1 I калі Ён выходзіў з храму, адзін з вучняў Яго кажа Яму: «Вучыцель! Глядзі якія камяніцы й якія будынкі».
2 Ісус у адказ сказаў яму: «Ці бачыш гэтыя велічныя будынкі? Не застанецца тут каменя на камені, якія-б ня былі разбураны».
3 I калі Ён сядзеў на гары Аліўнай, насупраць храму, пыталіся ў Яго на самоце Пётра й Якуб і Ян і Андрэй:
4 «Скажы нам, калі гэта будзе, і якая азнака таго, калі гэта ўсё павінна стацца»?
5 Ісус у адказ ім пачаў гаварыць: «Сьцеражэцеся, каб хто не спакусіў вас.
6 Бо шматлікія прыйдуць пад імём Маім, і будуць гаварыць, што гэта Я, і многіх зьвядуць.
7 Калі-ж пачуеце пра войны ці разгалосы пра войны, ня бойцеся, — належыць гэтаму быць, але гэта яшчэ не канец.
8 Бо паўстане народ на народ і дзяржава на дзяржаву, і будуць землятрусы мясцамі й галадоўлі й закалоты, — гэта пачатак злыбедаў».
9 «Высьцерагайцеся-ж вы самі, бо выдаваць будуць вас у судзілішчы, і будзеце бітыя ў сынагогах, ды пастаўлены будзеце прад правіцелямі і ўладарамі за Мяне, на сьветчаньне ім.
10 І ўсім народам перад гэтым мае быць абвешчана Евангельле.
11 Калі-ж павядуць вас, выдаючы, ня турбуйцеся загадзя, што вам гаварыць, і не разважайце, але, што вам будзе дадзена у той час, тое гаварэце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты.
12 І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзіця, і паўстануць дзеці на бацькоў сваіх і забіваць іх будуць.
13 І будуць ненавідзець вас усе за Імя Маё; хто-ж выцерпіць да канца, збавёны будзе.
14 Калі-ж пабачыце агіду спусташэньня, пра якую казаў прарок Даніель, паўсталую дзе не павінна быць — хто чытае, няхай разумее — тады, хто ў Юдэі, няхай бягуць у горы.
15 А хто на страсе, няхай ня злазіць у дом, і не ўваходзіць узяць чаго-небудзь з дому свайго.
16 А хто на полі, няхай не варачаецца ўзяць вопратку сваю.
17 Гора цяжарным і карміцелькам немаўлят у тыя дні.
18 Малецеся-ж, каб не давялося ўцякаць вам узімку.
19 Бо ў дні тыя будзе такая бяда, якой ня было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе.
20 Калі-б Госпад не скараціў дзён тых, не ўхавалася-б ніводнае цела, але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скараціў дні тыя.
21 Тады, калі хто вам скажа: вось тут Хрыстос, — ці — вось там, — ня верце.
22 Бо паўстануць ілжывыя Хрысты ды ілжывыя прарокі, ды пакажуць знаменьні й цуды, каб зьвясьці, калі змога, нават і выбраных.
23 Вы-ж сьцеражэцеся; вось Я наперад сказаў вам усё».
24 Але ў тыя дні, пасьля скрухі тэй, сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго.
25 I зоры будуць падаць зь неба, і сілы нябесныя зрушацца.
26 I тады ўбачаць Сына Чалавечага ідучага на хмарах, зь сілаю вялікаю й славаю.
27 I тады пашле ангелаў Сваіх і зьбярэ выбраных Сваіх, ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
28 Ад смакоўніцы вазьмеце прыклад: калі галінкі яе мякчэюць, і распускаецца лісьце, ведайце, што набліжаецца лета.
29 Гэтак і вы: калі ўбачыце, што ўсё гэта збываецца, ведайце, што блізка ўжо, пры дзьвярох.
30 Запраўды, кажу вам: не праміне род гэты, калі ўсё гэта станецца.
31 Неба й зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
32 Дня-ж таго, ані часу, ніхто ня ведае: ані анёлы ў небе, ані Сын, а толькі Айцец.
33 Глядзеце-ж, чувайце й малецеся, бо ня ведаеце, калі настане час.
34 Падобна, як чалавек, пакідаючы дом свой перад падарожжам, даверыў слугам сваім кажнаму ягоную работу й загадаў вартаўніку пры браме быць чуйным.
35 Дык чувайце й вы, бо ня ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому, — ці ўвечары, ці апоўначы, ці пры сьпеве пеўняў, ці нараніцы.
36 Каб, прыйшоўшы нечакана, не застаў вас заспанымі.
37 А што кажу вам, — усім кажу: чувайце.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Марка Сьвятое Евангельле, 13 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
