Мацьвея 28 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Калі прыйшла субота, у час сьвітаньня пе́ршага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдаліна і другая Марыя паглядзе́ць магілу.
Пасьля сыботы, на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена й іншая Марыя, паглядзець на гроб.
І вось ста́лася вялікае трасе́ньне зямлі; бо Ангел Гасподні, зыйшоўшы з неба, прыступіўшы, адваліў ка́мень ад дзьве́раў магілы і сядзе́ў на ім.
І вось пачалося вялікае землятрасеньне, бо Ангел Гасподні зыйшоў зь нябёс і, прыступіўшы, адваліў камень ад дзьвярэй гробу й сядзеў на ім.
Вы́гляд яго быў, як бліскавíца, і во́пратка яго бе́лая, як сьне́г.
А воблік яго сьвяціўся маланкаю, і вопратка ягоная белая, як сьнег.
І ад страху прад ім задрыжэлі вартаўнікі і зрабіліся як няжывыя.
І ад страху прад ім жахнулася варта й сталася як няжывая.
Ангел-жа, адка́зваючы жанчы́нам, сказаў: ня бойцеся; бо ве́даю, што вы шука́еце Ісуса расьпя́тага.
Ангел, зьвярнуўшыся да жанчын, прамовіў: «Ня бойцеся, ведаю, што шукаеце Ісуса ўкрыжаванага.
Яго няма́ тут: Ён уваскро́с, як і сказаў. Хадзе́це, паглядзе́це ме́сца, дзе́ ляжаў Госпад,
Яго няма тут: Ён уваскрос, як і сказаў. Хадзеце, паглядзеце месца, дзе ляжаў Госпад.
і пайдзе́це хутчэй, скажэце вучням Ягоным, што Ён ускро́с з мёртвых і вось апярэдзіць вас у Галіле́і; там Яго ўба́чыце. Вось я сказаў вам.
І пайдзеце хутчэй, скажэце вучням Яго, што Ён уваскрос зь мёртвых, і што апярэдзіць вас у Галілеі, там Яго ўбачыце; гэта апавяшчаю вам».
І, вы́йшаўшы бо́рзда з магілы, яны з страхам і ра́дасьцяй вялікай пабе́глі апавясьціць вучняў Яго.
І, выйшаўшы борзда з гробу, яны ў страху й радасьці вялікай пабеглі апавясьціць вучням Ягоным.
Калі-ж яны ішлі апавясьціць вучняў Яго, дык вось Ісус спаткаў іх і сказаў: радуйцеся! І яны, прыступіўшыся, абнялі ногі Яго і пакланіліся Яму.
Калі-ж яны йшлі апавяшчаць вучням Яго, вось Ісус сустрэў іх і прамовіў: «Радуйцеся!» Яны-ж, прыступіўшы, абнялі ногі Яго й пакланіліся Яму.
Тады кажа ім Ісус: ня бойцеся; ідзіце, апавясьціце братоў Маіх, каб ішлі ў Галіле́ю; і там яны ўбачаць Мяне́.
Тады кажа ім Ісус: «Ня бойцеся, ідзеце апавясьцеце братом Маім, каб ішлі ў Галілею; там яны ўбачаць Мяне».
Калі-ж яны ішлі, то некато́рыя з вартаўніко́ў, пайшоўшы ў ме́ста, абвясьцілі архірэям усё, што ста́лася.
Калі-ж яны адыйшлі, некаторыя з вартаўнікоў пабеглі ў места й абвясьцілі архісьвятаром усё, што сталася.
І тыя, сабраўшыся з старшынямі і зрабіўшы нара́ду, далі даволі грошай жаўне́рам
І тыя, сабраўшыся з народнымі старшынямі й адбыўшы нараду, далі воінам шмат грошай,
і сказалі: скажэце, што вучні Яго, прыйшоўшы ўначы, укралі Яго, калі мы спалі.
і намовілі іх: «Скажэце, што вучні Ягоныя прыйшлі ўначы і ўкралі Яго, калі мы паснулі.
І, калі чутка аб гэтым дойдзе да Начальніка, мы перакана́ем яго і вас учынім бясьпе́чнымі.
І калі правіцель даведаецца пра гэта, мы яго ўгаворым, і вас ад небясьпекі выбавім».
Яны, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучы́лі; і разышлося слова гэтае між Юдэямі да сёньняшняга дня.
Яны, узяўшы грошы, зрабілі так, як былі намоўленыя. І разьняслося слова гэтае між юдэямі аж па сёньнешні дзень.
А адзінаццаць ву́чняў пайшлі ў Галіле́ю на гару́, куды сказаў ім Ісус.
Адзінаццаць-жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды сказаў ім Ісус.
І, уба́чыўшы Яго, пакланіліся Яму; іншыя-ж сумлява́ліся.
І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; некаторыя-ж сумняваліся.
І, падыйшоўшы, Ісус прамовіў да іх: да́дзена Мне́ ўсякая ўлада на не́бе і на зямлі.
І, зблізіўшыся да іх, Ісус сказаў ім: «Дадзена Мне ўсякая ўлада ў небе й на зямлі.
Дык ідзе́це, навучайце ўсе́ народы, хры́сьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа,
Дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у Імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
навучаючы іх выпаўняць усё, што Я сказаў вам; і вось Я з вамі ў-ва ўсе́ дні да сканчэньня ве́ку. Амін.
І навучайце іх выпаўняць усё, што Я запавядаў вам; і вось Я з вамі праз усе дні да сканчэньня веку. Амін».