1 Яна 2 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Дзе́ткі мае́! пішу вам гэтае, каб вы не грашылі, а калі бы хто саграшыў, дык маем Заступніка перад Айцом, Ісуса Хрыста, Праведніка;
Дзеткі мае! Пішу вам гэтае, каб вы не грашылі, а калі хто зграшыў, маем Абаронцу перад Айцом, Ісуса Хрыста, Праведніка.
Ён ёсьць зьмілаваньне за грахі нашыя, і ня толькі за нашыя, але й за грахі ўсяго сьве́ту.
Ён ёсьць перамольваньне за грахі нашыя, і ня толькі за нашыя, але і за [грахі] ўсяго сьвету.
А што мы пазналі Яго, даве́дываемся з таго, што выпаўняем за́паведзі Яго.
І што мы пазналі Яго, даведваемся з таго, што захоўваем прыказаньні Ягоныя.
Хто кажа: я пазнаў Яго, але за́паведзяў Яго не выпаўняе, той брахун, і няма ў ім праўды;
Хто кажа: «Я пазнаў Яго», і прыказаньні Ягоныя не захоўвае, той хлус, і няма ў ім праўды;
а хто выпаўняе слова Яго, у тым запраўды любоў Божая завяршылася: з гэтага пазнаём, што мы ў Ім.
а хто захоўвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая завяршылася. З гэтага даведваемся, што мы ў Ім.
Хто кажа, што ў Ім прабывае, той павінен хадзіць так, як Ён хадзіў.
Хто кажа, што ў Ім застаецца, павінен хадзіць так, як Ён хадзіў.
Браты! ня новую запаведзь пішу вам, але запаведзь старадаўную, якую вы ме́лі ад пачатку: запаведзь старадаўная ёсьць слова, якое вы чулі ад пачатку.
Браты! Ня новае прыказаньне пішу вам, але прыказаньне старое, якое вы мелі ад пачатку. Прыказаньне старое ёсьць слова, якое вы чулі ад пачатку.
Зноў жа і новую запаведзь пішу вам, што праўдзіва і ў Ім, і ў вас: што праходзе це́мра, і праўдзівае сьвятло сьве́ціць ужо.
Зноў жа новае прыказаньне пішу вам, якое праўдзіва ў Ім і ў вас, што цемра праходзіць, і праўдзівае сьвятло ўжо сьвеціць.
Хто кажа, што ён у сьвятле́, а ненавідзіць брата свайго, той у це́мры дагэтуль.
Хто кажа, што ён у сьвятле, і ненавідзіць брата свайго, той у цемры дагэтуль.
Хто любіць брата свайго, той прабывае ў сьвятле́, і няма ў ім спакушэньня;
Хто любіць брата свайго, застаецца ў сьвятле, і няма ў ім згаршэньня.
а хто ненавідзіць брата свайго, той у це́мры знаходзіцца і ў це́мры ходзіць ды ня ве́дае, куды йдзе́, бо цемра вочы яму асьляпіла.
А хто ненавідзіць брата свайго, той ёсьць у цемры, і ў цемры ходзіць, і ня ведае, куды ідзе, таму што цемра засьляпіла вочы яму.
Пішу вам, дзеткі, што дараваны вам грахі дзеля іме́ньня Яго.
Пішу вам, дзеткі, што адпушчаны вам грахі дзеля імя Яго.
Пішу вам, айцы, бо вы пазналі Істнуючага ад пачатку. Пішу вам, дзяцюкі, бо вы перамаглі злога. Пішу вам, падросткі, бо вы пазналі Айца.
Пішу вам, бацькі, што вы пазналі Таго, Які ад пачатку. Пішу вам, юнакі, што вы перамаглі злога. Пішу вам, дзеці, што вы пазналі Айца.
Я напісаў вам, айцы, бо вы пазналі Беспачатнага. Я напісаў вам, дзяцюкі, бо вы дужыя, і слова Божае трывае ў вас, і вы перамаглі злога.
Я напісаў вам, бацькі, што вы пазналі Таго, Які ад пачатку. Я напісаў вам, юнакі, што вы дужыя, і слова Божае застаецца ў вас, і вы перамаглі злога.
Ня любе́це сьве́ту, ні таго, што ў сьве́це. Хто любіць сьве́т, у тым няма любві Айца.
Не любіце сьвету, ані таго, што ў сьвеце. Хто любіць сьвет, у тым няма любові Айца.
Бо ўсё, што ў сьве́це: пажаданьне це́ла, пажаданьне вачэй і пыха жыцьцёвая, — ня ёсьць ад Айца, але ад гэтага сьве́ту.
Бо ўсё, што ў сьвеце: пажаданьне цела, і пажаданьне вачэй, і пыха жыцьцёвая, — ня ёсьць ад Айца, але ад сьвету.
І сьве́т праходзе, і пажаданьне яго, а хто выпаўняе волю Божую, той трывае даве́ку.
І сьвет праходзіць, і пажаданьне ягонае, а хто чыніць волю Божую, застаецца на вякі.
Дзе́ці! Апошняя гадзіна! І, як вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, а цяпер зьявілася многа антыхрыстаў, дык мы і пазнаем з гэтага, што настала апошняя гадзіна.
Дзеці! Апошняя гадзіна! І як вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, і цяпер зьявілася шмат антыхрыстаў, дык мы даведваемся з гэтага, што апошняя гадзіна.
Яны выйшлі спаміж нас, але ня былі з нашых; бо, каб яны былі з нашых, дык асталіся-б з намі; але яны выйшлі, каб выявілася, што ня ўсе́ з нашых.
Яны выйшлі ад нас, але не былі ад нас; бо, калі б яны былі ад нас, засталіся б з намі; але [выйшлі], каб выявілася, што ня ўсе ад нас.
Дый вы маеце памазаньне ад Сьвятога і ве́даеце ўсё.
І вы маеце памазаньне ад Сьвятога, і ведаеце ўсё.
Я напісаў вам не затым, што вы ня ве́далі-б праўды, але затым, што вы ве́даеце яе́, дый што ўсякая ілжа не ад праўды.
Я напісаў вам не таму, што вы ня ведаеце праўды, але таму, што вы ведаеце яе, і што ніякай хлусьні няма ад праўды.
Хто брахун, калі ня той, хто адкідае, што Ісус ёсьць Хрыстос? Гэта — антыхрыст, які адкідае Айца і Сына.
Хто хлус, калі ня той, хто адракаецца, што Ісус ёсьць Хрыстос? Гэта — антыхрыст, які адракаецца Айца і Сына.
Усякі, хто адкідае Сына, ня мае і Айца.
Усякі, хто адракаецца Сына, ня мае і Айца; хто вызнае Сына, мае і Айца.
Дык што́ вы чулі ад пачатку, тое няхай і прабывае ў вас; калі прабывацьме ў вас тое, што́ вы чулі ад пачатку, то й вы прабываць будзеце ў сыне і Айцу.
Дык што вы чулі ад пачатку, тое няхай застаецца ў вас. Калі застанецца ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, вы застанецеся і ў Сыне, і ў Айцу.
І вось гэтае абяцаньне, якое Ён абяцаў нам, ёсьць жыцьцё ве́чнае.
І гэтае абяцаньне, якое Ён абяцаў нам, ёсьць жыцьцё вечнае.
Гэта я напісаў вам аб тых, што зводзяць вас.
Гэта я напісаў вам пра тых, якія падманваюць вас.
Дый памазаньне, якое вы дасталі ад Яго, у вас прабывае, і вы ня маеце патрэбы, каб хто вучыў вас; але, як гэтае самае памазаньне вучыць вас аб усім, а яно праўдзівае і не манлівае, дык, як яно навучыла вас, у тым прабывайце.
І памазаньне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас застаецца, і вы ня маеце патрэбы, каб хто вучыў вас; але як гэтае самае памазаньне вучыць вас пра ўсё, і яно праўдзівае і не манлівае, дык, як яно навучыла вас, у тым заставайцеся.
Дык вось, дзе́ткі, прабывайце ў Ім, каб, як Ён зьявіцца, ме́ць нам адвагу й не асароміцца перад Ім у прыход Ягоны.
І цяпер, дзеткі, заставайцеся ў Ім, каб, калі Ён зьявіцца, мець нам адвагу і не асароміцца перад Ім у прыход Ягоны.
Калі вы ве́даеце, што Ён — Праведнік, дык ве́дайце й тое, што ўсякі, хто праўду робе, ад яго народжаны.
Калі вы ведаеце, што Ён праведны, ведайце, што ўсякі, хто чыніць праведнасьць, ад Яго народжаны.