Біблія » Пераклады » Пераклад Міцкевіча (Прускага)

Марка 1 Паводле Марка 1 разьдзел

1 Пачатак Евангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага.
2 Як напісана ў прарокаў: «Вось Я пасылаю ангела Майго прад абліччам Тваім, які выправіць шлях Твой прад Табою».
3 Голас зоўны ў пустыні: «Прыгатуйце шлях Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму».
4 Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні, і абвяшчаючы хрышчэньне пакаяньня дзеля адпушчэньня грахоў.
5 І прыходзілі да Яго з усёй краіны Юдэйскай, і жыхары Ерусаліму, і хрысьціліся ад яго ў рацэ Ярдане, спавядаючыся ў грахох сваіх.
6 Вопратка-ж Яна была зь вярблюжага воласу й скураны пояс на паясьніцы яго, а ежаю яго была саранча й дзікі мёд.
7 І прадвяшчаў, кажучы: «Ідзе за мною мацнейшы за мяне, Яму я недастойны, нахіліўшыся, разьвязаць рамень абутку Ягонага.
8 Я хрысьціў вас вадою, Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым.»
9 І сталася ў дні тыя, прыйшоў Ісус з Назарэту Галілейскага й хрысьціўся ад Яна ў Ярдане.
10 І ў момант, калі выходзіў з вады, убачыў Ян расхіняныя нябёсы й Духа ў выглядзе голуба, які зыходзіў на Яго.
11 І пачуў голас зь неба: «Ты Сын Мой улюбёны, ка Кім Маё Дабраволеньне».
12 І зараз-жа Дух павёў Яго ў пустыню.
13 І быў Ён там, у пустыні, сорак дзён, спакушаны праз шатана, і быў побач зьвяратаў, і ангелы слугавалі Яму.
14 Пасьля-ж таго, калі быў выданы Ян, прыйшоў Ісус у Галілею, абвяшчаючы Евангельле Ўладарства Божага.
15 І кажучы, што прыйшла поўня часу, і наблізілася Ўладарства Божае: пакайцеся й верце ў Евангельле.
16 Праходзячы-ж каля мора Галілейскага, убачыў Сымона й Андрэя, брата яго, якія закідалі сеткі ў мора, бо былі рыбаловамі.
17 І сказаў ім Ісус: «Ідзеце сьледам за Мною, і Я ўчыню вас, што станецеся лаўцамі людзей».
18 І яны зараз-жа, пакінуўшы сеткі свае, пайшлі за Ім.
19 І адыйшоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Завядэевага й Яна, брата яго, якія таксама ў чаўне папраўлялі сеткі свае.
20 І зараз-жа паклікаў іх, і яны, пакінуўшы ў чаўне бацьку свайго Завядэя з наймітамі, пайшлі за Ім.
21 І, прыходзяць у Капэрнаум, і незабавам у сыботу ўвайшоў Ён у сынагогу й навучаў.
22 І дзівіліся з навукі Ягонае, бо наўчаў іх, як поўнаўладны, а не як кніжнікі.
23 Быў у сынагозе іхняй чалавек, апанаваны духам нячыстым, які закрычаў,
24 кажучы: «Пакінь! Што Табе да нас, Ісус Назаранін? Прыйшоў Ты загубіць нас! Ведаю Цябе, Хто Ты ёсьць — Сьвяты Божы».
25 Але Ісус забараніў яму, сказаўшы: «Змоўкні й выйдзі зь яго».
26 Тады нячысты дух, скалануўшы яго й закрычаўушы моцным голасам, выйшаў зь яго.
27 I жахнуліся ўсе, і адзін у аднаго пыталіся, кажучы: «Што гэта такое? Што гэта за вучэньне новае, што й нячыстым духам загадвае ўладарна, і слухаюцца Яго».
28 I хутка разыйшлася пагалоска пра Яго па ўсіх аколіцах Галілейскіх.
29 Тады, зараз-жа, выйшауўшы із сынагогі, прыйшлі ў дом Сымона й Андрэя, разам зь Якубам і Янам.
30 Цешча-ж Сымонава ляжала ў гарачцы, і адразу-ж сказалі Яму пра яе.
31 I, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку; і ўраз зьнікла гарачка яе, і яна пачала прыслугоўваць ім.
32 Калі надыйшоў вечар, на захадзе сонца прынесьлі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных нячыстым.
33 Усё места зыйшлося каля дзьвярэй.
34 І Ён ацаліў многіх, якія цярпелі ад цяжкіх нядугаў, і павыганяў шмат злыдухаў і не дазваляў злыдухам гаварыць, што яны ведаюць Яго — Хрыста.
35 А нараніцы, устаўшы на сьвітаньні, выйшаў і аддаліўся ў пустыннае месца й там маліўся.
36 Сымон-жа й тыя, што былі зь Ім, пайшлі за Ім.
37 І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: «Усе шукаюць Цябе».
38 Ён-жа сказаў ім: «Пойдзем у бліжэйшыя вёскі й месты, каб там Мне навучаць, бо дзеля гэтага Я прыйшоу».
39 I навучаў у сынагогах іхных усюды па ўсёй Галілеі й выганяў таксама злыдухаў.
40 Прыходзіць да Яго запракáжаны і, молячы й пáдаючы прад Ім на калены, кажа Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».
41 Ісус, зьлітаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго й сказаў яму: «Хачу, станься чыстым».
42 I, як толькі гэта сказаў, праказа ўраз зыйшла й стаў чыстым.
43 I, прыгразіўшы яму, зараз-жа адправіў яго.
44 I сказаў яму: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але пайдзі, пакажыся ярэю й ахвяруй за ачышчэньне тваё, як загадаў Майсей, у сьведчаньне ім».
45 А ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і разгалошваць усюды; дзеля гэтага Ісус, каб не выяўляцца, ня йшоў ужо ў места, але трымаўся вонках, у месцах пустынных; і прыходзілі да Яго адусюль.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Марка Сьвятое Евангельле, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.