2 Пятра 2 разьдзел

Другое пасланьне Пятра
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Былі ж і фальшывыя прарокі ў народзе, як і ў вас будуць фальшывыя настаўнікі, якія ўвядуць згубныя ерасі і, выракаючыся таго, хто адкупіў іх, Валадара, наклічуць на сябе хуткую згубу.
 
Былі й ілжэпрарокі ў народзе, як і ў вас будуць ілжэнастаўнікі, якія ўвядуць згубныя ерасі, і адракаючыся ад Госпада, Які адкупіў іх, навядуць самі на сябе неўзабаўную пагібель.

Многія пойдуць за іх разбэшчанасцю, і праз іх шлях праўды будзе зняважаны.
 
І многія пасьледуюць іхняй распусьце, і празь іх шлях праўды будзе зьняважаны.

У хцівасці будуць лавіць вас ліслівымі словамі. Прысуд ім даўно гатовы, і згуба іх не абміне.
 
І ў любазьдзірстве будуць лавіць вас лісьлівымі словамі; суд ім даўно гатовы і пагібель іхняя ня дрэмле.

Бо калі Бог не пашкадаваў анёлаў, якія зграшылі, але, звязаўшы путамі цемры, скінуў у адхлань, каб там чакалі суда;
 
Бо калі Бог анёлаў нашых ня літаваў, а, павязаўшы кайданамі пякельнага мораку, перадаў захаваць іх суду на пакараньне,

калі не пашкадаваў таксама даўняга свету, але паслаў патоп на бязбожных, захаваўшы толькі восем асобаў разам з Ноем, веснікам справядлівасці;
 
і калі не пашкадаваў першага сьвету, а ў васьмі душах захаваў сям’ю Ноя, вястуна праўды, калі навёў патоп на сьвет бязбожных;

і калі гарады Садому і Гамору, асудзіўшы на знішчэнне, абярнуў у попел, як перасцярогу бязбожнікам,
 
і калі гарады Садомскія і Гаморскія, асудзіўшы на вынішчэньне, абярнуў у попел, паказаўшы прыклад будучым бязбожнікам,

а справядлівага Лота, змучанага распусным жыццём нягоднікаў, уратаваў,
 
а праведнага Лота, стомленага адносінамі паміж людзьмі шалёна разбэшчанымі, выбавіў,

бо гэты справядлівы, жывучы сярод іх і чуючы ды бачачы ўчынкі беззаконня, штодня зведваў пакуты справядлівай душы,
 
бо гэты праведнік, жывучы сярод іх, кожны дзень мучыўся ў справядлівай душы, бачачы і чуючы справы беззаконныя, —

то ведае Пан, як уратаваць пабожных ад выпрабавання, а несправядлівых захаваць на дзень суда,
 
дык, вядома, ведае Гасподзь, як асланяць пабожных ад спакусы, а беззаконцаў захаваць да дня суднага, на пакараньне,

асабліва тых, што служаць целу ў нячыстай пажадлівасці і пагарджаюць Божай уладай. Дзёрзкія, ганарыстыя, не баяцца нават зневажаць нябесныя істоты,
 
а асабліва тых, якія ідуць па сьледзе брудных пахацінстваў плоці, пагарджаюць уладамі, дзёрзкія, самавольнікі, і не баяцца ліхасловіць вышэйшых,

тады як анёлы, хоць большыя сілаю і моцаю, не асуджаюць іх перад Панам.
 
тым часам як анёлы, большыя за іх моцай і сілай, не нясуць на іх да Госпада дакорлівай асуды.

А яны, як неразумныя жывёлы, народжаныя паводле прыроды на ўлоў ды ўбой, зневажаюць тое, чаго не ведаюць, таму як гэтыя жывёлы будуць знішчаныя
 
Яны, як бязмоўныя жывёлы, якіх водзіць іхняя прырода, народжаныя на ўпаляваньне і вынішчэньне, ліхасловячы тое, чаго не разумеюць, у разбэшчанасьці сваёй вынішчацца;

і атрымаюць адплату за несправядлівасць. Шчасцем лічаць яны штодзённую асалоду; бессаромныя і распуснікі, яны знаходзяць асалоду ў сваіх ашуканствах, банкетуючы з вамі.
 
яны атрымаюць помсту за беззаконьне: бо яны бачаць асалоду ў штодзённай распусьце; паганьбенцы і паскуднікі, яны цешацца з ашукаў сваіх, банкетуючы з вамі;

Вочы іхнія напоўнены чужаложствам і няспынным грахом; яны зводзяць слабых; іх сэрца прывучана да нажывы; гэта сыны праклёну.
 
вочы ў іх поўныя юру і няспыннага грэху; яны вабяць нямоцныя душы; сэрца ў іх прывучана да любазьдзірства: гэта — сыны пракляцьця;

Яны пакінулі просты шлях, заблукалі, сышоўшы на дарогу Балаама, сына Басора, які палюбіў несправядлівую ўзнагароду,
 
пакінуўшы простую дарогу, яны заблудзіліся і пайшлі па сьлядах Валаама, сына Васоравага, які палюбіў плату несправядлівую,

але быў асаромлены за сваё беззаконне: бязмоўная ўючная жывёліна, прамовіўшы чалавечым голасам, спыніла шаленства прарока.
 
але быў выкрыты ў сваім беззаконьні: нямая асьліца, загаварыўшы чалавечым голасам, спыніла безгалоўе прарока.

Гэта крыніцы бязводныя, хмары, што бура ганяе; для іх падрыхтаваны змрок цемры.
 
Гэта — бязводныя крыніцы, хмары і туманы, гнаныя бураю: ім падрыхтаваны морак вечнай цемрадзі.

Бо, прамаўляючы надзьмутыя і пустыя словы, яны зводзяць праз пажадлівасць цела і распусту тых, хто ледзь толькі ўцёк ад заблукалых.
 
Бо, прамаўляючы пыхлівае пустаслоўе, яны надзяць пажадаю цела і распустаю тых, што ледзьве ўцяклі ад замарочаных аблудаю;

Яны абяцаюць ім свабоду, хоць самі застаюцца нявольнікамі знішчэння, бо хто кім пераможаны, той таго і нявольнік.
 
абяцаюць ім свабоду, а самыя рабы тленьня; бо, хто кім пераможаны, той таму і раб.

Калі ж, уцёкшы ад сапсаванасці свету праз пазнанне нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста, зноў, заблытаўшыся, паддаюцца ёй, то апошняе для іх горшае за першае.
 
Бо, калі, унікнуўшы нечысьці сьвету праз спазнаньне Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, зноў заблытваюцца ў іх і перамагаюцца імі, дык апошняе для такіх бывае горш за першае.

Бо лепш было б ім не ведаць дарогі справядлівасці, чым, пазнаўшы, адвярнуцца ад перададзенай ім святой запаведзі.
 
Лепей бы ім не спазнаць дарогі праўды, чым, спазнаўшы, вярнуцца назад ад перададзенай ім сьвятой запаведзі.

Сталася з імі паводле слушнай прыказкі: «Сабака вяртаецца да сваіх ванітаў, а вымытая свіння — у брудную лужыну».
 
Бо здараецца зь імі як у той праўдзівай прымаўцы: сабака вяртаецца на ваніты свае, і: памытая сьвіньня ідзе качацца ў балоце.