1 Пятра 3 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017
Таксама й вы, жо́ны, пакарайцеся сваім мужом, каб тыя з іх, што не пакараюцца слову, жыцьцём жон сваіх бяз слова былі здабываны,
Таксама і вы, жонкі, пакарайцеся мужам сваім, каб нават тады, калі некаторыя з іх не слухаюць слова, праз самыя паводзіны жонак былі прыдбаныя без слова,
бачучы вашае чыстае, багабойнае жыцьцё.
аглядаючы ваша чыстае, поўнае страху Божага жыццё.
Няхай будзе аздобаю вашаю ня вонкавае заплятаньне валасоў, не залатыя ўборы, ці вопраткі стройнасьць,
Хай вашым упрыгожаннем будзе не вонкавае заплятанне валасоў, ані залатыя пярсцёнкі, ані стройныя сукні,
але ўкрыты чалаве́к сэрца ў нятле́ннасьці лагоднага й ціхога духа, што дужа цэнна прад Богам.
але схаваны ў сэрцы чалавек у лагоднасці і спакойнасці духа, што вельмі каштоўна ў вачах Божых.
Гэтак жа аздаблялі сябе́ і сьвятыя жанчыны, што спадзяваліся на Бога, пакараючыся сваім мужом.
Так калісьці і святыя жонкі, усклаўшы надзею на Бога, аздаблялі сябе і былі падданымі сваім мужам,
Гэтак і Сара пакаралася Аўрааму, называючы яго гаспадаром. Вы — дзе́ці яе́, калі робіце дабро і не баіцёся ніякага страху.
як Сара была паслухмянай Абрагаму, клічучы яго сваім гаспадаром. І вы яе дзеці, калі робіце дабро і не баіцеся ніякіх турбот.
Таксама й вы, мужы, разумна жыве́це з імі, аддаючы ім, як найслабе́йшай судзіне жаночай, чэсьць, бо і вы сунасьле́днікі ласкі жыцьця, каб ня было вам перашкоды ў малітвах вашых.
Так жа і вы, мужы, разумна жывіце ў супольнасці з жонкай, як з нетрывалай пасудзінай, аддаючы гонар, бо вы супольна з імі спадкаемцы ласкі жыцця, каб не стаўляць перашкод малітвам вашым.
Нарэшце, будзьце ўсе́ аднадумнымі, спачуваючымі, браталюбнымі, міласэрнымі, ве́тлівымі.
Нарэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спагадныя, поўныя братняй любові, міласэрныя, ветлівыя,
Не аддавайце злом за зло, ці зьнявагай за зьнявагу, а наадварот: багаслаўляйце, ве́даючы, што вы на тое пакліканы, каб унасьле́даваць багаслаўле́ньне.
не адгаджайце ліхам за ліха, ані праклёнам за праклён, але, наадварот, дабраслаўляйце, ведаючы, што на тое вы пакліканы, каб атрымаць у спадчыну дабраславенне.
Бо хто хоча жыцьцё любіць і бачыць добрыя дні, няхай устрымлівае язык свой ад зла і вусны свае, каб крывадушна не гаварылі.
«Бо чалавек, які любіць жыццё і хоча ўбачыць добрыя дні, хай стрымлівае язык свой ад ліхога і вусны, каб не гавораць падступна;
Ухіляйся ад зла і рабі дабро; шукай міру й імкніся да яго.
хай ухіляецца ад ліхога і робіць дабро, хай шукае супакою і імкнецца да яго.
Бо вочы Госпада на праведных, і вушы Яго на малітвы іх, але аблічча Госпада супраць робячых зло.
Бо вочы Госпада — да справядлівых, і вушы Яго — да просьбаў іх; але аблічча Госпада супраць тых, што чыняць ліха».
І хто зробіць вам зло, калі вы будзеце пераймальнікамі добрага?
І хто вам пашкодзіць, калі будзеце рупіцца пра дабро?
Але, калі-б вы й пацярпе́лі за праўду, дык вы шчасьлівыя. А страху іх ня бойцеся і ня трывожцеся.
А калі б вы нават пацярпелі дзеля справядлівасці, вы шчасныя. Не палохайцеся іх пагроз ды не трывожцеся,
Госпада Бога сьвяціце ў сэрцах вашых. Будзьце заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто трэбуе ў вас слова аб вашай надзе́і, лагодна й са страхам.
Госпада Бога свяціце ў сэрцах вашых і будзьце заўсёды гатовы абараніцца перад кожным, хто патрабуе ад вас адказу аб той надзеі, якая прабывае ў вас,
Ме́йце добрае сумле́ньне, каб у тым, за што абмаўляюць вас, як злачынцаў, былі асаромлены тыя, хто га́ніць вашае добрае жыцьцё ў Хрысьце́.
але са спагаднасцю і страхам мейце добрае сумленне, каб тым, чым вас прыніжаюць, як злачынцаў, былі зганьбаваны тыя, што ачарняюць вашы добрыя паводзіны ў Хрысце.
Бо калі хоча воля Божая, ле́пей пацярпе́ць за добрыя ўчынкі, чымся за благія.
Бо лепш цярпець, дабро чынячы, калі такая воля Божая, чым чынячы зло.
Бо і Хрыстос, каб прывясьці нас да Бога, раз пацярпе́ў за грахі нашыя, Праведнік за няправедных, забіты це́лам, але ажыўшы духам,
Хрыстос таксама раз пацярпеў за грахі, Справядлівы за несправядлівых, каб нас давесці да Бога, стаўшы мёртвым целам, але ажыўшы Духам;
у Якім Ён і тым духам, што ў вязьніцы, зышоўшы, абвяшчаў,
у Ім, пайшоўшы, прапаведаваў нават тым духам, што былі ў вязніцы,
ім, якія не́калі не пакарыліся чакаўшаму іх Божаму доўгацярпеньню за дзён Ноя, у час будаваньня карабля, у якім нямногія, гэта знача восем душ, выратаваліся ад вады.
якія калісьці былі непаслухмяныя, злоўжываючы Божаю цярплівасцю ў дні Ноя пры будове каўчэга, у якім нямногія, гэта значыць восем душ, уратаваліся ад вады.
Гэтак і нас сягоньня спасае на ўзор гэтага Хрышчэньне (не абмыцьцё цела ад бруду, але абяцаньне Богу добрага сумле́ньня) праз ускрасе́ньне Ісуса Хрыста,
На падабенства таго і нас цяпер збаўляе хрост, не праз абмыццё бруду цела, але праз абяцанне Богу добрага сумлення, праз уваскрэсенне Ісуса Хрыста,
Які, узыйшоўшы на не́ба, знаходаіцца праваруч Бога, і Якому пакарыліся Ангелы і ўлады і сілы.
Які ўзышоў у неба і сядзіць праваруч Бога, і Яму падпарадкаваны анёлы, і ўлады, і магуцці.