясят, і сто».
І казаў ім: «Ці для таго прыносяць светач, каб паставіць яго пад пасудзіну або пад ложак? Ці ўсё ж для таго, каб паставіць яго на свечніку?
І сказаў ім: «Ці на тое прыносяць лянпу, каб пастанавіць яе пад карэц альбо пад ложак? ці не на тое, каб пастанавіць яе на падстаноўку?
Бо няма нічога схаванага, што б ні адкрылася, і няма нічога таемнага, што б ні выявілася.
Бо няма нічога схаванага, што не адкрылася б; і нічога няма патайнога, што ня было б выяўлена.
Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае!»
І сказаў ім: «Зважайце на тое, што чуеце. Якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана, і яшчэ дададзена будзе вам.
І сказаў ім: «Уважайце, што чуеце: якой мераю мераеце, будзе адмерана вам і дадана будзе вам слухаючым.
Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае».
Бо, хто мае, таму дана будзе; а хто ня мае, у таго аднята будзе й тое, што мае».
І сказаў: «Так і Валадарства Божае нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю.
І сказаў: «Так і гаспадарства Божае, як калі чалавек кідае зярнё ў зямлю;
Ён спіць і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, не ведае.
І спаў бы, і ўставаў бы ночы і ўдзень, насеньне ж абышло б а вырасла б, а ён ня ведае як;
Бо зямля сама па сабе прыносіць плён: спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе.
Бо зямля сама ізь сябе выдаець найперш рунь, потым колас, потым поўнае зярнё ў коласе.
Калі ж саспее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво».
Як жа насьпее плод, без адвалокі пасылае серп, бо настала жніво».
І сказаў: «З чым параўнаем Валадарства Божае? Ці ў якой прыпавесці выявім яго?
І сказаў: «Да чаго прыраўнуем гаспадарства Божае? альбо якой прыпавесьцяй выкажам яго?
Яно як гарчычнае зерне: калі яго сеюць у зямлю, яно найменшае з усяго насення на зямлі.
Яно — як зярнё гарчыцы, што, як сеецца ў зямлю, найдрабнейшае з усяе сяўбы на зямлі;
Калі ж пасеяна, узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну, пускае вялікае галлё, так што ў ценю ягоным могуць гняздзіцца нябесныя птушкі».
А як пасеяна, абыходзе а вырастае большае за ўсю гародніну а пушчае вялікія галузы, так што птушкі нябёсныя могуць жыць пад сьценям яго».
У многіх такіх прыпавесцях прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі слухаць.
І шмат якімі гэткімі прыпавесьцьмі абяшчаў ім слова, колькі яны маглі чуць;
І без прыпавесці не казаў ім, а сваім вучням сам-насам тлумачыў усё.
Без прыпавесьці ж ня гукаў ім, а вучанікам Сваім зьясьняў усе.
У той дзень, калі настаў вечар, Езус сказаў сваім вучням: «Пераправімся на другі бераг».
Увечары таго дня сказаў ім: «Пераплывіма на тый бок».
І, адпусціўшы людзей, яны забралі Яго з сабою, так як быў, у човен; таксама былі з Ім іншыя чаўны.
І яны, пакінуўшы груд, узялі Яго із сабою, як Ён быў у струзе, зь Ім былі й іншыя стругі.
І ўзнялася вялікая бура. Хвалі так залівалі човен, што ён ужо напаўняўся вадою.
І ўзьнялася вялікая бура; хвалі білі ў струг, аж струг напоўніўся.
А Езус спаў на карме на ўзгалоўі. Пабудзілі Яго і сказалі Яму: «Настаўнік, не хвалюе Цябе, што мы гінем?»
А Ён быў на задзе, спаў на падушцы. Яго будзяць а кажуць Яму: «Вучыцелю! нягож Табе ня рупіць, што мы гінем?»
Устаўшы, Ён загадаў ветру і сказаў мору: «Змоўкні, супакойся!» Тады вецер сціх, і настала вялікая ціша.
І, устаўшы, Ён забараніў ветру й сказаў мору: «Змоўкні, сьціхні». І вецер сьціх, і сталася вялікая цішыня.
А ім сказаў: «Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?»
І сказаў ім: «Чаму вы такія палахлівыя? як у вас няма веры?»
Яны напоўніліся вялікім страхам і гаварылі паміж сабой: «Хто ж Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?»
І ўлякаліся лякам вялікім, і гукалі адзін аднаму: «Хто ж гэта, што вецер а мора слухаюць Яго?»