1 Пятра 5 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Старшых сярод вас заклікаю я, сустаршыня і сьве́дка мукаў Хрыстовых ды ўдзе́льнік у славе, што ма́е выявіцца:
 

пасе́це Божае стада, якое ў вас, наглядаючы за ім не пад прынукаю, але з добрае волі, ды не дзеля агіднай карысьці, але дзеля ахвоты,
 

і не пануючы над спадчынай, але даючы прыклад стаду;
 

і калі зьявіцца Найвышэйшы Пастыр, дастанеце вянок славы, што ня вяне.
 

Таксама й вы, малодшыя, будзьце паслухмянымі старшым; усе́-ж, падчыняючыся адзін аднаму, апране́цеся пакорнай мудрасьцяй, бо Бог супраць гордых, а пакорным ласку дае́!
 

Дык скарыцеся пад моцную руку Божую; каб узвысіла вас у свой час.
 

Усе клапоты свае́ ўскладайце на Яго; бо Ён аб вас рупіцца.
 

Будзьце цьвярозымі, чувайце, бо вораг ваш, д’ябал, як ле́ў рыкаючы ходзіць, шукаючы, каго праглынуць.
 

Станьце насупраць яму цьвёрдыя ве́раю, ве́даючы, што гэткія-ж мучэньні здараюцца і з братамі вашымі ў сьве́це.
 

Бог жа ўсякае ласкі, Каторы паклікаў вас да ве́чнае славы свае́й у Хрысьце́ Ісусе, няхай сам, пасьля нядоўгае мукі вашае, удасканаліць вас, няхай угрунтуе, няхай умацуе, няхай зробіць непарушнымі.
 

Яму слава і сіла на ве́кі вякоў. Амін.
 

Гэтае коратка напісаў я праз Сілуана, ве́рнага, як думаю, брата вашага, каб запэўніць вас, заклікаючы і сьве́дчачы, што запраўдная ласка Божая тая, у якой вы стаіцё.
 

Вітае вас выбраная з вамі (царква) ў Вавілёне і Марк, мой сын.
 

Прывітайце адзін аднаго пацалункам любві. Мір вам усім, каторыя ў Хрысьце Ісусе. Амін.