Мацьвея 6 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Пятроўскага
Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах.
Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая,
каб міласціна твая была патаемнай. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім будуць пачутыя.
Не будзьце ж падобнымі да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго.
Таму вы так маліцеся:Ойча наш, каторы ёсць у небе,свяціся імя Тваё,
прыйдзі Валадарства Тваё,будзь воля Твая,як у небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
і адпусці нам правіны нашы,як і мы адпускаем вінаватым нашым.
І не ўводзь нас у спакусу,але збаў нас ад злога.
Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам.
А калі не будзеце адпускаць людзям, то і Айцец ваш не адпусціць вам правінаў вашых.
Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
Ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый свой твар,
каб паказаць, што посціш, не людзям, але Айцу твайму, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць.
Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць.
Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.
Светачам цела ёсць вока. Калі ж вока тваё чыстае, то ўсё цела тваё будзе светлае.
Калі ж вока тваё дрэннае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Калі ж святло, якое ў табе, з’яўляецца цемрай, то якая ж цемра!
Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне.
Таму кажу вам: не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж не большае жыццё за ежу, а цела — за вопратку?
Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не больш вартыя за іх?
І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць адзін локаць?
І аб вопратцы навошта турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць.
Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх.
Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, ці не намнога больш вас, малаверныя?
Таму не турбуйцеся і не кажыце: “Што нам есці?” або: “Што піць?”, або: “У што апрануцца?”
Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. А ваш Нябесны Айцец ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.
Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай, а гэта ўсё дадасца вам.
Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату.