Марка 8 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
У тыя дні, калі зноў сабраўся вялікі натоўп і не меў чаго есці, Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, гаворыць ім:
Тых дзён ізноў зьберся вялікі груд, і ня было ім чаго есьці. Ісус, прыгукаўшы вучанікаў Сваіх, сказаў ім:
«Шкада мне гэтых людзей, бо ўжо тры дні тоўпяцца пры Мне, ды не маюць чаго есці.
«Жаль Імне груду, бо ўжо тры дні пры Імне, і няма ім чаго есьці.
Калі іх галодных адпраўлю дамоў, аслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк».
Калі постуючых адпушчу іх да дамоў іхных, замлеюць у дарозе, бо некаторыя зь іх прышлі здалеку.
І адказалі Яму вучні Яго: «Скуль зможа хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?»
І вучанікі адказалі Яму: «Скуль мог бы хто досыць учыніць гэтым людзём хлебам на пустыні?»
І пытаўся Ён у іх: «Колькі маеце хлябоў?» Яны адказалі: «Сем».
І папытаўся ў іх: «Колькі ў вас букаткаў?» Яны сказалі: «Сем».
І загадаў людзям сесці на зямлі, і, узяўшы сем хлябоў і падзяку складаючы, паламаў і даў вучням Сваім, каб раздалі людзям. І яны раздалі народу.
І расказаў людзём расьсесьціся на зямлі; і ўзяўшы сем букаткаў, і даўшы падзякі, паламіў, і даў вучанікам Сваім, паслужыць. І яны паслужылі груду .
І мелі крыху рыб. І іх дабраславіў, і загадаў, каб таксама падалі людзям.
І мелі крыху рыбкаў: дабраславіўшы, Ён расказаў паслужыць ім.
І елі, і насыціліся, і сабралі таго, што засталося, сем корабаў кавалкаў.
І елі і пад’елі; і набралі засталых кавалкаў сем кашоў.
Было ж тых, што елі, каля чатырох тысяч. І адпусціў іх.
Тых жа, што елі, было каля чатырох тысячаў. І адпусьціў іх.
І, адразу сеўшы са Сваімі вучнямі ў лодку, прыйшоў у межы Далмануты.
І без адвалокі ўвыйшоў у струг з вучанікамі Сваімі, і прыплыў у часьці Далмануфскія.
І фарысеі выйшлі, і пачалі з Ім спрачацца, і, выпрабоўваючы Яго, дамагаліся ў Яго знака з неба.
І вышлі фарысэі, і пачалі сьпярэчку зь Ім, шукаючы ў яго знаку зь неба, спакушаючы Яго.
І Ісус, уздыхнуўшы ў Духу Сваім, гаворыць: «Чаму гэтае пакаленне патрабуе знака? Сапраўды кажу вам: знак не будзе дадзены пакаленню гэтаму».
І Ён, уздыхаючы ў духу Сваім, сказаў: «Нашто род гэты шукае знаку? Запраўды кажу вам, ня дасца роду гэтаму знак».
Ды, пакінуўшы іх і зноў увайшоўшы ў лодку, пераправіўся праз мора.
І, пакінуўшы іх, ізноў увыйшоў у струг, і адплыў на тый бок.
І забыліся ўзяць хлеб, і мелі з сабою ў лодцы толькі адзін бохан.
І забыліся ўзяць хлеба, і ня мелі ў струзе із сабою балей як адну букатку.
І Ён загадаў ім, кажучы: «Глядзіце, сцеражыцеся кіслі фарысейскай ды кіслі Ірадавай».
А Ён расказаў ім, кажучы: «Глядзіце, сьцеражыцеся закісі фарысэйскае а закісі Гірадавае».
І яны разважалі між сабой, кажучы, што не маюць хлябоў.
І, разважаючы мяжсобку, гукалі: «Хлеба ня маем».
Ісус, разумеючы гэта, гаворыць ім: «Чаму бядуеце, што не маеце хлеба? Дасюль не ўцяміце і не зразумееце? Яшчэ акамянела сэрца ваша?
А Ісус, пазнаўшы, кажа ім: «Чаму разважаеце праз тое, што ня маеце хлеба? Ці вы яшчэ ня цяміце а не разумееце? ці яшчэ закалянена маеце сэрца свае?
Няўжо, маючы вочы, не бачыце ды, маючы вушы, не чуеце? І не памятаеце,
Маючы вочы, ня бачыце? маючы вушы, ня чуеце? і ня памятуеце?
як Я пяць хлябоў разламаў на пяць тысяч, колькі вы сабралі поўных кашоў кавалкаў?» Кажуць Яму: «Дванаццаць».
Як Я пяць букаткаў паламіў памеж пяцёх тысячаў, колькі поўных кашоў набралі вы кавалкаў?» Кажуць Яму: «Двананцаць».
«А калі тыя сем на чатыры тысячы, дык колькі тады сабралі корабаў кавалкаў?» Кажуць Яму: «Сем».
«А як сем памеж чатырох тысячаў, колькі поўных кашоў набралі вы кавалкаў?» І кажуць «Сем».
І казаў ім: «Дык яшчэ не разумееце?»
І сказаў ім: «Як гэта, што вы не разумееце?».
І прыходзіць у Бэтсайду. І прыводзяць да Яго сляпога, ды просяць, каб дакрануўся да яго.
І прыходзе да Віфсаіды; і прыводзяць да Яго нявіснога, і просяць Яго дакрануцца да яго.
Дык, узяўшы сляпога за руку, завёў яго за вёску і, плюнуўшы на вочы яму і ўсклаўшы Свае рукі на яго, спытаўся ў яго: «Бачыш што-небудзь?»
І Ён, узяўшы нявіснога за руку, вывеў яго вонкі зь местачка, і, плюнуўшы яму на вочы, узлажыў на яго рукі, і папытаўся ў яго, ці бача што.
А той, гледзячы, казаў: «Бачу людзей, што як дрэвы. Бачу, ходзяць».
Ён, глянуўшы ўгару, сказаў: «Бачу праходзячых людзёў, як дзервы».
І затым зноў усклаў рукі на вочы яго, аздаравіў яго зрок, і той стаў ясна ўсё бачыць.
Потым ізноў узлажыў рукі на вочы ягоныя і казаў яму глянуць угару. І ён быў адноўлены, і бачыў усе ясна.
І адправіў яго ў дом яго, кажучы: «Вярніся ў дом свой і не заходзь у вёску, не расказвай нікому».
І адаслаў яго двору, кажучы: «Не заходзь да местачка ані расказуй нікому ў местачку».
І направіўся Ісус з вучнямі Сваімі ў межы Цэзарэі Піліпавай. І ў дарозе пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «Што кажуць людзі: Хто Я ёсць?»
І вышаў Ісус а вучанікі Ягоныя да местачкаў Цэсары Піліпавае. І ў дарозе Ён пытаўся ў вучанікаў Сваіх, кажучы ім: «За каго Мяне маюць людзі?»
Яны адказалі Яму, кажучы: «Адны — што Ян Хрысціцель, другія — што Ілля, а яшчэ іншыя — што адзін з прарокаў».
Яны сказалі Яму, кажучы: «За Яана Хрысьціцеля, а некатрыя за Ільлю, а іншыя за аднаго з прарокаў».
Тады пытаўся Ён у іх: «А вы за каго Мяне лічыце?» Адказваючы, гаворыць Яму Пётра: «Ты — Хрыстос!»
І Ён папытаўся ў іх: «А вы за каго Мяне маеце?» Адказуючы, Пётра сказаў Яму: «Ты — Хрыстос».
І забараніў ім, каб нікому аб Ім не гаварылі.
І забараніў ім, каб нікому не казалі празь Яго.
І пачаў іх вучыць: «Сыну Чалавечаму трэба многа цярпець, і быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым ды па трох днях уваскрэснуць».
І пачаў вучыць іх, што Сыну Людзкому належа шмат цярпець, і быць адхіненым старцамі а найвышшымі сьвятарамі а кніжнікамі, і забітым быць, а за тры дні ўскрэснуць.
І прамаўляў пра гэта адкрыта. І Пётра, адвёўшы Яго, пачаў папракаць Яго.
І гукаў гэта адкрыта. І, узяўшы Яго на бок, Пётра пачаў ганіць Яго.
Ісус жа, азірнуўшыся і глянуўшы на Сваіх вучняў, забараніў Пётры і кажа: «Адыдзі ад Мяне, шатан, бо не разумееш, што Божае, але што чалавечае».
Але Ён, абярнуўшыся а глянуўшы на вучанікаў Сваіх, зганіў Пётру, сказаўшы: «Адыйдзі ад Мяне, шайтане, бо ты думаеш не праз тое, што Божае, але што людзкое».
І, склікаўшы людзей разам з вучнямі Сваімі, сказаў ім: «Калі хто хоча ісці за Мною, хай зрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой, ды ідзе за Мною.
І, пагукаўшы груд із вучанікамі Сваімі, сказаў ім: «Калі хто хоча йсьці за Імною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і йдзі за Імною;
Бо хто хацеў бы ўратаваць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне і дзеля Евангелля, той уратуе яе.
Бо хто хоча жыцьцё свае захаваць, згубе яго; а хто згубе жыцьцё свае дзеля Мяне а Евангелі, тый захавае яго.
Бо што за карысць чалавеку, калі ўвесь свет здабудзе, а душы сваёй пашкодзіць?
А якая карысьць людзіне, калі прыдбае цэлы сьвет, а душу сваю згубе?
І што дасць чалавек у выкуп за душу сваю?
Альбо якую мену дасьць людзіна за душу сваю?
Бо хто пасаромеецца Мяне і слоў Маіх перад гэтым распусным і грэшным пакаленнем, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з анёламі святымі».
Бо хто будзе сароміцца Мяне а словаў Маіх у родзе гэтым чужаложным а грэшным, і Сын Людзкі пасароміцца яго, як прыйдзе ў славе Айца Свайго ізь сьвятымі ангіламі».