1 Я хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я вяду за вас і за тых, што ў Лаадыкíі і ў Іера́палі, і за ўсіх, хто не бачыў аблічча майго ў плоці,
2 каб усце́шыліся сэрцы іх, злучаныя ў любові і дзеля ўсяго багацця паўнаты разумення, дзеля спазна́ння тайны Бога і Айца і Хрыста,
3 у Якім скрыты ўсе скарбы мудрасці і ве́дання.
4 Гэта кажу я, каб хто-небудзь не ўвёў вас у зман праўдападобнымі довадамі;
5 бо я, хоць і адсутнічаю плоццю, але духам з вамі, радуючыся і бачачы ў вас лад і цвёрдасць вашай веры ў Хрыста.
6 Дык вось, як прынялí вы Хрыста Іісуса Госпада, так і хадзіце ў Ім,
7 укаранёныя і ўсталява́ныя ў Ім і ўмацава́ныя ў веры, як вы былі наву́чаны, узбагача́ючыся ў ёй з удзячнасцю.
8 Глядзіце, каб хто-небудзь не захапіў вас філасофіяй і пустым падманам паводле пада́ння чалавечага, паводле стыхій свету, а не паводле Хрыста,
9 бо ў Ім прысутнічае ўся паўната Бажаства цялесна,
10 і вы маеце паўнату ў Ім, Які з’яўляецца галавою ўсякага начальства і ўлады;
11 у Ім вы і абрэзаны былí абрэзаннем нерукатворным, скіда́ннем грахоўнага цела плоці, абрэзаннем Хрыстовым;
12 пахаваныя разам з Ім у хрышчэнні, у Ім вы разам і ўваскрэслі праз веру ў сілу Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,
13 і вас, якія былі мёртвымі ў грахах і ў неабрэзанні плоці вашай, ажывіў разам з Ім, прабачыўшы нам усе грахі,
14 сцёршы прад’яўлены нам спісак даўгоў, што быў супраць нас; Ён скасаваў яго, прыбіўшы цвікамі да крыжа;
15 абяззброіўшы начальствы і ўлады, Ён выставіў іх на ганьбу, перамогшы іх Сабою.
16 Дык вось, няхай ніхто не асуджа́е вас за ежу, ці за пітво, ці за тое, што даты́чыць свята, ці маладзіка́, ці суботы:
17 гэта — цень бу́дучыні, це́ла ж — Хрыстос.
18 Ніхто няхай не ўвядзе вас у зман праз самавольную пакорнаму́драсць і паклане́нне ангелам, удаючы́ся ў тое, чаго не бачыў, марна надзіма́ючыся плоцкім сваім розумам
19 і не трыма́ючыся галавы, ад якой ўсё цела, сувязямі і злучэннямі змацава́нае і з’ядна́нае, расце ўзраста́ннем Божым.
20 Дык вось, калі вы з Хрыстом памерлі для стыхій свету, то чаму вы, як быццам жывучы́ ў свеце, падпарадкоўваецеся ўстанаўленням:
21 «не дакранайся», «не еж», «не чапа́й» —
22 усё гэта знішчаецца пры ўжыванні — паводле запаведзяў і вучэння чалавечага́
23 гэта мае толькі выгляд мудрасці ў самавольным пакланенні, пакорнамудрасці і знясільва́нні цела, у пэўным занядба́нні насычэ́ння плоці.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Да Калосян Пасланне святога Апостала Паўла, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Біблейская камісія БПЦ
© 2017