Да Галятаў 5 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус. Таму трывайце і не паддавайцеся ярму няволі.
Дык стойце ж у свабодзе, дзеля якой Хрыстос вы́зваліў нас, і не аддавайце сябе зноў у ярмо рабства.
Вось я, Павел, кажу вам: калі вы дасцё сябе абрэзаць, Хрыстус вам нічым не дапаможа.
Вось, я, Павел, кажу вам: калі вы будзеце абрэ́звацца, то не будзе вам ніякае карысці ад Хрыста.
Яшчэ сведчу кожнаму чалавеку, які прымае абразанне, што ён павінен выконваць увесь Закон.
Яшчэ све́дчу кожнаму чалавеку, які абрэ́зваецца, што ён павінен вы́канаць увесь закон.
Вы, што апраўдваеце сябе Законам, аддаляецеся ад Хрыста і адпалі ад ласкі.
Вы, якія апра́ўдваеце сябе законам, засталíся без Хрыста, адпа́лі ад благадаці,
Мы ж у Духу з надзеяй чакаем апраўдання праз веру.
а мы духам з надзеяй чакаем праведнасці ад веры.
Таму што ў Хрысце Езусе не мае моцы ні абразанне, ні адсутнасць абразання, але вера, якая дзейнічае праз любоў.
Бо ў Хрысце Іісусе не мае сілы ні абрэ́занне, ні неабрэ́занне, а вера, якая дзейнічае праз любоў.
Вы беглі добра, і хто ж перашкодзіў вам быць паслухмянымі праўдзе?
Вы беглі добра: хто спыніў вас, каб вы не скараліся ісціне́
Пераконванне гэтае не ад таго, які вас кліча.
Гэтае ўздзеянне не ад Таго, Хто закліка́е вас.
Малая закваска квасіць усё цеста.
Мала́я закваска ўсё цеста заквашвае.
Наконт вас я ўпэўнены ў Пану, што вы не будзеце думаць інакш. А хто бунтуе вас, той будзе асуджанны, хто б ён не быў.
адносна вас я ўпэўнены ў Госпадзе, што вы не будзеце думаць інакш; а той, хто сее смуту сярод вас, панясе асуджэнне, хто б ён ні быў.
Браты, калі я і далей абвяшчаю абразанне, то чаму надалей мяне пераследуюць? Бо тады знікла б згаршэнне крыжа.
Я ж, браты, калі б усё яшчэ прапаведаваў абрэзанне, то за што б мяне гналі яшчэ́ тады б знікла спакуса крыжа.
О, каб былі скалечаныя тыя, якія вас бунтуюць!
Няхай аско́пяць сябе тыя, што сеюць смуту сярод вас!
Вы, браты, пакліканыя да свабоды. Толькі не выкарыстоўвайце свабоды, каб дагадзіць целу, але ў любові служыце адзін аднаму.
Вы ж да свабоды заклíканы, браты, каб толькі свабода тая не была́ дагаджа́ннем плоці; а вы любоўю служы́це адзін аднаму.
Бо ўвесь Закон спаўняецца ў адным: любі бліжняга свайго, як самога сябе.
Бо ўвесь закон у адным выслоўі змяшчаецца: «любі бліжняга твайго, як самога сябе».
Калі ж адзін аднаго кусаеце і з’ядаеце, то глядзіце, каб не пазабівалі вы адзін аднаго!
Калі ж вы адзін аднаго кусаеце і з’ядаеце, то глядзіце, каб адзін адным не былі вы знíшчаны.
Я кажу: паступайце паводле Духа і не выконвайце жаданняў цела.
Я кажу: жывіце паводле духу, і вы не будзеце выконваць пажа́днасцей плоці;
Бо жаданні цела супярэчаць Духу, а Дух супярэчыць целу, таму што яны супрацьстаяць адзін аднаму, каб вы не маглі рабіць таго, што хацелі б.
бо плоць жадае таго, што супраціўнае духу, а дух — тыго, што супраціўнае плоці: яны адно аднаму супрацьстая́ць, каб вы не тое рабілі, чаго хацелі б.
Калі кіруе вамі Дух, то вы не пад Законам.
Калі ж вы духам кіруецеся, то вы не пад законам.
Учынкі ж цела вядомыя, а гэта: распуста, нячыстасць, разбэшчанасць,
Учынкі плоці вядомы, вось яны: пралюбадзе́йства, блуд, нечыстата́, разбэ́шчанасць,
ідалапаклонства, чарадзейства, варожасць, спрэчкі, зайздрасць, гнеў, сварлівасць, звады, ерасі,
ідаласлужэнне, чарадзейства, варожасць, сваркі, за́йздрасць, гнеў, зва́ды, раздоры, спакусы, ерасі,
нянавісць, п’янства, непрыстойнасць і падобнае да гэтага. Кажу вам зноў, як і казаў, што тыя, хто гэта робіць, не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага.
нянавісць, забойствы, п’янства, бясчынствы і таму падобнае; папярэджваю вас, як і раней папярэджваў, што тыя, хто робіць так, Царства Божага не ўнаследуюць.
А плод Духа — гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць,
Плод жа духу: любоў, радасць, мір, доўгацярплівасць, добрасць, міласэрнасць, вера,
далікатнасць, стрыманасць. Супраць такіх няма Закону.
лагоднасць, устры́манасць. На такіх няма закону.
А тыя, хто належыць Хрысту, укрыжавалі цела разам з жаданнямі і пажадлівасцю.
Тыя ж, якія належаць Хрысту, распялі цела са страсцямі і пажаднасцямі.
Калі мы жывем паводле Духа, то і паступаем паводле Духа.
Калі мы жывём духам, то паводле духу і ўчынкі рабіць павінны.
Не будзем шукаць пустой славы, дражнячы і ненавідзячы адзін аднаго.
Не будзем ганарыцца сабою, адзін аднаго раздражня́ць, адзін аднаму зайздросціць.