Да Ціта 2 разьдзел

Пасланьне да Ціта
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Ты-ж гавары тое, што гожа здаровай навуцы:
 
Ты ж кажы тое, што належыць казаць здароваму вучэнню:

каб старыкі былі цьвярозымі, чэснымі, разважнымі, здаровымі ве́рай, любоўю, цярплівасьцяй;
 
каб старыя мужчыны былі цвярозыя, паважныя, разважлівыя, здаровыя ў веры, любові, вытрываласці;

каб старыя жанчыны адзяваліся, як гожа сьвятым, не абмаўлялі, не паддаваліся п’янству, вучылі на дабро,
 
каб старыя жанчыны таксама былі добрапрыстойныя ў сваіх паводзінах, не пляткарылі, не надужывалі віна, вучылі добраму,

каб на розум наводзілі маладых, каб яны мужоў любілі і дзяце́й,
 
каб маладых жанчын яны навучалі любіць мужоў, любіць дзяцей,

былі разважнымі, чыстымі, гаспадарнымі, добрымі, пакорнымі сваім мужом, каб слова Божае не зьняважалася.
 
быць разважнымі, чыстымі, працавітымі ў доме, добрымі, паслухмянымі сваім мужам, каб не зневажалася слова Божае.

Моладзь таксама ўгава́рвай быць разважнымі,
 
Маладзёнаў таксама навучай быць разважнымі,

у-ва ўсім даючы сябе́ за ўзор добрых дзе́л, у навуцы непарушнасьць, паважнасьць,
 
сам паказваючы ва ўсім узор добрых учынкаў, у настаўніцтве несапсаванасць, сур’ёзнасць,

слова здаровае, беззаганнае, каб супраціўнік быў асаромлены, ня маючы нічога благога сказаць аб нас.
 
слова здаровае, беззаганнае, каб той, хто працівіцца, быў пасаромлены, не маючы сказаць пра нас нічога благога.

Рабы́ каб слухаліся сваіх паноў, дагаджалі ім у-ва ўсім, не пярэчачы,
 
Рабоў пераконвай падпарадкоўвацца сваім гаспадарам ва ўсім, дагаджаць, не пярэчыць,

каб ня кралі, але паказвалі ўсю до́брую ве́рнасьць, каб у-ва ўсім аздаблялі навуку Збавіцеля нашага Бога.
 
не красці, а выяўляць усю добрую вернасць, каб яны ўпрыгожвалі вучэнне нашага Збаўцы Бога ва ўсім.

Бо зьявілася ласка Божая, спаса́ючы ўсіх людзе́й,
 
Бо з’явілася ласка Божая, якая нясе выратаванне ўсім людзям,

навучаючы нас, каб, адцураўшыся ад бязбожнасьці і пажадлівасьці сьве́ту, разважна, пра́ведна і багабойна жылі мы ў цяпе́рашнім веку,
 
якая навучае нас, каб мы, выракшыся бязбожнасці і свецкіх пажадлівасцей, жылі разважна, праведна і набожна ў цяперашнім веку,

ждучы шчаснае надзе́і і зьяўле́ньня славы вялікага Бога і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста,
 
чакаючы дабраславёнай надзеі — з’яўлення славы нашага вялікага Бога і Збаўцы Ісуса Хрыста,

Які даў Сябе́ за нас, каб вы́бавіць нас ад усякага беззаконьня і ачысьціць Сабе́ народ выбраны, рупны аб добрыя ўчынкі.
 
Які аддаў Сябе за нас, каб выкупіць нас ад усялякага беззаконня і ачысціць Сабе як народ асаблівы, як рупліўца добрых учынкаў.

Гэтае кажы, угава́рвай і дакара́й з усенькаю ўладаю, каб ніхто не вывышшаўся над табою.
 
Гэта кажы, заахвочвай і выкрывай з усёй уладаю. Няхай ніхто не пагарджае табой.