1 I прыплылі на другі бок мора ў краіну Гадарынскую.
2 I, як толькі Ён выйшаў з чаўна, адразу-ж сустрэў Яго чалавек, выбегшы з магільніку. Ён апанаваны быў духам нечысьці.
3 Меў ён прыстанішча ў магілах, і ніхто ня мог яго зьвязаць, нават ланцугамі.
4 Бо няраз скоўвалі яго кайданамі й ланцугамі, але ён разрываў ланцугі й разьбіваў кайданы, і ніхто ня мог уціхамірыць яго.
5 Заўсёды, і дзень і ноч ён быў між магілаў і ў горах, хаваючыся й б'ючыся аб каменьне.
6 Убачыўшы Ісуса здалёк, ён прыбег і пакланіўся Яму.
7 І, закрычаўшы моцным голасам, прамовіў: «Што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога Найвышэйшага!? Заклікаю Цябе Богам, ня муч мяне».
8 Бо Iсус сказаў яму: «Выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалавека».
9 I спытаў у яго: «Як тваё імя?» Ён-жа сказаў у адказ: «Імя маё легіён, бо нас многа».
10 I вельмі прасіў Яго, каб ня высылаў іх вонкі з краіны тэй.
11 Пасьвіўся-ж там пры гары вялікі гурт сьвіней.
12 I прасілі Яго ўсе злыдухі, кажучы: «Пашлі нас да сьвіней, каб мы маглі ўвайсьці ў іх».
13 Ісус ураз-жа дазволіў ім, і, выйшаўшы, злыдухі ўвайшлі ў сьвіньні, і памкнуў увесь гурт з кручы ў мора, а было-ж іх да дзьвёх тысячаў, і патапіліся ў моры.
14 Пастухі-ж сьвіней пабеглі й расказалі ў месьце й вёсках, а тады выйшлі жыхары паглядзець, што сталася
15 Прыходзяць да Iсуса й бачаць, што апанаваны злыдухамі, у якім быў легіён, сядзіць адзеты й пры добрым розуме, і спалохаліся.
16 Тыя-ж, якія бачылі ўсё, расказалі ім, што сталася з апанаваным і пра сьвіней.
17 Тады жыхары пачалі прасіць Ісуса, каб адыйшоў зь іхняй ваколіцы.
18 Калі-ж Ісус увайшоў у човен, папрасіў Яго вызвалены ад злыдухаў, каб быць зь Ім.
19 Але Ісус не дазволіў і сказаў яму: «Ідзі ў дом твой да сваіх і раскажы ім, што учыніў табе Госпад і як памілаваў цябе».
20 I ён пайшоў і пачаў абвяшчаць у Дзесяціградзьдзі, што ўчыніў зь ім Ісус, і ўсе дзівіліся.
21 Калі Iсус прыбыў у чаўне ізноў на той бок, зыйшлося да Яго многа народу, і быў Ён пры моры.
22 I вось прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, на ймя Ёсір, і ўгледзеўшы Яго, прыпадае да ног Ягоных.
23 I горача просіць Яго, кажучы: «Дачка мая пры сьмерці, прыйдзі, узлажы на яе рукі, каб яна ачуняла й жыла».
24 І Ісус пайшоў зь ім. I ў сьлед за Ім ішло шмат народу, і сьціскалі Яго.
25 Адна жанчына, якая цярпела ад крывяцечы дванаццаць гадоў,
26 шмат страціла на розных дактароў, раздаўшы ўсё, што мела, і не знайшла палёгкі, але яшчэ больш заняпала.
27 Дачуўшыся пра Ісуса, падыйшла ззаду між людзей і дакранулася да вопраткі Ягонае.
28 Бо казала: «Калі хоць да вопраткі Ягонае дакрануся, буду збавёна».
29 I ўраз запынілася ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе сваім, што выбавілася ад нядугі.
30 У той-жа час Ісус, адчуўшы Сам у Сабе, што зыйшла ад Яго сіла, абярнуўся да людзей і сказаў: «Хто дакрануўся да вопраткі Мае?»
31 Вучні-ж Ягоныя сказалі Яму: «Бачыш як народ цісьнецца да Цябе, і Ты пытаеш — хто дакрануўся да Мяне?»
32 Але Ён узіраўся навокал, каб убачыць тую, якая ўчыніла гэта.
33 Жанчына ў страху й трывозе, ведаючы, што зь ёю сталася, падыйшла й пала прад Ім, і сказала Яму ўсю праўду.
34 Ён-жа сказаў ей: «Дачка! Вера твая спасла цябе, ідзі ў супакоі й будзь ацаленая ад нядугі твае».
35 Калі Ён яшчэ гаварыў прыходзяць ад начальніка сынагогі й кажуць: «Дачка твая памерла, навошта яшчэ турбуеш Настаўніка?»
36 Але Ісус, пачуўшы гэтыя словы, сказаў начальніку сынагогі: «Ня бойся, толькі вер».
37 I не дазволіў нікому ісьці за Сабою, апрача Пятра, Якуба й Яна — брата Якубавага.
38 I прыходзіць да дому начальніка сынагогі, і бачыць трывогу, плач і лямэнт вялікі.
39 I, увайшоўшы, гаворыць ім: «Чаго хвалюецеся й плачаце? Дзяўчынка не памерла, яна сьпіць».
40 I зьдзекліва адзываліся пра Яго, але Ён, адправіўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку й маці дзяўчынкі й тых, якія прыйшлі зь Ім, і уваходзіць туды, дзе дзяўчынка ляжала.
41 I, узяўшы дзяўчынку за руку, сказаў ёй: «Талíфа кýмі» — гэта значыць, дзяўчынка, кажу табе, устань.
42 I дзяўчынка ўраз устала й пачала хадзіць; было ёй гадоў дванаццаць, і жахнуліся ўсе ад вялікага дзіва.
43 Ён-жа станоўча заказаў, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў: «Дайце ёй есьці».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Марка Сьвятое Евангельле, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
