Дзеі 23 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017
Паўла-ж, паўзіраўшыся на сынэдрыон, сказаў: Мужы браты! У-ва ўсім добрым сумле́ньні жыў я перад Богам ажно да сягоньняшняга дня.
Паўла ж, гледзячы адважна на раду, гаворыць: «Мужы браты! Да сённяшняга дня я жыў на віду Бога з заўсёды чыстым сумленнем».
Архірэй-жа Ананія загадаў тым, што стаялі перад ім, каб білі яго ў вусны.
Тады першасвятар Ананія загадаў тым, што пры ім стаялі, ударыць яго па вуснах.
Тады Паўла сказаў да яго: Бог будзе біць цябе́, падбе́леная сьцяна! Бо ты сядзіш, каб судзіць мяне́ паводле закону, і незаконна кажаш мяне́ біці.
Дык Паўла сказаў яму: «Хай ударыць цябе Бог, сцяна падбеленая! Бо ты сеў мяне судзіць паводле закону, а загадваеш мяне біць насуперак закону».
А тыя, што стаялі перад ім, сказалі: Архірэя Божага зьневажаеш?
А тыя, якія пры ім стаялі, сказалі: «Першасвятара Божага абражаеш?»
Паўла-ж азваўся: Ня ве́даў я, браты, што ён архірэй. Бо-ж напісана: На павадыра народу твайго не кажы блага (Выхад 22:28).
Сказаў Паўла: «Не ведаў, браты, што гэта першасвятар. Бо напісана: “Кіраўніка народа твайго не абражай”».
І, ве́даючы, што адна часьціна ёсьць Саддуке́і, а другая Фарысэі, загаласіў Паўла ў сынэдрыоне: Мужы браты! Я — Фарысэй, сын Фарысэявы. За надзе́ю й ускрасе́ньне мёртвых судзяць мяне́!
І Паўла, ведаючы, што тут адна частка садукеяў, а другая — фарысеяў, закрычаў перад радай: «Я — фарысей, мужы браты, і сын фарысееў! Стаю перад судом за надзею на ўваскрэсенне з мёртвых».
Калі-ж ён гэтае сказаў, узьнялася спрэчка паміж Фарысэямі й Саддуке́ямі, і разьдзялілася грамада.
Калі гэта сказаў, узнялася звадка паміж фарысеямі і садукеямі, і грамада раздзялілася.
Бо Саддуке́і кажуць, што няма ўваскрасе́ньня, ані Ангела й духа; Фарысэі-ж прызнаюць абодвух.
Бо садукеі кажуць, што няма ўваскрэсення, ані анёла, ані Духа, а фарысеі прызнаюць адно і другое.
Узьняўся вялікі крык. І, паўстаўшы, кніжнікі Фарысэйскае часткі спрачаліся, кажучы: Нічога благога не знаходзім мы ў чалаве́ку гэтым. Ці дух гаварыў яму, ці Ангел, не змагаймася з Богам.
І зрабіўся вялікі лямант, і, ускочыўшы, кніжнікі з фарысейскага боку зацята крычалі: «Нічога благога ў гэтым чалавеку не знайшлі мы. Можа, сапраўды гаварыў да яго Дух або анёл, дык не будзем змагацца супраць Бога».
Калі-ж спрэчка ўзгаралася, дык тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўлу, загадаў жаўне́рам зыйсьці ўзяць яго спасярод іх ды вясьці ў замак.
І, калі дайшло да вялікага забурэння, трыбун, баючыся, каб яны не разарвалі Паўлу, загадаў жаўнерам сысці, і забраць яго ад іх, і завесці ў крэпасць.
У наступную-ж ноч Госпад, стануўшы перад ім, сказаў: Бадрыся, Паўла! Бо як ты сьве́дчыў аба Мне́ ў Ерузаліме, гэтак мусіш сьве́дчыць і ў Рыме.
У наступную ноч аб’яўляецца яму Госпад і гаворыць: «Будзь мужны! Паўла, трэба, каб ты і ў Рыме сведчыў пра Мяне падобным чынам, як у Ерузаліме».
А як настаў дзе́нь, некаторыя Жыды, зрабіўшы змову, далі зарок, кажучы, што ня будуць е́сьці ані піці, пакуль не заб’юць Паўлу.
А як настаў дзень, некаторыя юдэі ўчынілі змову і пакляліся, што не будуць есці і піць, пакуль не заб’юць Паўлу.
Было-ж іх больш за сорак, што далі гэткі зарок.
І было больш за сорак чалавек, што ўчынілі гэтакую прысягу.
Яны, прыйшоўшы да архірэяў і старшых, сказалі: Мы пад прысягай заракліся е́сьці што-колечы, пакуль не заб’е́м Паўлу.
Яны пайшлі да першасвятароў і старэйшын і сказалі: «Мы пакляліся клятваю нічога не браць у вусны, пакуль не заб’ём Паўлу.
Вы-ж цяпе́р павядомце тысячніка з сынэдрыонам, каб заўтра вывеў яго да вас, быццам хочаце пільне́й разглядзе́ць справу ягоную; а мы, пе́рш, чым ён падойдзе, гатовы забіць яго.
Цяпер вы, разам з радай, паведаміце трыбуну, каб ён заўтра прывёў яго да вас, нібыта каб лепш даследаваць нешта пра яго, а мы гатовы забіць яго перш, чым ён дойдзе».
Пачуўшы-ж пра гэту засаду, сын сястры Паўлавае прыйшоў і, увайшоўшы ў замак, паведаміў Паўлу.
Калі пра змову пачуў сын сястры Паўлы, прыйшоў ды ўвайшоў у крэпасць, і абвясціў пра гэта Паўлу.
Паўла-ж, паклікаўшы аднаго із сотнікаў, сказаў: Завядзі гэтага дзяцюка да тысячніка, бо ён мае не́шта сказаць яму.
Паўла ж паклікаў аднаго з сотнікаў і сказаў: «Завядзі гэтага юнака да трыбуна, бо мае нешта яму паведаміць».
Дык той, узяўшы яго, завёў да тысячніка і сказаў: Вязень Паўла, паклікаўшы мяне́, прасіў завясьці да цябе́ гэтага дзяцюка, які мае не́шта сказаці табе́.
Дык той узяў яго з сабой, завёў да трыбуна і гаворыць: «Вязень Паўла пазваў мяне і папрасіў, каб я завёў да цябе гэтага юнака, які мае нешта табе сказаць».
Тысячнік, узяўшы яго за руку й адыйшоўшыся набок, запытаўся: Што маеш сказаць мне́?
Трыбун узяў яго за руку і, адышоўшы з ім на бок, запытаўся: «Што маеш мне сказаць?»
І сказаў: Жыды пастанавілі прасіць цябе́, каб заўтра вывеў Паўлу да сынэдрыону, быццам манючыся падрабне́й распытацца аб ім.
Ён сказаў: «Юдэі вырашылі прасіць цябе, каб заўтра прывёў Паўлу ў раду, нібыта каб лепш даследаваць нешта пра яго.
Ты-ж не патурай ім: бо на яго засе́лі больш за сорак мужоў із іх, якія далі зарок ня е́сьці й ня піць, пакуль не заб’юць яго, і цяпер яны гатовы, чакаючы ве́сткі ад цябе́.
Ты, аднак, не вер ім, бо болей сарака з іх цікуе на яго. Яны пакляліся клятвай не есці і не піць, пакуль не заб’юць яго, і ўжо прыгатаваліся, чакаючы твайго дазволу».
Дык тысячнік пусьціў дзяцюка, загадаўшы: Нікому не кажы, што мяне аб гэтым паведаміў.
Дык трыбун адпусціў юнака і загадаў: «Нікому не гавары тое, што ты мне паведаміў».
І, паклікаўшы не́йкіх двух сотнікаў, сказаў: Прыгатуйце дзьве́сьце жаўне́раў, каб ісьці ў Кесарыю, ды коньнікаў се́мдзесят ды стральцоў дзьве́сьце — на трэцюю гадзіну ночы.
І, паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў: «Прыгатуйце дзвесце жаўнераў, каб ішлі ў Цэзарэю, а таксама семдзясят коннікаў ды дзвесце дзіднікаў а трэцяй гадзіне ночы.
Прыгатуйце й жывёлу, каб, пасадзіўшы Паўлу, адвясьці жывога да старасты Фэлікса.
Прыгатуйце і жывёлу да язды, каб, пасадзіўшы Паўлу на яе, здаровага даставілі намесніку Фэліксу».
Дый напісаў пісьмо гэткага зьме́сту:
Напісаў прытым ліст такога зместу:
Клаўдзі Лізі вяльможнаму старасьце Фэліксу: радуйся!
«Клаўдзій Лісій найдастойнейшаму намесніку Фэліксу — радавацца.
Чалаве́ка гэтага, якога Жыды схапілі й маніліся забіць, я, выступіўшы з войскам, адабраў, даве́даўшыся, што ён — Рымскі грамадзянін.
Гэтага чалавека схапілі юдэі і хацелі забіць. Я ж, паспяшаўшы з войскам, вырваў яго, даведаўшыся, што ён — рымлянін.
Хочучы-ж ве́даць прычыну, за што вінавацяць яго, я прывёў яго ў сынэдрыон іхні
Хочучы ведаць прычыну, дзеля якой яго вінавацілі, я адвёў яго ў іх раду
і знайшоў, што яго вінавацяць за супярэчнасьці ў законе іхнім, ды што няма ў ім ніякае віны, вартае сьме́рці ці кайданоў.
і знайшоў, што вінавацяць яго ў спрэчных пытаннях іх закону, але ні ў якім злачынстве, вартым смерці або астрога.
Калі-ж паведамілі мяне́ пра змову проці чалаве́ка гэтага, што ме́ла стацца ад Жыдоў, я ўраз паслаў яго да цябе́, загадаўшы й абвінавачываючым яго гаварыць проці яго перад табою. Бывай здароў.
Калі ж мне паведамілі, што мела стацца ад юдэяў, аб змове, што рыхтуецца супраць [гэтага] чалавека, я выслаў яго безадкладна да цябе, паведамляючы абвінаваўцам, каб выказваліся супраць яго перад табой. Бывай здароў».
Дык жаўне́ры, як ім было загадана, узялі Паўлу й павялі ўначы ў Антыпатрыду;
Дык жаўнеры паводле загаду ўзялі Паўлу і ўночы прывялі яго ў Антыпатрыду.
назаўтрае-ж, пакінуўшы коньнікаў ісьці з ім, вярнуліся ў замак.
Назаўтра, адправіўшы коннікаў, каб пайшлі разам з ім, самі вярнуліся ў крэпасць.
Тыя, прыйшоўшы ў Кесарыю і аддаўшы пісьмо старасьце, паставілі перад ім і Паўлу.
Тыя ж, калі прыбылі ў Цэзарэю, аддалі ліст намесніку ды паставілі Паўлу перад ім.
Стараста-ж, прачытаўшы й спытаўшыся, з якое ён краіны, дый даве́даўшыся, што із Кілікіі,
А намеснік, прачытаўшы, спытаў, з якой ён правінцыі. Калі ж даведаўся, што з Цыліцыі,
сказаў: Я выслухаю цябе́, як зьявяцца абвініцелі твае́. І загадаў пілнаваць яго ў прэторыі Ірадавай.
сказаў: «Выслухаю цябе, калі прыбудуць твае абвінаваўцы». І загадаў пільнаваць яго ў прэторыі Ірада.