Марка 6 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча
Выйшаўшы адтуль, Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну. А за Ім ішлі Ягоныя вучні.
І Ён вышаў стуль, і прышоў да Свае мясцовасьці; за Ім ішлі вучанікі Ягоныя.
Калі надышоў шабат, Ён пачаў навучаць у сінагозе. Многія, хто слухаў, здзіўляліся і казалі: «Адкуль у Яго гэта і што за мудрасць дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі?
Як настала сыбота, Ён пачаў вучыць у бажніцы; і шмат хто, чуўшы, із зуменьням гукалі: «Скуль у Яго гэта? што за мудрасьць дана Яму, і як таковыя магучыя ўчынкі дзеюцца рукамі Ягонымі?
Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры?» І абураліся на Яго.
Ці ня цесьля Ён, сын Марыі, брат Якава, Юды а Сымона? Ці ня тут Ягоныя сёстры з намі?» І абураліся на Яго.
А Езус казаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне яго, сярод родных яго і ў доме яго».
І сказаў ім Ісус: «Няма прарокі бязь сьці, хіба ў мясцовасьці сваёй, у радні сваёй а ў доме сваім».
Таму Ён не мог учыніць там ніякага цуду, толькі на некалькіх хворых усклаў рукі і аздаравіў іх.
І ня мог тут чуда ніякага ўчыніць, адно мала хворых, кладучы на іх рукі, уздаравіў.
І дзівіўся іх бязвер’ю. Хадзіў па навакольных вёсках і навучаў.
І дзіваваўся зь няверы іхнае, і абходзіў навокал па местачках, вучачы.
Пасля паклікаў Дванаццаць, і пачаў высылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі.
І прыгукаўшы да Сябе тых двананцацёх, пачаў іх пасылаць па двух, і даў ім уладу над духамі нячыстымі,
Наказаў ім не браць у дарогу нічога, акрамя аднаго кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе,
І расказаў ім, каб нічога ня бралі ў дарогу, адно посах, ані хатуля, ані хлеба, ані медзі ў капшуку;
але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак.
Але абуваліся ў хадакі і не адзявалі двух адзецьцяў.
Ён сказаў ім: «Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там, пакуль не выйдзеце адтуль.
І казаў ім: «Калі йдзе ўвыйдзеце ў дом, заставайцеся там, пакуль ня выйдзеце з таго месца.
Калі ў якім-небудзь месцы не прымуць вас і не будуць слухаць вас, то, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне ім».
А калі хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць вас, то, выходзячы стуль, атрасіце пыл із пад ног сваіх, на сьветчаньне на іх. Запраўды кажу вам: лацьвей будзе Содоме а Ґоморы ў дзень судны, чымся месту таму».
Пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне,
Яны пайшлі й абяшчалі, каб каяліся.
выганялі шмат злых духаў і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі.
І нячысьцікаў шмат выганялі, і шмат хворых мазалі алеям, і ўздараўлялі.
Пачуў таксама кароль Ірад пра Езуса, бо імя Ягонае стала вядомым, і сказаў: «Гэта Ян Хрысціцель устаў з памерлых, і таму цуды здзяйсняюцца ім».
І пачуў кароль Гірад (бо імя Ягонае стала ведамым), і гукаў: «Гэта Яан Хрысьціцель ускрэс ізь мертвых, і затым магучыя ўчынкі дзее ён.»
Іншыя казалі: «Гэта Ілля». А яшчэ іншыя казалі: «Гэта прарок або як адзін з прарокаў».
Іншыя гукалі: «Гэта Ільля»; а іншыя гукалі: «Гэта прарока як адзін із прарокаў».
Калі Ірад пачуў гэта, ён сказаў: «Гэта Ян, якому я адсек галаву, ажыў!»
Гірад жа, пачуўшы, сказаў: «Гэта Яан, каторага я сьцяў; ён ускрэс».
Бо сам Ірад паслаў схапіць Яна і закаваў яго ў вязніцы з-за Ірадыяды, жонкі брата свайго Філіпа, таму што ён ажаніўся з ёй.
Бо гэты Гірад, паслаўшы, няў Яана і зьвязаў яго ў вязьніцы за Гіродзяду, жонку Піліпаву, брата свайго; бо жаніўся зь ёй.
Бо Ян казаў Іраду: «Недазволена табе мець жонку брата твайго».
Бо Яан казаў Гіраду: «Ня маеш ты мець жонкі брата свайго».
Таму Ірадыяда злавалася на яго і хацела забіць, але не магла,
А Гіродзяда злавала на яго, хацела яго забіць, але не магла.
бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і аберагаў яго. Шмат разоў чуў яго і непакоіўся, але слухаў яго з ахвотай.
Бо Гірад баяўся Яана, ведаючы, што ён муж справядлівы а сьвяты, і шчаджаў яго, і шмат рабіў, слухаючы яго, і ахвотна яго слухаў.
І настаў зручны дзень, калі Ірад прыгатаваў вячэру сваім вяльможам, тысячнікам і старэйшынам галілейскім у дзень сваіх народзін.
І настаў дагодны дзень, калі Гірад, з прыгоды радзінаў сваіх, справіў вячэру вялікім сваім, тысячнікам сваім а галоўным Ґалілейскім.
Калі ўвайшла дачка Ірадыяды і танцавала, яна спадабалася Іраду і яго гасцям. Кароль сказаў дзяўчыне: «Прасі ў мяне, чаго хочаш, і я дам табе».
Дачка Гіродзяды ўвыйшла, скакала, і заўпадабаў Гірад а тыя, што ўзьляжалі зь ім. Кароль сказаў дзеўцы: «Прасі ў мяне, чаго хочаш, і я дам тэ».
І шмат у чым пакляўся ёй: «Чаго ні папросіш, дам табе, нават палову майго каралеўства».
І ён прысяг ёй: «Чаго-колечы ты папросіш у мяне, я дам тэ, ажно да палавіцы гаспадарства майго».
Яна выйшла і сказала маці сваёй: «Чаго мне папрасіць?» Тая адказала: «Галаву Яна Хрысціцеля».
Яна ж, вышаўшы, сказала маці сваёй: «Чаго я маю прасіць?» А гэта сказала: «Галавы Яана Хрысьціцеля».
Яна адразу хутка ўвайшла да караля і папрасіла, кажучы: «Хачу, каб ты зараз жа даў мне на місе галаву Яна Хрысціцеля».
І яна якга пайшла хапліва да караля й прасіла, кажучы: «Хачу, каб ты даў імне якга на місе галаву Яана Хрысьціцеля».
Кароль засмуціўся, але дзеля клятвы і тых, хто быў за сталом, не захацеў ёй адмовіць.
І кароль вельма зажурыўся; дзеля прысягі свае, адылі, і дзеля тых, што ўзьляжалі зь ім, не захацеў адмовіць ёй.
Таму адразу кароль паслаў ката і загадаў прынесці галаву Яна. Той пайшоў у вязніцу і адсек яму галаву.
І зараз кароль, паслаўшы ката, расказаў прынесьці галаву ягоную. І ён пайшоў а сьцяў яго ў вязьніцы.
Затым прынёс на місе ягоную галаву і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе сваёй маці.
І прынёс галаву ягоную ў місе, і даў яе дзеўцы, а дзеўка дала яе маці сваёй.
Калі пра гэта даведаліся вучні Яна, яны прыйшлі, забралі ягонае цела і паклалі яго ў магілу.
І як вучанікі пачулі, яны прышлі, і ўзялі цела ягонае, і пахавалі яго ў гробе.
Апосталы сабраліся каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі.
І зьберліся апосталы да Ісуса, і паведамілі Яму ўсе, што рабілі й чаго навучалі.
А Ён сказаў ім: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце». Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што ім не было нават калі паесці.
І сказаў Ён ім: «Пайдзіце вы адны на пустыннае месца і супачыньце крыху». Бо было шмат прыходзячых і адыходзячых, ажно пасілкавацца ім ня было дагоднага часу.
Таму адплылі яны ў пустыннае месца на чоўне адны.
І адплылі адны стругам на пустыннае месца.
Калі ўбачылі, што яны адплылі, шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх.
І бачылі іх адплываючых, і шмат хто пазнаў іх, і пабеглі пехатою з усіх местаў, і выперадзілі іх, і прышлі перад імі.
Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і змілаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра, і пачаў іх многаму вучыць.
І Ісус, вышаўшы, абачыў вялікі груд і зжаліўся над імі, бо яны былі, як авечкі без пастыра; і пачаў вучыць іх шмат чаго.
Калі мінула ўжо шмат часу, вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, сказалі: «Месца гэта пустыннае, і гадзіна ўжо позняя;
І, як мінула шмат часу, дабліжыліся да Яго вучанікі Ягоныя, і сказалі: «Гэта пустыннае месца, і пара ўжо позная;
адпусці іх, каб яны пайшлі ў навакольныя вёскі і паселішчы і купілі сабе чаго-небудзь з’есці».
Адпусьці іх, каб яны пайшлі да акалічных палёў а да сёлаў і купілі сабе есьці, бо ня маюць чаго есьці».
Ён жа сказаў ім у адказ: «Вы дайце ім есці». Яны сказалі Яму: «Ці мы павінны пайсці і за дзвесце дынараў купіць хлеба, і даць ім есці?»
Ён, адказуючы, сказаў ім: «Вы дайце ім есьці». І кажуць Яму: «Хіба пойдзем і купім за дзьвесьце дынароў букаткаў і дамо ім есьці?»
А Ён спытаўся ў іх: «Колькі ў вас хлябоў? Ідзіце, паглядзіце». Даведаўшыся, яны сказалі: «Пяць хлябоў і дзве рыбіны».
І кажа ім: «Колькі букаткаў маеце? ідзіце й абачча». І, ведаючы, яны сказалі: «Пяць і дзьве рыбы».
Тады загадаў ім пасадзіць усіх групамі на зялёнай траве.
І загадаў ім расьсесьціся ўсім грудамі, грудамі на зялёнай траве.
І паселі групамі па сто і па пяцьдзясят.
І селі карагодамі па сто а па пяцьдзясят.
Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў і разламаў хлябы, і даў вучням сваім, каб яны раздалі ім; і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх.
І, узяўшы пяць букаткаў і дзьве рыбы, гледзячы на неба, дабраславіў, і ламіў букаткі, і даў вучанікам Сваім, каб сулілі ім; і дзьве рыбы падзяліў усім.
Усе елі і насыціліся.
І елі ўсі, і пад’елі.
І сабралі дванаццаць поўных кашоў кавалкаў і рэшты ад рыбы.
І зьберлі кавалкаў двананцаць кашоў поўных, і з рыбы.
А тых, хто еў хлябы, было каля пяці тысяч мужчын.
А тых, што елі хлеб, было каля пяцёх тысячаў мужчынаў.
І адразу загадаў вучням сваім увайсці ў човен і плысці ўперад Яго на другі бераг да Бэтсаіды, пакуль Ён адпусціць людзей.
І зараз прысіліў вучанікаў Сваіх зыйсьці да струга й плысьці перад ім на другі бок да Віфсаіды, пакуль Ён распусьце груд.
Развітаўшыся з імі, Ён пайшоў на гару памаліцца.
І, разьвітаўшыся зь імі, пайшоў на гару маліцца.
Калі настаў вечар, човен быў на сярэдзіне мора, а Ён адзін на беразе.
І, як зьвечарэла, струг быў па сярэдзіне мора, а Ён адзін на зямлі.
Убачыўшы іх знясіленых ад веславання, бо ім дзьмуў сустрэчны вецер, каля чацвёртай варты ночы Ён прыйшоў да іх, ідучы па моры, і хацеў прайсці міма.
І бачыў Ён іх, што былі стамаваўшыся вяслуючы, бо вецер быў праціўны. Каля чацьвертае варты ночы падышоў да іх, ідучы па мору, і хацеў мінуць іх;
Калі ж яны ўбачылі, як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, таму закрычалі.
Але яны, абачыўшы Яго йдучага па мору, падумалі, што гэта здань, і закрычэлі,
Бо ўсе, убачыўшы Яго, спалохаліся. Але Ён адразу загаварыў з імі і сказаў ім: «Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!»
Бо ўсі бачылі Яго й спалохаліся. І якга Ён прамовіў да іх, і сказаў ім: «Асьмельцеся; гэта Я, не лякайцеся».
І ўвайшоў да іх у човен, а вецер сціх. Яны вельмі здзіўляліся,
І ўвыйшоў да іх у струг; і вецер сьціх. І яны надзвычайна зумеліся ў сабе й дзіваваліся,
бо не разумелі цуду з хлебам, таму што сэрца іхняе было скамянелае.
Бо не разважалі праз букаткі, бо сэрца іхнае было закалянелае.
Пераправіўшыся, яны прыбылі ў зямлю Генэзарэт і прысталі да берага.
І, пераплыўшы, прыбылі да зямлі Ґенісарэцкае, і прымкнулі да берагу.
Калі яны выйшлі з чоўна, людзі, адразу пазнаўшы Яго,
І, як яны вышлі із струга, якга іх пазналі,
аббеглі ўсё наваколле і пачалі прыносіць на насілках хворых туды, дзе, як чулі, Ён знаходзіўся.
І, бегаючы па ўсей тэй краіне, пачалі прыносіць у ложках хворых, ідзе пачулі, што Ён быў.
І куды б Ён ні прыходзіў, у паселішчы, гарады ці ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго дазволіць ім дакрануцца хоць да краю вопраткі Ягонай. І тыя, што дакраналіся да Яго, выздараўлівалі.
І йдзеколечы Ён увыйшоў у сёлы альбо месты, альбо на таргі, клалі хворых на таргох і прасілі Яго, каб прынамся даткнуліся да кутасоў адзецьця Ягонага; і каторыя датыкаліся да Яго, былі ўздароўлены.