Да Галятаў 5 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус. Таму трывайце і не паддавайцеся ярму няволі.
 
Дык стойце ў свабодзе, якою вызваліў нас Хрыстос, і не патрапляйце ізноў пад ярмо няволі.

Вось я, Павел, кажу вам: калі вы дасцё сябе абрэзаць, Хрыстус вам нічым не дапаможа.
 
Вось я, Павал, кажу вам, што, калі вы абрэзваецеся, Хрыстос вам ня дасьць ніякай карысьці.

Яшчэ сведчу кожнаму чалавеку, які прымае абразанне, што ён павінен выконваць увесь Закон.
 
Зноў жа сьведчу ўсякаму чалавеку, які абрэзваецца, што ён павінен выканаць увесь Закон.

Вы, што апраўдваеце сябе Законам, аддаляецеся ад Хрыста і адпалі ад ласкі.
 
Вы, якія апраўдваецеся праз Закон, зьнішчылі [ў сабе] Хрыста, адпалі ад ласкі.

Мы ж у Духу з надзеяй чакаем апраўдання праз веру.
 
Бо мы духам праз веру чакаем надзеі праведнасьці.

Таму што ў Хрысце Езусе не мае моцы ні абразанне, ні адсутнасць абразання, але вера, якая дзейнічае праз любоў.
 
Бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ані абразаньне, ані неабразаньне, але вера, якая дзейнічае праз любоў.

Вы беглі добра, і хто ж перашкодзіў вам быць паслухмянымі праўдзе?
 
Вы беглі добра. Хто перашкодзіў вам, каб вы ня мелі перакананасьці ў праўдзе?

Пераконванне гэтае не ад таго, які вас кліча.
 
Гэткае перакананьне не ад Таго, Які вас кліча.

Малая закваска квасіць усё цеста.
 
Малая кісьля ўсё цеста квасіць.

Наконт вас я ўпэўнены ў Пану, што вы не будзеце думаць інакш. А хто бунтуе вас, той будзе асуджанны, хто б ён не быў.
 
Я перакананы наконт вас у Госпадзе, што вы ня будзеце думаць аніяк іначай. А той, хто вас трывожыць, хто б ён ні быў, атрымае асуджэньне.

Браты, калі я і далей абвяшчаю абразанне, то чаму надалей мяне пераследуюць? Бо тады знікла б згаршэнне крыжа.
 
Калі ж я, браты, усё яшчэ абвяшчаю абразаньне, чаму я перасьледаваны? Тады зьнішчанае будзе згаршэньне крыжа.

О, каб былі скалечаныя тыя, якія вас бунтуюць!
 
О, каб былі адсечаны тыя, якія вас бунтуюць!

Вы, браты, пакліканыя да свабоды. Толькі не выкарыстоўвайце свабоды, каб дагадзіць целу, але ў любові служыце адзін аднаму.
 
Бо вы да свабоды пакліканыя, браты. Толькі каб свабода ня [сталася] нагодай для [пажаданьняў] цела, але праз любоў служыце адзін аднаму.

Бо ўвесь Закон спаўняецца ў адным: любі бліжняга свайго, як самога сябе.
 
Бо ўвесь Закон у адным слове спаўняецца: «Любі бліжняга твайго як самога сябе».

Калі ж адзін аднаго кусаеце і з’ядаеце, то глядзіце, каб не пазабівалі вы адзін аднаго!
 
Калі ж адзін аднаго кусаеце і зьядаеце, глядзіце, ня будзьце зьнішчаныя адзін адным.

Я кажу: паступайце паводле Духа і не выконвайце жаданняў цела.
 
А я кажу: хадзіце [паводле] духа і пажаданьняў цела ня будзеце спаўняць.

Бо жаданні цела супярэчаць Духу, а Дух супярэчыць целу, таму што яны супрацьстаяць адзін аднаму, каб вы не маглі рабіць таго, што хацелі б.
 
Бо цела жадае насупраць духу, а дух — насупраць целу: яны адзін аднаму працівяцца, каб вы рабілі ня тое, што б хацелі.

Калі кіруе вамі Дух, то вы не пад Законам.
 
Калі ж вы ведзеныя духам, вы не пад Законам.

Учынкі ж цела вядомыя, а гэта: распуста, нячыстасць, разбэшчанасць,
 
А ўчынкі цела яўныя, яны ёсьць чужалоства, распуста, нячыстасьць, бессаромнасьць,

ідалапаклонства, чарадзейства, варожасць, спрэчкі, зайздрасць, гнеў, сварлівасць, звады, ерасі,
 
ідалапаклонства, чараўніцтва, варожасьць, сваркі, рэўнасьць, ярасьць, сварлівасьць, нязгода, герэзіі,

нянавісць, п’янства, непрыстойнасць і падобнае да гэтага. Кажу вам зноў, як і казаў, што тыя, хто гэта робіць, не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага.
 
зайздрасьць, забойствы, п’янства, гулянкі і падобнае гэтаму. Гэта наперад кажу вам, як і раней казаў, што тыя, якія гэтак робяць, не ўспадкаемяць Валадарства Божага.

А плод Духа — гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць,
 
Плод жа Духа — любоў, радасьць, супакой, доўгацярплівасьць, ласкавасьць, добрасьць, вера,

далікатнасць, стрыманасць. Супраць такіх няма Закону.
 
ціхасьць, стрыманасьць. Супраць гэтакіх няма Закону.

А тыя, хто належыць Хрысту, укрыжавалі цела разам з жаданнямі і пажадлівасцю.
 
А тыя, якія Хрыстовыя, укрыжавалі цела з пакутамі і пажаданьнямі.

Калі мы жывем паводле Духа, то і паступаем паводле Духа.
 
Калі мы жывем [паводле] Духа, дык і ходзім сьледам за Духам.

Не будзем шукаць пустой славы, дражнячы і ненавідзячы адзін аднаго.
 
Не шукайма пустой славы, адзін аднаго раздражняючы, адзін аднаму зайздросьцячы.