Марка 10 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Выйшаўшы адтуль, Езус прыйшоў у межы Юдэі за Ярданам. Зноў сабраліся каля Яго натоўпы, а Ён, як звычайна, зноў навучаў іх.
 
І, устаўшы стуль, прышоў да граніцаў Юдэйскіх пераз Заёрданьне. І ўзноў зьбіраюцца да Яго груды, і ўзноў, як было звычаём у Яго, Ён вучыў іх.

Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю?
 
І дабліжыліся фарысэі да Яго і, прабуючы Яго, папыталіся ў Яго: «Ці мае права чалавек адпусьціць жонку?»

Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Што наказаў вам Майсей?»
 
І, адказуючы, сказаў ім: «Што Масей расказаў вам?»

Яны сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і разводзіцца».
 
Яны сказалі: «Масей дазволіў напісаць разводны ліст і адпусьціць».

А Езус адказаў ім: «Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэты наказ,
 
І Ісус, адказуючы, сказаў ім: «З прычыны калянасьці сэрца вашага ён напісаў вам гэта расказаньне;

бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай.
 
Але ад пачатку стварэньня Бог учыніў іх мужчыну й жонку.

Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй,
 
Затым пакіне чалавек свайго айца а маці, і прыліпне да жонкі свае,

і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела.
 
І гэтыя двое будуць адно цела; дык гэтак яны ўжо ня двое, але адно цела,.

Таму, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае».
 
Дык, што Бог злучыў, няхай чалавек не разлучае».

У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта.
 
І ў доме вучанікі Ягоныя ізноў папыталіся ў Яго праз тое ж.

Ён сказаў ім: «Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць супраць яе.
 
І Ён сказаў ім: «Хто адпусьце жонку сваю й ажэніцца з другою, чужаложа зь ёю.

І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, чужаложыць».
 
І калі яна разьвядзецца з мужам сваім, і выйдзе замуж за другога, чужаложа».

Прыносілі да Езуса дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх. Але вучні забаранялі ім.
 
І прыносілі дзеткі да Яго, каб Ён даткнуўся да іх; вучанікі ж ганілі тых, каторыя прыносілі.

Убачыўшы гэта, Езус абурыўся і сказаў ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае.
 
Але, абачыўшы, Ісус абурыўся й сказаў ім: «Дазвольце дзеткам прыходзіць да Мяне і не бараніце ім, бо таковых ё гаспадарства Божае.

Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго».
 
Запраўды кажу вам: хто ня прыйме гаспадарства Божага, як дзецянё, тый ніяк ня ўвыйдзе ў яго».

І, абняўшы іх, благаславіў, ускладаючы на іх рукі.
 
І, узяўшы іх на ўлоньне, узлажыў рукі на іх, і дабраславіў іх.

Калі Езус выходзіў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: «Настаўнік добры, што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?»
 
І, як выходзіў Ён у дарогу, падбег хтось, і, уклякшы перад Ім, папытаўся ў Яго: «Вучыцелю добры, што я маю рабіць, каб жыцьцё вечнае спала імне?»

Езус сказаў яму: «Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог.
 
І Ісус сказаў яму: «Чаму ты завеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.

Ведаеш запаведзі: не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці».
 
Ведаеш расказаньні: не чужалож; не забівай; не крадзі; ня сьветч хвальшыва; не ашукуй; сьці айца свайго й маці.»

А той адказаў Яму: «Настаўнік, усё гэта я захоўваў з юнацтва майго».
 
Ён жа, адказуючы, сказаў Яму: «Вучыцелю, усе гэта я заховаваў з маладосьці свае».

Езус паглядзеў на яго з любоўю і сказаў: «Табе не хапае аднаго: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Потым прыходзь і ідзі за Мною».
 
Тады Ісус, гледзячы на яго, палюбіў яго й сказаў яму: «Аднаго тэ не стаець: пайдзі, прадай, што маеш, і раздай бедным, і будзеш меці скарб у небе; і йдзі за Імною, узяўшы крыж свой».

Але ён засмуціўся ад гэтых словаў і адышоў маркотны, бо меў вялікую маёмасць.
 
Ён жа, засмуціўшыся на гэтае слова, адышоў зьнемарашчаны, бо ён меў вялікую маемасьць.

Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: «Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае».
 
І Ісус, глянуўшы навокал, кажа вучанікам Сваім: «Як цяжка тым, што маюць багацьце, увыйсьці ў гаспадарства Божае!»

Вучні дзівіліся з Ягоных словаў. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: «Дзеці, як цяжка ўвайсці ў Валадарства Божае.
 
І вучанікі зумеліся на гэтыя словы. Але Ісус, ізноў адказуючы, кажа ім: «Дзеці! як цяжка тым, што здаюцца на багацьце, увыйсьці ў гаспадарства Божае!

Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае».
 
Лягчэй вярблюду прайсьці пераз вушка голкі, чымся багатаму ўвыйсьці ў гаспадарства Божае».

А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: «Хто ж можа збавіцца?»
 
І яны былі надзвычайна зумеўшыся, гукаючы мяжсобку: «Дык хто ж можа быць спасёны?»

Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: «У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма».
 
І Ісус, глянуўшы на іх, кажа: «Людзём нельга, але ня Богу, бо Богу ўсе льга».

І пачаў Пётр казаць Яму: «Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою».
 
Тады Пётра пачаў казаць Яму: «Гля, мы пакінулі ўсе й пайшлі за Табою».

Езус адказаў: «Сапраўды кажу вам, няма нікога, хто б пакінуў дом свой, ці братоў, ці сясцёр, ці маці, ці бацьку, ці дзяцей, ці поле дзеля Мяне і дзеля Евангелля,
 
І Ісус, адказуючы, сказаў: «Запраўды кажу вам: няма нікога, хто пакінуў дом, альбо братоў, альбо сёстры, альбо айца, альбо маці, альбо жонку, альбо дзеці, альбо землі дзеля Мяне а Евангелі,

і не атрымаў бы ў сто разоў больш цяпер, у гэты час, дамоў, братоў, сясцёр, маці, дзяцей і палёў сярод пераследу, а ў будучым веку — жыццё вечнае.
 
І не адзяржаў бы цяпер, у гэтым часе перасьледаваньняў, сто разоў балей дамоў а братоў а сёстраў а маткаў а дзяцей а земляў, а ў прыйдучым веку жыцьця вечнага.

Але шмат першых будзе апошнімі, і апошніх — першымі».
 
Але шмат першых будуць апошнімі, і апошнія першымі».

Калі вучні былі ў дарозе і ўзыходзілі ў Ерузалем, Езус ішоў наперадзе іх. Яны дзівіліся, а тыя, хто ішоў за Ім, былі спалоханыя. Ён зноў узяў Дванаццаць і пачаў казаць ім пра тое, што з Ім павінна здарыцца:
 
І былі яны ў дарозе, узыходзячы да Ерузаліму, і Ісус ішоў сьпераду іх, а яны былі зумеўшыся і, ідучы за Ім, баяліся. І, узяўшы ізноў двананцацёх, пачаў паведамляць ім, што мае неўзабаве стацца Яму:

«Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. Яны асудзяць Яго на смерць і аддадуць язычнікам.
 
«Вось, мы ўзыходзім да Ерузаліму, і Сын Людзкі будзе выданы найвышшым сьвятаром а кніжнікам; і засудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго народам;

Будуць здзекавацца з Яго, аплёўваць Яго і бічаваць Яго, і заб’юць, а праз тры дні Ён уваскрэсне».
 
І будуць зьдзекавацца зь Яго, і біць розкамі Яго, і пліваць на Яго, заб’юць Яго; а на трэйці дзень ускрэсьне».

Падышлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Зэбэдэя, і сказалі Яму: «Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім».
 
І прыступілі да Яго Якаў а Яан, сыны Заведэявы, кажучы Яму: «Вучыцелю! мы жадаем, каб Ты ўчыніў нам, чаго мы папросім».

Ён жа адказаў ім: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?»
 
І Ён сказаў ім: «Чаго жадаеце, каб Я ўчыніў вам?»

Яны сказалі Яму: «Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй».
 
Яны сказалі Яму: «Дай нам сесьці аднаму паправе, а другому палеве ў славе Тваёй».

Але Езус сказаў ім: «Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны?»
 
І Ісус сказаў ім: «Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чару, што Я п’ю, і хрысьціцца хрыстом, што Я хрышчуся?»

Яны адказалі Яму: «Можам». А Езус сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, піць будзеце, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны,
 
І яны сказалі Яму: «Можам». Але Ісус сказаў ім: «Запраўды чару, што Я п’ю, будзеце піць, і хрыстом, што Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца;

але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана».
 
Але сядзець у Мяне паправе й палеве, не ад Мяне даць, але каму прыгатавана».

Пачуўшы, дзесяць вучняў пачалі абурацца на Якуба і Яна.
 
І пачуўшы, дзесяцёх пачалі абурацца на Якава а Яана.

А Езус, паклікаўшы іх, сказаў ім: «Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх валадараць над імі.
 
Але Ісус, пагука ўшы іх, сказаў ім: «Вы ведаеце, што ўважаныя за валадароў над народамі пануюць над імі, і вялікія зь іх маюць уладу над імі.

Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою;
 
Але ня так памеж вас: а хто жадае быць вялікім, хай будзе вашым слугою;

і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх.
 
І хто з вас жадае быць першым, хай будзе нявольнікам усіх.

Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх».
 
Бо навет Сын Людзкі ня прышоў, каб Яму служылі, але служыць а даць жыцьцё Свае на выкуп за шмат».

І прыйшлі яны ў Ерыхон. А калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі.
 
І прышлі да Ерыхону. А як Ён выходзіў зь Ерыхону з вучанікамі Сваімі а з ладным грудам, нявісны Вартымей Тымяёнак сядзеў ля гасьцінцу, просячы.

Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: «Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мною!»
 
Пачуўшы, што гэта Ісус Назарэцянін, ён пачаў гукаць а казаць: «Ісусе, Сыну Давідаў, зьмілуйся над імною!»

Многія загадвалі яму змоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!»
 
Шмат хто ганіў яго, кажучы маўчэць; але ён яшчэ балей пачаў гукаць: «Сыну Давідаў! зьмілуйся над імною».

Езус спыніўся і сказаў: «Паклічце яго». Тады паклікалі сляпога, кажучы яму: «Смялей, уставай, Ён кліча цябе».
 
Ісус адзержаўся й сказаў: «Прыгукайце яго». І гукаюць нявіснога, кажучы яму: «Пацешся, уставай, гукае цябе».

Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і падышоў да Езуса.
 
Ён ськінуў ізь сябе ахілім свой, устаў і прышоў да Ісуса.

Адказваючы яму, Езус сказаў: «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» Сляпы сказаў Яму: «Настаўнік, каб я зноў бачыў».
 
І, адказуючы, Ісус сказаў яму: «Чаго ты хочаш, каб Я зрабіў табе?» Нявісны сказаў яму: «Вучыцелю, каб я празерыў».

І Езус сказаў яму: «Ідзі, вера твая ўратавала цябе». І той адразу стаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе.
 
І Ісус сказаў яму: «Ідзі, вера твая ўздаравіла цябе». І ён якга празерыў, і пайшоў за Ісусам па дарозе.