Яна 17 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Леаніда Галяка
Гэтае сказаў Ісус і падняў вочы свае́ да не́ба і мовіў: Ойча! прыйшла гадзіна: услаў Сына Твайго, каб і Сын Твой усла́віў Цябе́;
бо Ты даў Яму ўладу над усякім це́лам, каб Ён усяму, што Ты даў Яму, даў бы жыцьцё ве́чнае.
Гэнае-ж жыцьцё ве́чнае ў тым, каб пазналі Цябе́, адзінага праўдзівага Бога, і Ісуса Хрыста, якога Ты паслаў.
Я ўславіў Цябе́ на зямлі: завяршыў дзе́ла, што Ты даў Мне́ зрабіць.
Дык цяпе́р услаў Мяне́ Ты, Ойча, у Цябе́ Самога тэй сла́ваю, якую Я ме́ў у Цябе́ ране́й істнаваньня сьве́ту.
Я абвясьціў імя Тваё людзям, якіх Ты Мне́ даў ад сьве́ту; яны былі Тваі, і Ты іх даў Мне́, і яны захавалі слова Тваё.
Цяпе́р зразуме́лі яны, што ўсё, што даў Ты Мне́, гэта ад Цябе́.
Бо словы, якія Ты даў Мне́, Я аддаў ім, і яны прынялі і запраўды́ зразуме́лі, што Я ад Цябе́ зыйшоў, і паве́рылі, што Ты Мяне́ паслаў.
За іх прашу, не за ўве́сь сьве́т прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне́, бо яны Тваі.
І ўсё Маё Тваё, і Тваё Маё; і ў іх Я ўславіўся.
Я ўжо не на сьве́це, але яны на сьве́це, Я-ж да Цябе́ іду. Ойча сьвяты́! захавай іх у імя Тваё, тых, якіх Ты Мне́ даў, каб яны былі адно, як і Мы.
Калі Я быў на сьве́це з імі, Я захаваў іх у імя Тваё; тых, якіх Ты Мне́ даў, Я захаваў, і ніхто з іх ня згінуў, апрача сына пагібелі, каб выпаўнілася Пісаньне (Псальм 108:17).
Цяпе́р жа да Цябе́ іду і гэтае кажу на сьве́це, каб яны ме́лі радасьць Маю ў сабе́ поўную.
Я аддаў ім слова Тваё, і сьве́т зьненавідзіў іх, бо яны не із сьве́ту, як і Я не із сьвету.
Не прашу, каб Ты ўзяў іх із сьве́ту, але каб захаваў іх ад зла.
Яны не із сьве́ту, як і Я не із сьве́ту.
Асьвяці іх праўдаю Твае́ю: слова Тваё праўда.
Як Ты паслаў Мяне́ ў сьве́т, так і Я пасылаю іх у сьве́т.
І за іх Я пасьвячаю Сябе́, каб і яны былі асьве́чаны праўдаю.
Не за іх жа толькі малю, але й за тых, што ўве́равалі ў Мяне́ па слову іх.
Няхай будуць усе́ адно: як Ты, Аце́ц, у-ва Мне́, і Я ў Табе́, так і яны няхай будуць адно, каб паве́рыў сьве́т, што Ты паслаў Мяне́.
І славу, якую Ты даў Мне́, Я даў ім, каб былі адно, як Мы адно.
Я ў іх, і Ты ў-ва Мне́; каб былі злу́чаны ў вадно, і няхай пазна́е сьве́т, што Ты паслаў Мяне́ і палюбіў іх, як палюбіў Мяне́.
Ойча, каго Ты Мне́ даў, хачу, хай і яны будуць са Мною там, дзе́ Я, каб бачыць сла́ву Маю, якую Ты Мне́ даў, бо палюбіў Мяне́ ране́й заснава́ньня сьве́ту.
Ойча справядлівы! сьве́т Цябе́ не пазнаў, але Я пазнаў Цябе́, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне́.
І Я абвясьціў ім імя Тваё і абвяшчаю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне́, у іх была, і Я ў іх.