Біблія » Пераклады » Пераклад Міцкевіча (Прускага)

Мацьвея 28 Паводле Мацьвея 28 разьдзел

1 Пасьля сыботы, на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена й іншая Марыя, паглядзець на гроб.
2 І вось пачалося вялікае землятрасеньне, бо Ангел Гасподні зыйшоў зь нябёс і, прыступіўшы, адваліў камень ад дзьвярэй гробу й сядзеў на ім.
3 А воблік яго сьвяціўся маланкаю, і вопратка ягоная белая, як сьнег.
4 І ад страху прад ім жахнулася варта й сталася як няжывая.
5 Ангел, зьвярнуўшыся да жанчын, прамовіў: «Ня бойцеся, ведаю, што шукаеце Ісуса ўкрыжаванага.
6 Яго няма тут: Ён уваскрос, як і сказаў. Хадзеце, паглядзеце месца, дзе ляжаў Госпад.
7 І пайдзеце хутчэй, скажэце вучням Яго, што Ён уваскрос зь мёртвых, і што апярэдзіць вас у Галілеі, там Яго ўбачыце; гэта апавяшчаю вам».
8 І, выйшаўшы борзда з гробу, яны ў страху й радасьці вялікай пабеглі апавясьціць вучням Ягоным.
9 Калі-ж яны йшлі апавяшчаць вучням Яго, вось Ісус сустрэў іх і прамовіў: «Радуйцеся!» Яны-ж, прыступіўшы, абнялі ногі Яго й пакланіліся Яму.
10 Тады кажа ім Ісус: «Ня бойцеся, ідзеце апавясьцеце братом Маім, каб ішлі ў Галілею; там яны ўбачаць Мяне».
11 Калі-ж яны адыйшлі, некаторыя з вартаўнікоў пабеглі ў места й абвясьцілі архісьвятаром усё, што сталася.
12 І тыя, сабраўшыся з народнымі старшынямі й адбыўшы нараду, далі воінам шмат грошай,
13 і намовілі іх: «Скажэце, што вучні Ягоныя прыйшлі ўначы і ўкралі Яго, калі мы паснулі.
14 І калі правіцель даведаецца пра гэта, мы яго ўгаворым, і вас ад небясьпекі выбавім».
15 Яны, узяўшы грошы, зрабілі так, як былі намоўленыя. І разьняслося слова гэтае між юдэямі аж па сёньнешні дзень.
16 Адзінаццаць-жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды сказаў ім Ісус.
17 І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; некаторыя-ж сумняваліся.
18 І, зблізіўшыся да іх, Ісус сказаў ім: «Дадзена Мне ўсякая ўлада ў небе й на зямлі.
19 Дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у Імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
20 І навучайце іх выпаўняць усё, што Я запавядаў вам; і вось Я з вамі праз усе дні да сканчэньня веку. Амін».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Мацьвея Сьвятое Евангельле, 28 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.