Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Да Каласянаў 2 Пасланне да Каласянаў 2 разьдзел

Клопат Паўла аб адрасатах

1 Бо я хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я вяду за вас і за тых, хто ў Лаадыкеі, а таксама за ўсіх тых, хто не бачыў мяне асабіста.
2 Няхай будуць заахвочаны іхнія сэрцы і злучаны ў любові дзеля ўсяго багацця паўнаты разумення, дзеля пазнання таямніцы Бога, Хрыста,
3 у якім схаваны ўсе скарбы мудрасці і пазнання.
4 Я кажу гэта, каб хто з вас не паддаўся зману прывабных словаў.
5 Бо хоць я і адсутнічаю целам, але ў духу я з вамі і радуюся, калі бачу ваш лад жыцця і цвёрдасць вашай веры ў Хрысце.
6 Як вы прынялі Пана Езуса Хрыста, так паступайце ў Ім,
7 укаранёныя і збудаваныя ў Ім, умацаваныя вераю, як навучылі вас, і перапаўняючыся ўдзячнасцю.
8 Глядзіце, каб ніхто не захапіў вас у палон філасофіяй і марным падманам паводле чалавечай традыцыі, паводле стыхій свету, а не паводле Хрыста.
9 Бо ў Ім цялесна жыве ўся паўната боскасці,
10 і вы атрымалі паўнату ў Ім, які ёсць Галавою ўсялякага панавання і ўлады.
11 У Ім вы таксама абрэзаныя Хрыстовым абразаннем, а не чалавечым абразаннем зямнога грахоўнага цела.
12 Пахаваныя ў хросце разам з Ім, вы таксама ўваскрэслі ў Ім дзякуючы веры ў дзеянне Бога, які ўваскрасіў Яго.
13 І вас, мёртвых з-за правінаў і неабразанне вашага цела, Ён ажывіў разам з Ім, дараваўшы ўсе правіны.
14 Ён сцёр запіс нашых даўгоў, які быў супраць нас, і скасаваў яго, прыбіўшы да крыжа.
15 Раззброіў панаванні і ўлады, выставіў іх напаказ, трыумфальна перамогшы іх у Хрысце.
Супраць фальшывай аскезы

16 Няхай ніхто не асуджае вас за ежу, піццё або святы, або адзначэнне маладзіка ці шабатаў.
17 Гэта цень будучых рэчаў, а тут ёсць цела Хрыста.
18 Няхай не зводзіць вас той, хто мае ўпадабанне ў самапрыніжэнні і пакланенні анёлам, хто ўваходзіць у тое, што ўбачыў, марна раздзімаючы сваім цялесным розумам,
19 але не трымаючыся Галавы. Ад яе ўсё цела, якое падтрымліваецца і ўмацоўваецца суставамі і сухажыллямі, узрастае ростам Божым.
20 Калі вы памерлі разам з Хрыстом для стыхіяў свету, чаму вы падпарадкоўваецеся правілам, нібы яшчэ жывяце ў свеце?
21 «Не чапай, не каштуй, не дакранайся».
22 Але ж усё гэта знішчыцца праз выкарыстанне паводле чалавечых наказаў і вучэнняў.
23 З прычыны павярхоўнай рэлігійнасці, самапрыніжэння і ўтаймавання цела гэта стварае толькі выгляд мудрасці, але не мае ніякай вартасці, бо служыць самазадавальненню.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланне да Каласянаў, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019