Да Рымлянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Што-ж, скажам, Аўраам, бацька наш, знайшоў па це́лу?
 

Калі Аўраам апраўдаўся ўчынкамі, ён мае пахвалу, але не перад Богам.
 

Бо што кажа пісаньне? Паве́рыў Аўраам Богу, і гэта залічана яму за праведнасьць (Быцьцё 15:6).
 

Таму, хто робіць, заплата ня з ласкі залічаецца, але з павіннасьці;
 

хто-ж ня робіць, але ве́руе ў Таго, Хто апраўдывае бязбожніка, ве́ра яго залічаецца за праведнасьць.
 

Гэтак і Давід называе шчасьлівым чалаве́ка, якому Бог залічае праведнасьць незалежна ад учынкаў:
 

Шчасьлівыя, чые́ беззаконнасьці дарованы і чые́ грахі пакрыты;
 

шчасьлівы чалаве́к, якому Бог не палічыць грэху (Псальм 31:1−2).
 

Ці шчаснасьць гэтая датычыцца абрэзаньня, ці і не́абрэзаньня? Мы кажам, што Аўрааму ве́ра палічана за праведнасьць.
 

Калі палічана? па абрэзаньні, ці да абрэзаньня? Не пасьля абрэзаньня, але да абрэзаньня.
 

І знак абрэзаньня ён атрымаў, як пячатку праведнасьці праз ве́ру, якую ме́ў у не́абрэзаньні, так што ён стаўся айцом усіх ве́руючых у не́абрэзаньні, каб і ім залічана была праведнасьць,
 

і айцом абрэзаных ня толькі прыняўшых абрэзаньне, але і ходзячых па сьлядох ве́ры айца нашага Аўраама, якую ён ме́ў у не́абрэзаньні.
 

Бо Аўрааму, ці насе́ньню яго, не законам да́дзена абяцаньне, што ён будзе насьле́днікам сьве́ту, але праведнасьцяй ве́ры.
 

Бо, калі насьле́днікі тыя, што́ з закону, дык апусьце́е ве́ра, зьнішчыцца абяцаньне;
 

бо закон робіць гне́ў, бо гдзе́ няма закону, няма й праступку.
 

Дзеля гэтага з ве́ры, каб было водле ласкі, каб абяцаньне было нязьме́нным для ўсяго насе́ньня, ня толькі для таго, што́ з закону, але й для таго, што́ з ве́ры Аўраама, які ёсьць аце́ц усім нам, —
 

(як напісана: Я паставіў цябе́ айцом многіх народаў), — перад Богам, Якому ён паве́рыў, ажыўляючым паме́ршых і называючым няістнуючае, як істнуючае (Быцьцё 17:5).
 

Каторы, апроч надзе́і, паве́рыў з надзе́яй, праз што стаўся айцом многіх народаў, водле сказанага: Гэтак будзе насе́ньне твае́ (Быцьцё 15:5).
 

І, не зьнямогшыся ў ве́ры, ён ня думаў, што це́ла яго, амаль стогадовае, ужо амярцьве́ла, і нутро Сары заме́ршае;
 

ня ймаў сумліву ў абяцаньні Божым няве́раю, але ўзмацаваўся ў ве́ры, аддаўшы хвалу Богу
 

і зусім пэўны, што Ён дуж і выпаўніць абяцанае.
 

Дзеля гэтага й залічана яму за праведнасьць.
 

Дый не ў адношаньні да яго аднаго напісана, што залічана яму,
 

але й у адношаньні да нас: залічана будзе й нам, ве́руючым у Таго, Хто ўскрасіў з паме́ршых Ісуса, Госпада нашага,
 

Які быў выданы за грахі нашыя і ўваскрос дзеля апраўданьня нашага.