Дзеі 26 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017
Агрыппа-ж прамовіў да Паўлы: Дазваляецца табе́ гаварыці аб сабе́. Тады Паўла, выцягнуўшы руку, пачаў апраўдывацца:
Агрыпа гаворыць да Паўлы: «Дазваляецца табе гаварыць у тваю абарону». Тады Паўла, працягнуўшы руку, пачаў апраўдвацца:
Цару Агрыппа, я лічу сябе́ шчасьлівым, прыступаючы сягоньня перад Табою да абароны ад усяго, у чым вінавацяць мяне Жыды,
«Цар Агрыпа! Лічу я сябе шчаслівым, што магу сёння выступаць у абарону сваю перад табой адносна ўсяго, у чым вінавацяць мяне юдэі.
бо ты найлепш ве́даеш усе́ звычаі Жыдоўскія ды спрэчкі. Дык прашу цябе́ выслухаць мяне́ вялікадушна.
Тым больш, што ты ведаеш усё, што звычайнае і спрэчнае сярод юдэяў; таму прашу цябе цярпліва мяне выслухаць.
Усе́нькае жыцьцё маё ад малых год, якое ад пачатку праходзіла сярод народу майго ў Ерузаліме, ве́даюць усе́ Жыды,
Жыццё маё ад маладосці, якое праходзіла ў народзе маім і ў Ерузаліме, ведаюць усе юдэі.
знаючы мяне́ здаўна (калі-б захаце́лі сьве́дчыць), што я, як Фарысэй, жыў паводле найдасканальшае навукі ве́ры нашае.
Яны добра ведаюць мяне ад пачатку і, каб хацелі, маглі б засведчыць, што я, як фарысей, жыў паводле звычаяў найдасканалейшага вучэння нашай рэлігіі.
І вось цяпе́р я стаю, як падсудны, за надзе́ю на абяцаньне, данае айцом нашым ад Бога,
І цяпер стаю перад судом за надзею на тое, што было абяцана ад Бога бацькам нашым,
асягнуць якое спадзяюцца дванаццаць родаў нашых, служачы начамі і ўдзе́нь бязупынна. За гэту надзе́ю й абвінавачываюць мяне́ Жыды, о цар Агрыппа!
на выкананне гэтага спадзяюцца дванаццаць пакаленняў нашых, служачы заўсёды, днём і ўночы. Дзеля гэтае надзеі, цару Агрыпа, і вінавацяць мяне юдэі.
Што? Вам здае́цца непадобным да ве́ры, што Бог ускрашае ўме́ршых?
Чаму вам здаецца немагчымым, што Бог уваскрашае памерлых?
Дый мне́ яно здавалася, што я павінен шмат зрабіць супраць іме́ньня Ісуса Назарэя,
Калісьці і мне самому здавалася, што мушу чыніць многа перашкод імені Ісуса з Назарэта,
і рабіў у Ерузаліме: узяўшы ўладу ад архірэяў, я многа сьвятых замыкаў у вастрозе, а, як іх забівалі, даваў голас мой.
што і рабіў у Ерузаліме; і, атрымаўшы ўладу ад першасвятароў, кідаў у вязніцы шматлікіх святых, і аддаваў голас «за», калі іх забівалі.
І па ўсіх сынагогах, часта мучачы іх, прымушаў зьневажа́ць; і, цераз ме́ру разьярыўшыся проці іх, перасьле́даваў іх навет і па чужых ме́стах.
І часта ва ўсіх сінагогах карамі прымушаў іх да блюзнення, і пераследаваў іх празмерна нават па іншых гарадах.
Ды з гэтым ідучы ў Дамаск, маючы ўладу й даручэньне ад архірэяў,
І так ішоў я ў Дамаск з уладаю і з даручэннем ад першасвятароў,
я ў палудзень, о цар, убачыў на дарозе сьвятло з не́ба, ярчэйшае за зьяньне сонца, якое асьвяціла мяне́ й тых, што йшлі са мной.
і ў дарозе апоўдні ўбачыў я, о цару, святло з неба, ярчэйшае за ззянне сонца, якое агарнула мяне і тых, што ішлі разам са мной.
І, як усе́ мы паваліліся на зямлю, я пачуў голас, які прамовіў да мяне́, гаворачы па-жыдоўску: Саўл, Саўл, чаму перасьле́дуеш Мяне́? Цяжка табе́ пе́рці проці ражна.
І, калі ўпалі мы ўсе на зямлю, пачуў я голас, што звярнуўся да мяне і сказаў на гебрайскай мове: “Саўле, Саўле, чаму Мяне пераследуеш? Цяжка табе ўпірацца супраць ражна!”
Я-ж сказаў: Хто Ты, Госпадзе? Ён жа сказаў: Я — Ісус, Якога ты парасьле́дуеш;
Я сказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” А Госпад адказаў: “Я — Ісус, Якога ты пераследуеш.
але падыйміся й стань на ногі твае́, бо Я дзеля таго зьявіўся табе́, каб зрабіць цябе́ слугой ды сьве́дкай таго, што ты бачыў і што адкрыю табе́,
Але падыміся і стань на ногі твае, бо аб’явіўся Я табе, каб паставіць цябе паслугачом і сведкам таго, што ты пабачыў, ды таго, што табе аб’яўлю,
бяручы цябе́ з народу й ад паганаў, да якіх цяпер пасылаю цябе́,
і абараню цябе ад народа і ад паганаў, да якіх цяпер цябе пасылаю,
каб расчыніў ім вочы, каб зьвярнуліся ад цемры да сьвятла́ й ад улады сатаны да Бога, ды праз ве́ру ў Мяне́ атрымалі адпушчэньне грахоў і ўдзе́л сярод пасьвячоных.
каб адкрыў ты ім вочы, каб павярнуліся ад цемры да святла і ад улады шатана да Бога, каб атрымалі адпушчэнне грахоў і ўдзел са святымі праз веру ў Мяне”.
Дзеля гэтага, цару Агрыппа, я не супрацівіўся зьяве нябе́снай,
Адсюль, цару Агрыпа, не мог я працівіцца з’яве з неба,
але абвяшчаў сьпярша́ жыхарам Дамаску й Ерузаліму, а пасьля ўсе́нькай зямлі Юдэйскай і паганам, каб пакаяліся й навярнуліся да Бога, робячы ўчынкі, вартыя пакаяньня.
але перш тым, што ў Дамаску, і ў Ерузаліме, і ва ўсёй краіне Юдэі, і паганам прапаведаваў, каб пакаяліся ды навярталіся да Бога і спаўнялі ўчынкі праўдзівага навяртання.
За гэта Жыды, схапіўшы мяне́ ў храме, памыкаліся забіць мяне́.
З гэтай прычыны, схапіўшы мяне, калі я быў у святыні, юдэі спрабавалі мяне забіць.
Але я дастаў падмогу ад Бога й да гэтага дня стаю, сьве́дчучы малому й вялікаму, нічога іншага ня кажучы, як што́ гаварылі Прарокі й Майсе́й, што мае стацца:
Але з дапамогай Божай жыву да сёння і стаю, сведчачы малым і вялікім, не кажучы нічога звыш таго, што прадказвалі прарокі і Майсей, што мае стацца,
што Хрыстос мусіць быць замучаны і, Пе́ршы з уваскрасе́ньня ўме́ршых, мае абвясьціць сьвятло народу й паганам.
што Хрыстос мае цярпець, што будзе Першым уваскрослым з мёртвых ды што будзе прапаведаваць святло для народа і для паганаў».
Калі ён гэтак апраўдываўся, сказаў Фэст моцным голасам: Ты шале́еш, Паўла! Вялікая навука даводзе цябе́ да шалу.
А калі ён так выступаў у абароне, Фэст гучным голасам сказаў: «Паўле, ты адурнеў. Вялікая навука давяла цябе да вар’яцтва».
А той кажа: Не шале́ю, вяльможны Фэсьце, а кажу словы праўды й мудрасьці;
А Паўла адказаў: «Дастойнейшы Фэст, я не вар’ят, але гавару словы праўды і разважнасці!
бо ве́дае гэта цар, перад якім і гавару сьме́ла, бо ве́даю, што нішто з гэтага перад ім не ўтаілася: не ў закуцьці-ж яно дзе́ялася.
Ведае пра гэта цар, да якога гавару смела. Я мяркую, што нічога з гэтага для яго не таямніца, бо адбывалася яно не ў нейкім закутку.
Ці ве́рыш ты Прарокам, цару Агрыппа? Ве́даю, што ве́рыш.
Ці верыш, цар Агрыпа, прарокам? Ведаю, што верыш».
Агрыппа-ж сказаў да Паўлы: Ты чуць-што не ўгаварыў мяне́ стацца Хрысьціянінам!
На гэта Агрыпа сказаў Паўлу: «Ты амаль пераканаў мяне стаць хрысціянінам!»
Паўла-ж сказаў: Маліў бы я Бога, каб хутка, ці ня хутка, ня толькі ты, але й усе, што слухаюць мяне́ сягоньня, сталіся такімі, як і я, па-за гэтымі путамі.
А Паўла сказаў: «Я маліў бы Бога, каб хутка ці няскора не толькі ты, але таксама ўсе, што мяне сёння слухаюць, сталіся б такімі, як я, апрача гэтых путаў».
І, як сказаў ён гэтае, устаў цар і стараста й Вэрніка, дый тыя, што з імі сядзе́лі,
І як ён сказаў гэтае, устаў цар, і намеснік, і Берэніка, ды тыя, што з імі сядзелі,
і, адыйшоўшыся ў бок, гутарылі паміж сабою, кажучы: што чалаве́к гэты ня робіць нічога, вартага сьме́рці або путаў.
і, выходзячы, гаварылі адзін аднаму, кажучы: «Гэты чалавек не зрабіў нічога, вартага смерці або вязніцы».
Агрыппа сказаў Фэсту: Можна-б было звольніць гэтага чалаве́ка, калі-б не паклікаўся на Ке́сара.
А Агрыпа сказаў Фэсту: «Можна было б адпусціць яго, калі б ён не апеляваў да цэзара».