Да Каласянаў 2 разьдзел
Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад П. Татарыновіча
Бо я хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я вяду за вас і за тых, хто ў Лаадыкеі, а таксама за ўсіх тых, хто не бачыў мяне асабіста.
Жадаю бо, каб вы ведалі, як шчыра турбуюся аб вас і аб тых, што ў Ляодыцэі ды аб усіх тых, што мяне ня знаюць, асабіста ня бачылі мяне,
Няхай будуць заахвочаны іхнія сэрцы і злучаны ў любові дзеля ўсяго багацця паўнаты разумення, дзеля пазнання таямніцы Бога, Хрыста,
каб уцешыліся сэрцы іхнія ў любаснай сулуцы ды ўзбагаціліся дасканальным пазнаннем тайніцы Бога Айца і Хрыстуса,
у якім схаваны ўсе скарбы мудрасці і пазнання.
ў якім сукрыты ўсе скарбы мудрасьці і веды.
Я кажу гэта, каб хто з вас не паддаўся зману прывабных словаў.
Гавару вам гэта, каб хто ня зьвёў вас падступнымі доказамі;
Бо хоць я і адсутнічаю целам, але ў духу я з вамі і радуюся, калі бачу ваш лад жыцця і цвёрдасць вашай веры ў Хрысце.
бо хоць я целам і адсутнічаю, але духам я з вамі, ўглядаючыся на ваш лад і вытрываласьць веры ў Хрыстуса.
Як вы прынялі Пана Езуса Хрыста, так паступайце ў Ім,
Як, восьжа, вы прынялі Хрыстуса Езуса Усеспадара, так і трымайцеся ў Ім,
укаранёныя і збудаваныя ў Ім, умацаваныя вераю, як навучылі вас, і перапаўняючыся ўдзячнасцю.
укарэненыя і ўбудаваныя ў Яго моцнай верай, спасьцейліва і з удзячнасьцю яе навучыўшыся.
Глядзіце, каб ніхто не захапіў вас у палон філасофіяй і марным падманам паводле чалавечай традыцыі, паводле стыхій свету, а не паводле Хрыста.
Сьцеражэцеся, каб хто не абласуціў вас філязафічным подступам і мрояй пустою, абапёртай на пераказах чыста людзкіх, ці на стыхіі сьвету, а не на Хрыстусе;
Бо ў Ім цялесна жыве ўся паўната боскасці,
у Ім бо жыве ўся поўня Боства цялесна,
і вы атрымалі паўнату ў Ім, які ёсць Галавою ўсялякага панавання і ўлады.
і вы-ж напоўненыя ў Ім, Ён бо галава усякага валадарніцтва ды ўлады.
У Ім вы таксама абрэзаныя Хрыстовым абразаннем, а не чалавечым абразаннем зямнога грахоўнага цела.
У Ім вы і абразаныя, але ня рукою чалавечай, а Ім-жа, Хрыстусам, зьняўшым з цела похатную грэшнасьць;
Пахаваныя ў хросце разам з Ім, вы таксама ўваскрэслі ў Ім дзякуючы веры ў дзеянне Бога, які ўваскрасіў Яго.
пахаваныя зь Ім праз хрост зь Ім вы такжа згробуўсталі разам вераю ў магуцтва Бога, збудзіўшага Яго з умерлых;
І вас, мёртвых з-за правінаў і неабразанне вашага цела, Ён ажывіў разам з Ім, дараваўшы ўсе правіны.
дый вас, што былі ўмерлымі ў грахох неабразанага цела, ажывіў разам зь Ім, адпушчаючы нам усе правіны;
Ён сцёр запіс нашых даўгоў, які быў супраць нас, і скасаваў яго, прыбіўшы да крыжа.
скасаваўшы тэкст, што зьмяшчаў дэкрэт проці нас, ён зрабіў яго няважным, прыбіўшы да крыжа;
Раззброіў панаванні і ўлады, выставіў іх напаказ, трыумфальна перамогшы іх у Хрысце.
а разброіўшы відовішчна валадарствы і ўлады, трыумфаваў над імі.
Няхай ніхто не асуджае вас за ежу, піццё або святы, або адзначэнне маладзіка ці шабатаў.
Хайжа тады ніхто не асуджае вас за еміну, ці напітак, або сьвяткаванне якое, маладзіка, ці шабату;
Гэта цень будучых рэчаў, а тут ёсць цела Хрыста.
гэта бо толькі спакмень мабытнага, рэчаіснасьць-жа — у Хрыстусе.
Няхай не зводзіць вас той, хто мае ўпадабанне ў самапрыніжэнні і пакланенні анёлам, хто ўваходзіць у тое, што ўбачыў, марна раздзімаючы сваім цялесным розумам,
Дый ніхто няхай не бянтэжыць вас сваявольнай пустамудрасьцяй уніжонасьці ды культу анёлам, асьмяляючыся мроіць аб тым, чаго ня бачыў,
але не трымаючыся Галавы. Ад яе ўсё цела, якое падтрымліваецца і ўмацоўваецца суставамі і сухажыллямі, узрастае ростам Божым.
а ня трымаючыся Хрыстуса Галавы, містычнай, ад якое ўсё цела, суставамі й вязямі споенае і змацаванае, расьце ростам Божым.
Калі вы памерлі разам з Хрыстом для стыхіяў свету, чаму вы падпарадкоўваецеся правілам, нібы яшчэ жывяце ў свеце?
І калі вы з Хрыстусам умерлі для элементаў (жыўнеў) гэтага сьвету, то чамуж вы — якбы жылі шчэ ў ім — трымаецеся ягоных загадаў:
«Не чапай, не каштуй, не дакранайся».
(таго) «не крані», (таго) «ня руш», (таго) «не каштуй» —
Але ж усё гэта знішчыцца праз выкарыстанне паводле чалавечых наказаў і вучэнняў.
ўсё гэта (моў) тлее ад ужывання, водле вучэння й наказаў людзкіх.
З прычыны павярхоўнай рэлігійнасці, самапрыніжэння і ўтаймавання цела гэта стварае толькі выгляд мудрасці, але не мае ніякай вартасці, бо служыць самазадавальненню.
Алеж гэта напазор толькі выдаецца мудрасьцю, ў самавольных культах упакарання і умору цела, а не ў рэчаіснасьці, ў пашанотным насычанні цела.