Да Галятаў 5 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча
Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус. Таму трывайце і не паддавайцеся ярму няволі.
Хрыстос вывальніў нас да волі; дык стойце цьверда і не паддавайцеся ізноў пад іго няволі.
Вось я, Павел, кажу вам: калі вы дасцё сябе абрэзаць, Хрыстус вам нічым не дапаможа.
Вось, я Паўла кажу вам: калі вы абразаецеся, ня будзе вам ніякае карысьці ад Хрыста.
Яшчэ сведчу кожнаму чалавеку, які прымае абразанне, што ён павінен выконваць увесь Закон.
Яшчэ сьветчу кажнаму чалавеку, каторы абразаецца, што ён мае споўніць увесь Закон.
Вы, што апраўдваеце сябе Законам, аддаляецеся ад Хрыста і адпалі ад ласкі.
Вы, што правіцеся Законам, спабыліся Хрыста, адпалі ад ласкі,
Мы ж у Духу з надзеяй чакаем апраўдання праз веру.
Бо мы Духам зь веры жджэм справядлівасьці;
Таму што ў Хрысце Езусе не мае моцы ні абразанне, ні адсутнасць абразання, але вера, якая дзейнічае праз любоў.
Бо ў Хрысту Ісусу ня мае сілы ані абразаньне, ані неабразаньне, але вера, што дзее міласьцяй.
Вы беглі добра, і хто ж перашкодзіў вам быць паслухмянымі праўдзе?
Вы беглі добра; хто пераказіў вам, каб вы ня слухалі праўды?
Пераконванне гэтае не ад таго, які вас кліча.
Гэтае перакананьне не ад Гукаючага вас.
Малая закваска квасіць усё цеста.
Ад малое закісі кісьне ўсе цеста.
Наконт вас я ўпэўнены ў Пану, што вы не будзеце думаць інакш. А хто бунтуе вас, той будзе асуджанны, хто б ён не быў.
Я спадзяюся ўзглядам вас у Спадару, што вы ня будзеце думаць накш; а хто вас парушае, будзе мець рассудак свой, хто б ён ня быў.
Браты, калі я і далей абвяшчаю абразанне, то чаму надалей мяне пераследуюць? Бо тады знікла б згаршэнне крыжа.
Чаму, браты, мяне яшчэ перасьлядуюць, калі я яшчэ абяшчаю абразаньне? Тады спатыкненьне крыжа было б аддалена.
О, каб былі скалечаныя тыя, якія вас бунтуюць!
О каб былі нават адрэзаны тыя, што вас парушаюць!
Вы, браты, пакліканыя да свабоды. Толькі не выкарыстоўвайце свабоды, каб дагадзіць целу, але ў любові служыце адзін аднаму.
Бо вы, браты, пагуканыя да свабоды, адно каб пад прыклепам свабоды не гадзіць целу; але міласьцяй слугуйце адзін аднаму.
Бо ўвесь Закон спаўняецца ў адным: любі бліжняга свайго, як самога сябе.
Бо ўвесь Закон у вадным слове замыкаецца: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе».
Калі ж адзін аднаго кусаеце і з’ядаеце, то глядзіце, каб не пазабівалі вы адзін аднаго!
Калі ж вы адны адных грызіце а ясьце, глядзіце, каб ня выгубілі адны адных.
Я кажу: паступайце паводле Духа і не выконвайце жаданняў цела.
Я кажу: хадзіце Духам, і вы ніяк ня будзеце чыніць досыць жадлівасьцям цела;
Бо жаданні цела супярэчаць Духу, а Дух супярэчыць целу, таму што яны супрацьстаяць адзін аднаму, каб вы не маглі рабіць таго, што хацелі б.
Бо цела жадае напярэк Духа, і Дух —напярэк цела: яны праціўныя адно аднаму, каб вы не рабілі таго, чаго хочаце.
Калі кіруе вамі Дух, то вы не пад Законам.
Калі ж вы воджаныя Духам, дык вы не пад Законам.
Учынкі ж цела вядомыя, а гэта: распуста, нячыстасць, разбэшчанасць,
Учынкі цела яўныя, яны ё: чужалоства, бязулства, нечысьціня, аблуд,
ідалапаклонства, чарадзейства, варожасць, спрэчкі, зайздрасць, гнеў, сварлівасць, звады, ерасі,
Балвахвалства, чары, ненавіднасьць, сьпярэчкі, завіднасьць, гнеў, нязгода, падманы, падзелы, гэрасі,
нянавісць, п’янства, непрыстойнасць і падобнае да гэтага. Кажу вам зноў, як і казаў, што тыя, хто гэта робіць, не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага.
Завісьць, забіўствы, п’яцства, буянства і да гэтых падобныя. Кажу наперад, як і ўперад казаў, што гэта чынячым не спадзець гаспадарства Божае.
А плод Духа — гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць,
Плод жа Духа: міласьць, радасьць, супакой, цярплівосьць, зычлівасьць, дабрыня, вернасьць,
далікатнасць, стрыманасць. Супраць такіх няма Закону.
Лагоднасьць, валоданьне сабою. На гэткіх няма Закону.
А тыя, хто належыць Хрысту, укрыжавалі цела разам з жаданнямі і пажадлівасцю.
Але тыя, што Хрыстовы, укрыжавалі цела із жадобамі й жадамі.
Калі мы жывем паводле Духа, то і паступаем паводле Духа.
Калі мы жывем Духам, хадзіма таксама Духам.
Не будзем шукаць пустой славы, дражнячы і ненавідзячы адзін аднаго.
Ня гальмася на пустую славу, квелячы адзін аднаго, завідуючы адзін аднаму.