Дзеі 15 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Некаторыя-ж, што прыйшлі з Юдэі, навучалі братоў: калі ня будзеце абрэзаны па звычаю Майсе́яваму, ня можаце спасьціся.
Калі-ж узьнялася немалая спорка й змаганьне з імі ў Паўлы й Варнавы, пастанавілі, каб Паўла й Варнава й некаторыя другія спасярод іх пайшлі з гэтай справай да Апосталаў і старшых у Ерузалім.
Вось жа яны, пасланыя царквой, праходзілі праз Фінікію ды Самарыю, апавядаючы аб навароце паганаў; і радасьць вялікую рабілі ўсім братом.
Прыйшоўшы-ж у Ерузалім, яны былі прыняты царквой і апосталамі ды старшымі і расказалі, што з імі ўчыніў Бог.
І паўсталі некаторыя із гэрэзіі Фарысэйскае, што ўве́равалі, кажучы, што трэба іх абрэзаць ды наказаць, каб трымаліся закону Майсе́явага.
І сабраліся Апосталы й старшыя разглядзе́ць гэту справу.
Як-жа ўзьнялося вялікае змаганьне, Пётр, устаўшы, сказаў: Мужы браты! вы ве́даеце, што ад даўных дзён Бог выбраў сярод нас, каб праз мае́ вусны чулі пагане слова Эвангельля ды ўве́равалі;
і знаўца сэрцаў, Бог, быў сьве́дкай ім, даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам,
і не адрожніў нічога міжы намі й імі, ве́раю ачысьціўшы сэрцы іхнія.
Дык чаго-ж цяпе́р спакушаеце Бога, каб узлажыў на шыі вучняў ярмо, насіць якое ня здолелі ні айцы нашыя, ні мы?
Але мы ве́рым, што спасе́мся міласьцяй Госпада Ісуса Хрыста, гэтак сама, як і яны.
І змоўкла ўся грамада, і слухалі Варнаву й Паўлу, апавядаўшых, якія знакі й цуды зрабіў праз іх Бог сярод паганаў.
Калі-ж тыя змоўклі, адказаў Якаў, мовячы: Браты мужы! Паслухайце мяне́!
Сымон вытлумачыў, як Бог пе́рш глянуў на паганаў, каб узяць із іх народ іме́ньню Свайму,
і з гэтым згаджаюцца словы Прарокаў, як напісана:
Пасьля гэтага вярнуся і збудую палатку Давідаву, што звалілася, і руіны яе́ адбудую й папраўлю яе́:
каб Госпада шукала рэшта людзе́й ды ўсе́ народы, на якіх прызвана імя Мае́, — кажа Госпад, які робіць усё гэта.
Ад вякоў ве́дамы Богу ўсе́ дзелы Ягоныя.
Дык я лічу, што ня трэба абцяжаць навярнуўшыхся ад паганаў к Богу,
але напісаць ім, каб узьдзе́ржываліся ад гідотаў ідальскіх і блуду, ад душанага і крыві;
бо Майсе́й ад даўных родаў ма́е па ме́стах абвяшчаючых яго ў сынагогах, чыта́ны кожную суботу.
Тады надумалі Апосталы і старшыя разам з усе́й царквой паслаць у Антыохію з Паўлам і Варнавай выбраных спасярод сябе́ людзе́й: Юду, называнага Варсавай, ды Сілу, мужоў перадавы́х сярод братоў,
напісаўшы праз рукі іх гэтак: Апосталы і старшыя і браты — братом із паганаў у Антыохіі і Сірыі і Кілікіі: радуйцеся!
Пачуўшы, што некаторыя, прыходзячы ад нас, устрывожылі вас словамі ды захісталі душамі вашымі, кажучы абрэзывацца і трымацца закону, чаго мы ім не даручалі,
надумалі мы, сабраўшыся аднадушна, паслаць да вас выбраных людзе́й разам з любымі нам Варнавай і Паўлам,
людзьмі, аддаўшымі душы свае́ за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Вось-жа паслалі мы Юду й Сілу, якія абве́сьцяць вам тое-ж і словамі.
Бо надумалася Духу Сьвятому і нам ніякага больш цяжару на вас не ўскладаць, апрача гэтага неабходнага:
узьдзе́ржывацца ад жэртваў ідалам, ад крыві й душанага, ды ад блуду; высьцерагаючыся гэтага, зробіце добра. Бывайце здаровыя.
Пасланыя-ж прыйшлі ў Антыохію і, сабраўшы грамаду, аддалі пісьмо.
І, прачытаўшы, яны зрадзе́лі ад гэтага павучэньня.
Юда-ж і Сіла, якія й самі былі прарокамі, многімі словамі навучалі братоў ды ўмацоўвалі іх.
Прабыўшы там час, яны былі з мірам адасланы братамі да Апосталаў.
Але Сіле надумалася астацца тамака.
Паўла-ж і Варнава пажылі ў Антыохіі, навучаючы і абвяшчаючы разам з многімі другімі слова Гасподняе.
А цераз не́калькі дзён сказаў Паўла Варнаве: Ве́рнемся й даве́даемся братоў нашых па ўсіх място́х, дзе́ мы абвяшчалі слова Гасподняе: як яны маюцца?
Варнава-ж радзіў узяць з сабой Іоана, называнага Маркам.
Але Паўла думаў ня браць яго з сабою, бо ён адстаў ад іх ад Памфіліі ды не пайшоў з імі на дзе́ла.
Дык узьнялася сварка, ажно яны разлучыліся адзін з адным, і Варнава, узяўшы Марка, адплыў на Кіпр.
Паўла-ж пайшоў, выбраўшы сабе́ Сілу, даручоны братамі міласьці Божай.
І праходзіў праз Сірыю й Кілікію, умацоўваючы цэрквы.