Мацьвея 1 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

Кніга радаво́ду Ісуса Хрыста, сына Давідавага, сына Аўраа́мавага.
 
Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давідава, Сына Абрагамава.

Аўраам спарадзіў Ісаака; Ісаак спарадзіў Якава; Якаў спарадзіў Юду і братоў яго;
 
Абрагам парадзіў Ісаака; Ісаак парадзіў Якуба. Якуб-жа спарадзіў Юду й братоў яго.

Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Фамары; Фарэс спарадзіў Эсрома; Эсром спарадзіў Арама;
 
Юда парадзіў Фарэса й Зара ад Фамары; Фарэс парадзіў Эсрома, Эсром-жа парадзіў Арама;

Арам спарадзіў Амінадава; Амінадаў спарадзіў Наасона; Наасон спарадзіў Салмона;
 
Арам парадзіў Амінадава, Амінадаў парадзіў Наасона; Наасон-жа парадзіў Салмона;

Салмон спарадзіў Ваоза ад Рахавы; Ваоз спарадзіў Авіда ад Руфі;
 
Салмон парадзіў Ваоза ад Рахавы, Ваоз парадзіў Авіда ад Руфы;

Авід спарадзіў Ясе́я; Ясе́й спарадзіў Давіда цара; Давід цар спарадзіў Салямона ад Ур’явай;
 
Авід-жа парадзіў Есэя, Есэй парадзіў Давіда караля, Давід кароль парадзіў Саламона ад былой Урыевай;

Салямон спарадзіў Раваама; Раваам спарадзіў Авію; Авія спарадзіў Асу;
 
Саламон парадзіў Раваама, Раваам парадзіў Авію, Авія-жа парадзіў Асу;

Аса спарадзіў Ясафата; Ясафат спарадзіў Ярама; Ярам спарадзіў Озію;
 
Аса парадзіў Ёсафата, Ёсафат парадзіў Ёрама, Ёрам-жа парадзіў Озію.

Озія спарадзіў Яфама; Яфам спарадзіў Ахаза; Ахаз спарадзіў Язэкію;
 
Озія парадзіў Ёфама, Ёфам парадзіў Ахаза, Ахаз-жа парадзіў Езэкію.

Язэкія спарадзіў Манасію; Манасія спарадзіў Амона; Амон спарадзіў Іосію;
 
Езэкія парадзіў Манасію, Манасія парадзіў Амона, Амон-жа парадзіў Ёсію.

Іосія спарадзіў Якіма; Якім спарадзіў Яхоньню ды братоў яго, перад перасяленьнем у Вавілон.
 
Ёсія парадзіў Якіма, Якім парадзіў Ехонію й братоў яго, перад перасяленьнем у Вавілон.

Пасьля-ж перасяле́ньня ў Вавілон Яхоньня спарадзіў Саляфііла; Саляфііл спарадзіў Зарававэ́ля;
 
Па перасяленьні ў Вавілон, Ехонія парадзіў Салафііля, Салафііль-жа парадзіў Зарававеля.

Зарававэ́ль спарадзіў Авіуда; Авіуд спарадзіў Эліакіма; Эліакім спарадзіў Азора;
 
Зарававель парадзіў Авіуда, Авіуд парадзіў Эліакіма, Эліакім-жа парадзіў Азора.

Азор спарадзіў Садока; Садок спарадзіў Ахіма; Ахім спарадзіў Эліуда;
 
Азор парадзіў Садока, Садок парадзіў Ахіма, Ахім-жа парадзіў Эліуда.

Эліуд спарадзіў Элеазара; Элеазар спарадзіў Матфана; Матфан спарадзіў Якава;
 
Эліуд парадзіў Эліазара, Эліазар парадзіў Матфана, Матфан-жа парадзіў Якуба.

Якаў спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад каторай нарадзіўся Ісус, называны Хрыстос.
 
Якуб парадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад яе-ж Ісус, названы Хрыстос.

Гэтак усіх радоў ад Аўраама да Давіда чатырнаццаць радоў; і ад Давіда да перасяле́ньня ў Вавілон чатырнаццаць радоў; і ад перасяленьня ў Вавілон да Хрыста чатырнаццаць радоў.
 
Усіх жа родаў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць, і ад Давіда да перасяленьня ў Вавілон чатырнаццаць, і ад перасяленьня ў Вавілон да Хрыста чатырнаццаць родаў.

Ражство Ісуса Хрыста было вось як: па заручынах маткі Яго Марыі з Язэпам, раней іхняга вясе́льля, выявілася, што яна цяжарная ад Духа Сьвятога.
 
Нараджэньне Ісуса Хрыста сталася гэтак. Калі Марыя, Маці Ягоная, была заручана зь Язэпам, яшчэ перад шлюбам выявілася, што Яна ўжо мае ў сабе зароджанае ад Духа Сьвятога.

Язэп жа, муж яе́, будучы праведным і ня хочучы агаласіць яе́, хаце́ў тайком адпусьціць яе́.
 
Язэп-жа, муж Яе, чалавек праведны, не хацеў зьнеслаўляць Яе, але хацеў тайком адпусьціць Яе.

Але, калі ён падумаў гэтае, вось Ангел Гасподні зьявіўся яму ўва сьне́ і сказаў: Язэп, сын Давідаў! Ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зарадзіўшаеся ў ёй ёсьць ад Духа Сьвятога;
 
Але, калі толькі ён так падумаў, вось Ангел Гасподні зьявіўся яму ў сьне і сказаў: «Язэпе, Сыне Давідаў, ня бойся прыняць Марыю, жану тваю, бо зараджэньне ў Ёй сталася ад Духа Сьвятога.

вось жа народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён спасе́ людзе́й Сваіх ад грахоў іх.
 
Народзіць-жа Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён выбавіць людзей сваіх ад грахоў іхных.»

А ўсё гэтае зда́рылася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:
 
А сталася-ж усё гэта, каб збылося сказанае ад Госпада праз прарока, які кажа:

вось Дзяўчына пры́йме ў нутро і народзіць Сына; і дадуць Яму імя Эмануіл, гэта значыць: з намі Бог (Ісая 7:1).
 
— «Вось Дзева прыйме ў улоньне й народзіць Сына, і наракуць Яму імя Эмануіл, гэта азначае — з намі Бог.» —

Устаўшы зо́-сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму Ангел Гасподні, і прыняў жонку сваю,
 
Устаўшы ад сну, Язэп учыніў так, як загадаў яму Ангел, і прыняў жану сваю.

і ня ве́даў яе́, ажно нарадзіла Сына свайго першароднага, і ён даў Яму імя: Ісус.
 
І ня сужыў з Ёю, ажно нарадзіла Сына свайго першароднага, і ён да Яму імя Ісус.