Марка 4 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
І зноў пачаў навучаць каля мора. І, вось, сабраўся вакол Яго велізарны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў лодку, сядзеў на моры, а ўвесь натоўп стаяў на беразе каля мора.
І ўзноў пачаў вучыць ля мора; і зьберся да Яго вельмі вялікі груд, так што Ён увыйшоў у струг і сядзеў на мору; а ўвесь груд быў ля мора на зямлі.
І навучаў іх многаму ў прыпавесцях, і казаў ім у Сваёй навуцы:
І вучыў іх шмат чаго прыпавесьцьмі, і гукаў ім у навуццы сваёй:
«Слухайце. Вось, выйшаў сейбіт на сяўбу.
«Слухайце: вось, вышаў сяўбіт сеяць.
І сталася, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі яго.
І сталася, як сеяў, што адно пала край дарогі, і птушкі нябёсныя прыляцелі й паклявалі яго;
Другое ўпала на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі, і хутка ўзышло, бо глеба была неглыбокая;
А другое пала на скалісты ґрунт, ідзе ня было шмат зямлі, і ўборзьдзе абышло, бо зямля была ня глыбокая;
і, калі паднялося сонца, звяла, бо не мела карэнняў, і высахла.
Як жа ўзышло сонца, выгарала і, як ня мела карэньня, ссохла;
А іншае ўпала ў церні, і выраслі церні ды заглушылі яго, і не дало яно плода.
Іншае ж пала памеж церня, і вырасла церне, і заглушыла яго, і яно не дало плоду;
Яшчэ іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод: узышло, і вырасла, і ўрадзіла: адно трыццаць, другое шэсцьдзясят, трэцяе сто».
Іншае ж пала на зямлю добрую і дало плод, што абышоў а вырас; і выдала іншае трыццаць, а іншае шасьцьдзяеят, а іншае сто».
І казаў ім: «Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае».
І сказаў ім: «Хто мае вушы чуць, няхай чуе!».
І, калі Ён застаўся адзін, тыя, што разам з дванаццаццю з Ім былі, пыталіся ў Яго адносна прыпавесцей.
І, як Ён быў адзін, пыталіся ў Яго тыя, што навокал Яго былі, з двананцацьма, праз прыпавесьць.
І казаў Ён ім: «Вам дадзена ведаць таямніцу Валадарства Божага; а тым, якія звонку, усё стаецца ў прыпавесцях,
І сказаў ім: «Вам дана ведаць тайны гаспадарства Божага, але тым, што вонках, усе ў прыпавесьцях,
хаця тыя, што глядзяць, глядзяць і не бачаць, і тыя, што слухаюць, слухаюць і не разумеюць, і не навяртаюцца, і не атрымліваюць выбачэнне грахоў».
Каб гледзячы глядзелі, і ня бачылі; слухаючы чулі, і не разумелі, каб часамі не навярнуліся, і ня былі ім грахі дараваны».
І гаворыць ім: «Не разумееце гэтай прыпавесці? А як жа ўсе прыпавесці зразумееце?
І кажа ім: «Ня знаеце гэтае прыпавесьці? А як жа вам знаць усі прыпавесьці?
Сейбіт — хто слова сее.
Сяўбіт гэты сее словы.
А тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова, калі пачуюць, зараз прыходзіць шатан і вырывае пасеянае ў сэрцах іх слова.
А што край дарогі, ідзе слова пасеянае, гэта тыя, да каторых, як пачуюць, зараз прыходзе шайтан і адбірае слова, пасеянае ў сэрцах іхных.
А тыя, што на камяністым месцы пасеяны, калі пачуюць слова, прымаюць яго адразу з радасцю,
Таксама й тыя, што на скалістых месцах пасеяныя — гэта тыя, каторыя, як пачуюць слова, зараз із радасьцяй прыймаюць яго;
але не маюць у сабе кораня, таму нетрывалыя; калі надыдзе прыгнёт або пераслед дзеля слова, зараз жа горшацца.
Але ня маюць у сабе караня і малачасныя; потым, як прылучаецца атуга альбо перасьледаваньне за словы, зараз спатыкаюцца.
А тыя, што ў цернях пасеяны, слухаюць слова,
Пасеяныя ж памеж церня ё тыя, што слухаюць слова;
але клопаты веку гэтага і чары багацця ды прагавітасць да ўсяго іншага навокал, пранікаючы ў іх, заглушаюць слова, і яно не прыносіць плода.
Але клопаты гэтага сьвету, і спадман багацьцям, і жадоба іншых рэчаў, уходзячы, глушаць слова, і робіцца бясплоднае.
А што на добрай зямлі пасеяны, гэта тыя, што слухаюць слова і прымаюць ды прыносяць плод: адзін — трыццаць, другі — шэсцьдзясят, а трэці — сто».
А пасеяныя на добрай зямлі — тыя, што чуюць слова, і прыймаюць, і даюць плод, і трыццаць, і шасьцьдзясят, і сто».
І казаў ім: «Ці на тое прыносіцца свечка, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Няўжо не на тое, каб была пастаўлена на падсвечніку?
І сказаў ім: «Ці на тое прыносяць лянпу, каб пастанавіць яе пад карэц альбо пад ложак? ці не на тое, каб пастанавіць яе на падстаноўку?
Бо няма нічога таемнага, каб не было аб’яўлена, ды нічога таемнага, каб не стала вядомым.
Бо няма нічога схаванага, што не адкрылася б; і нічога няма патайнога, што ня было б выяўлена.
Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае».
Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае!»
Далей казаў ім: «Зважайце на тое, што слухаеце! Якою меркай вы будзеце мераць, такою вам адмераюць ды дададуць вам, якія слухаеце.
І сказаў ім: «Уважайце, што чуеце: якой мераю мераеце, будзе адмерана вам і дадана будзе вам слухаючым.
Бо хто мае, таму будзе дададзена, а хто не мае, дык і тое, што мае, адымуць у яго».
Бо, хто мае, таму дана будзе; а хто ня мае, у таго аднята будзе й тое, што мае».
І казаў: «Божае Валадарства такое, як быццам чалавек пасеяў насенне ў зямлю.
І сказаў: «Так і гаспадарства Божае, як калі чалавек кідае зярнё ў зямлю;
І ці ён спіць, ці ўстае ўночы і днём, а насенне ўзыходзіць і расце, і ён не ведае, калі.
І спаў бы, і ўставаў бы ночы і ўдзень, насеньне ж абышло б а вырасла б, а ён ня ведае як;
Бо зямля сама з сябе родзіць, перш ладыгу, пасля колас, нарэшце поўнае зерне ў коласе.
Бо зямля сама ізь сябе выдаець найперш рунь, потым колас, потым поўнае зярнё ў коласе.
І, калі ўжо паспее плод, зараз гаспадар запускае серп, бо надышло жніво».
Як жа насьпее плод, без адвалокі пасылае серп, бо настала жніво».
І казаў: «Да чаго падобна Валадарства Божае? Або якою прыпавесцю выявім гэта?
І сказаў: «Да чаго прыраўнуем гаспадарства Божае? альбо якой прыпавесьцяй выкажам яго?
Як гарчычнае зерне, калі пасеяна ў зямлю, ёсць найменшым з усіх зерняў на зямлі;
Яно — як зярнё гарчыцы, што, як сеецца ў зямлю, найдрабнейшае з усяе сяўбы на зямлі;
а калі пасеянае ўзыходзіць, становіцца большым ад усіх гароднін і выпускае галіны вялікія, так што нябесныя птушкі могуць хавацца ў яго засені».
А як пасеяна, абыходзе а вырастае большае за ўсю гародніну а пушчае вялікія галузы, так што птушкі нябёсныя могуць жыць пад сьценям яго».
І ў многіх падобных прыпавесцях Ён прамаўляў ім слова, наколькі маглі яны пачуць,
І шмат якімі гэткімі прыпавесьцьмі абяшчаў ім слова, колькі яны маглі чуць;
ды без прыпавесцей не прамаўляў ім. А вучням Сваім асобна выясняў усё.
Без прыпавесьці ж ня гукаў ім, а вучанікам Сваім зьясьняў усе.
Таго ж дня, калі настаў вечар, гаворыць ім: «Пераплывём на другі бераг».
Увечары таго дня сказаў ім: «Пераплывіма на тый бок».
Адправіўшы людзей, як Ён быў у лодцы, так і ўзялі Яго; і іншыя лодкі былі з Ім.
І яны, пакінуўшы груд, узялі Яго із сабою, як Ён быў у струзе, зь Ім былі й іншыя стругі.
І ўзняўся вялікі вятруга, ды хвалі пачалі біць у лодку, так што лодку залівала.
І ўзьнялася вялікая бура; хвалі білі ў струг, аж струг напоўніўся.
А Ён спаў на карме на падушцы. І будзяць тады Яго, і кажуць Яму: «Настаўнік! Ці ж Цябе не рупіць, што мы гінем?»
А Ён быў на задзе, спаў на падушцы. Яго будзяць а кажуць Яму: «Вучыцелю! нягож Табе ня рупіць, што мы гінем?»
І, падняўшыся, прыгразіў ветру ды сказаў мору: «Замоўкні, суцішся!» Дык спыніўся віхор, і стала вялікая ціша.
І, устаўшы, Ён забараніў ветру й сказаў мору: «Змоўкні, сьціхні». І вецер сьціх, і сталася вялікая цішыня.
І адазваўся да іх: «Чаму вы такія палахлівыя, што не маеце яшчэ веры?»
І сказаў ім: «Чаму вы такія палахлівыя? як у вас няма веры?»
А яны састрашыліся вялікім страхам ды казалі адзін аднаму: «Хто ж гэта Такі, што вецер і мора Яго слухаюць?»
І ўлякаліся лякам вялікім, і гукалі адзін аднаму: «Хто ж гэта, што вецер а мора слухаюць Яго?»